Выслоўяў Саламонавых 12 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Хто любіць настаўленьне, той любіць веды; а хто ненавідзіць засьцярогі, той невук.
 
Хто любіць павучэньне, той любіць веду, а хто ненавідзіць абвінавачаньне, той дурны.

Добры здабывае ласку ў Госпада; а чалавека падступнага Ён асудзіць.
 
Добры атрымае ласку ад Госпада, а хітрага чалавека Ён асудзіць.

Ня сьцьвердзіць сябе чалавек беззаконьнем; а корань праведнікаў непахісны.
 
Ня ўзмоцніцца чалавек з бязпраў’я, але корань справядлівых не парухаецца.

Дабрачынная жонка — вянок мужу свайму; а ганебная — як гнілізна ў касьцях у яго.
 
Добрая жонка — карона свайго мужа, а заганная, як гніль у ягоных касьцёх.

Помыслы праведных — праўда, а намыслы бязбожных — падступнасьць.
 
Думкі справядлівых праўдзівыя, а намеры бязбожных здрадлівыя.

Словы бязбожных — засада на кроў, а вусны праведных ратуюць іх.
 
Словы бязбожных імкнуцца да праліцьця крыві, а вусны справядлівых збаўляюць іх.

Як кранецца бязбожных няшчасьце — і няма іх, а дом праведных стаіць.
 
Дакранецца бязбожных бяда і няма іх, а дом справядлівых трывае.

Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе.
 
Хваляць чалавека паводле розуму яго, а ў каго хітрае сэрца, той будзе ў пагардзе.

Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба.
 
Лепшы просты чалавек, які мае слугу, чым той, што хваліцца славаю, а якому не хапае хлеба.

Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае.
 
Справядлівы дбае і жыцьцё свайго быдла, а сэрца бязбожных жорсткае.

Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны.
 
Хто абрабляе сваю зямлю, той бывае насычаны хлебам, а хто ўпадабняецца гультаю, той дурны.

Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.
 
Бязбожны хоча злавіць сеткаю благога, а корань справядлівага цьвярды.

Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.
 
Бязбожны ловіцца грахамі сваіх вуснаў, але справядлівы выйдзе з бяды.

Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку — паводле дзеяў рук ягоных.
 
З плоду сваіх вуснаў чалавек насычаецца дабром, а ўзнагароду за ўчынк ягоных рук дасьць яму Бог.

Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры.
 
Шлях дурнога здаецца яму простым, а мудры той, хто слухае радаў.

У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу.
 
Гнеў дурнога выяўляецца на вонкі, а мудры хавае абразу.

Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага — ашуканства.
 
Хто гаворыць тое, што знае, той гаворыць праўду, а фалшывы сьветка ашуківае.

Сёй-той пустаслоў б’е як мечам, а язык мудрых — ацаляе.
 
Бываюць такія, што іхныя словы разяць, як мячом, але язык мудрых лечыць.

Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык — хвіліну.
 
Вусны, што гавораць праўду, трываюць вечна, а манлівы язык толькі на хвіліну.

Хітрына — у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць — у міратворцаў.
 
Здрада ў сэрцы тых, што думаюць блага, радасьць у тых, што дараджаюць мір.

Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом.
 
Справядлівага не спаткае ніякае няшчасьце, бязбожныя-ж будуць поўныя злосьці.

Агіда Госпаду — вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму.
 
Манлівыя вусны агідныя Госпаду, але падабаюцца гаворачыя праўду.

Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць.
 
Асьцярожны чалавек хавае веду, але сэрца дурных выказывае дурноту.

Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе.
 
Будзе панаваць рука працавітых, а лянівая будзе плаціць даніну.

Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго.
 
Сум на сэрцы чалавека ўціскае яго, а добрае слова развесяляе яго.

Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу.
 
Справядлівы паказывае шлях свайму бліжняму, а шлях бязбожных зводзіць іх.

Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак.
 
Хітры не сьпячэ таго, што злавіў, а пільны чалавек здабудзе багатую маемасьць.

На дарозе праўды — жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці.
 
На шляху справядлівасьці жыцьцё і на ейнай сьцежцы няма сьмерці.