Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Прыказкі 6 Прыказкі Салямона 6 разьдзел

1 Сын мой, калі ты паручыўся за бліжняга твайго і даў руку тваю за другога,
2 дык ты апутаў сябе словамі тваіх вуснаў, злоўлены словамі вуснаў тваіх.
3 Зрабі дзеля гэтага так, сын мой і збаў сябе, бо ты трапіў у рукі бліжняга твайго: пайдзі, кінься да ног і малі бліжняга твайго;
4 не давай сна вачом тваім і дрэмкі тваім павекам;
5 вырвіся, як лань з рукі паляўнічага і як птушка з рук птушніка.
6 Ідзі, гультай, да мурашкі, прыгледзься яе шляхом і будзь мудрым,
7 якая хаця ня мае правадыра, ані начальніка, ані валадара,
8 аднак летам прыгатаўляе хлеб свой і зьбірае ў часе жніва пожыў свой.
9 Гультай, дакуль-жа ты будзеш спаць, калі-ж устанеш з твайго сна?
10 Трохі пасьпіш, трохі падрэмлеш, трохі паляжыш адпачываючы злажыўшы рукі
11 і прыйдзе, як прахожы, беднасьць твая і нястатак твой, як разбойнік.
12 Чалавек бязбожны, чалавек няшчыры, ходзяць з манлівымі вуснамі;
13 міргае сваімі вачыма, гаворыць сваімі нагамі, робіць знакі сваімі пальцамі;
14 крывадушнасьць у ягоным сэрцы, ён мае благія думкі, у кожным часе сеячы нязгоду.
15 Затое раптоўна прыйдзе ягоная загуба; ён будзе разьбіты бяз вылячэньня.
16 Ёсьць шэсьць рэчаў, якія ненавідзіць Гаспод, а сёмая агідная Ягонай душы:
17 гордыя вочы, манлівы язык і рукі, што праліваюц нявінную кроў,
18 сэрца, што мае благія намеры, ногі, што сьпяшаюцца да благога,
19 фалшывы сьветка, што маніць і той, што сее нязгоду паміж братамі.
20 Сын мой, заховывай запавет твайго бацькі і не адхіляй павучэньняў тваёй маці;
21 прывяжы іх назаўсёды да твайго сэрца, абвяжы імі тваю шыю.
22 Куды-б ты не пайшоў, яны будуць весьці цябе; калі засьнеш, будуць аховываць цябе; калі прачнешся, будуць размаўляць з табою:
23 бо запавет зьяўляецца сьветачам, а павучэньне сьветам, а павучальныя павучэньні — шляхом да жыцьця,
24 каб сьцерагчы цябе ад нягоднай жанчыны і ад пахлебнага жаночага языка.
25 Не пакідай яе прыгажосьці ў тваім сэрцы і няхай не прыцягівае цябе сваімі павекамі,
26 бо для блуднай жанчыны зьбяднее чалавек да кавалка хлеба, а чужаложная жонка ловіць дарагую душу.
27 Ці-ж можа хто небудзь узяць сабе ў заўлоньне вагонь, каб не згарэла ягоная вопратка?
28 Ці-ж можа хто небудзь хадзіць па распаленых вуглёх і не папаліць сваіх ногаў?
29 Тое самае бывае з тым, хто ўваходзіць да жонкі бліжняга свайго; хто даткнецца да яе не застанецца без віны.
30 Даровываюць злодзею, калі ён нешта ўкрадзе, каб насыціць сваю душу, калі ён галодны,
31 але, калі яго зловяць, ён заплаціць усемера, аддасьць усю маемасьць свайго дому.
32 Хто чужаложыць з жанчынаю, той дурны; губіць сваю душу, хто робіць гэтак;
33 кару і ганьбу знойдзе ён і ганьба ягоная не загіне,
34 бо зайздроснае каханьне — ярасьць мужа і не зьлітуецца ён у дзень помсты,
35 ня прыйме ніякага выкупу і не здаволіцца, хаця-б ты даваў найбольш дароў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Прыказкі Салямона, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.