Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Прыказкі 12 Прыказкі Салямона 12 разьдзел

1 Хто любіць павучэньне, той любіць веду, а хто ненавідзіць абвінавачаньне, той дурны.
2 Добры атрымае ласку ад Госпада, а хітрага чалавека Ён асудзіць.
3 Ня ўзмоцніцца чалавек з бязпраў’я, але корань справядлівых не парухаецца.
4 Добрая жонка — карона свайго мужа, а заганная, як гніль у ягоных касьцёх.
5 Думкі справядлівых праўдзівыя, а намеры бязбожных здрадлівыя.
6 Словы бязбожных імкнуцца да праліцьця крыві, а вусны справядлівых збаўляюць іх.
7 Дакранецца бязбожных бяда і няма іх, а дом справядлівых трывае.
8 Хваляць чалавека паводле розуму яго, а ў каго хітрае сэрца, той будзе ў пагардзе.
9 Лепшы просты чалавек, які мае слугу, чым той, што хваліцца славаю, а якому не хапае хлеба.
10 Справядлівы дбае і жыцьцё свайго быдла, а сэрца бязбожных жорсткае.
11 Хто абрабляе сваю зямлю, той бывае насычаны хлебам, а хто ўпадабняецца гультаю, той дурны.
12 Бязбожны хоча злавіць сеткаю благога, а корань справядлівага цьвярды.
13 Бязбожны ловіцца грахамі сваіх вуснаў, але справядлівы выйдзе з бяды.
14 З плоду сваіх вуснаў чалавек насычаецца дабром, а ўзнагароду за ўчынк ягоных рук дасьць яму Бог.
15 Шлях дурнога здаецца яму простым, а мудры той, хто слухае радаў.
16 Гнеў дурнога выяўляецца на вонкі, а мудры хавае абразу.
17 Хто гаворыць тое, што знае, той гаворыць праўду, а фалшывы сьветка ашуківае.
18 Бываюць такія, што іхныя словы разяць, як мячом, але язык мудрых лечыць.
19 Вусны, што гавораць праўду, трываюць вечна, а манлівы язык толькі на хвіліну.
20 Здрада ў сэрцы тых, што думаюць блага, радасьць у тых, што дараджаюць мір.
21 Справядлівага не спаткае ніякае няшчасьце, бязбожныя-ж будуць поўныя злосьці.
22 Манлівыя вусны агідныя Госпаду, але падабаюцца гаворачыя праўду.
23 Асьцярожны чалавек хавае веду, але сэрца дурных выказывае дурноту.
24 Будзе панаваць рука працавітых, а лянівая будзе плаціць даніну.
25 Сум на сэрцы чалавека ўціскае яго, а добрае слова развесяляе яго.
26 Справядлівы паказывае шлях свайму бліжняму, а шлях бязбожных зводзіць іх.
27 Хітры не сьпячэ таго, што злавіў, а пільны чалавек здабудзе багатую маемасьць.
28 На шляху справядлівасьці жыцьцё і на ейнай сьцежцы няма сьмерці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Прыказкі Салямона, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.