1 Фалшывая вага агідная Госпаду, а правільныя адважнікі падабаюцца Яму.
2 За гордасьцяй прыходзіць ганьба, а з пакорнымі ёсьць мудрасьць.
3 Шчырасьць бяззаганных вядзе іх, а хітрасьць злачынцаў згубіць іх.
4 Не паможа ў дзень гневу багацьце, але справядлівасьць збаўляе ад сьмерці.
5 Справядлівасьць бяззаганнага раўнуе яму дарогу, а бязбожны згіне ад сваёй бязбожнасьці.
6 Справядлівасьць шчырых збавіць іх, а хітрых ловіць іх злосьць.
7 Калі памірае бязбожны чалавек, гіне ягоная надзея, а чаканьне бяззаконных гіне.
8 Справядлівы выбаўляецца з бяды, а замест яго трапляе бязбожны.
9 Аблуднік вуснамі губіць свайго бліжняга, а справядлівы збаўляецца прадбачлівасьцяй.
10 Са шчасьця справядлівых цешыцца места, а калі гінуць бязбожныя, бывае радасьць.
11 Багаслаўленьнем справядлівым уздымаецца места, а разбураецца вуснамі бязбожных.
12 Дурны пагарджае бліжнім сваім, а разумны чалавек маўчыць.
13 Хто абыходзячы абмаўляе, той адкрывае тайніцу, але чалавек вернага сэрца трымае ў тайніцы давераную справу.
14 Калі не стае дастатковае рады, народ занепадае, а дзе шмат райцаў, там дабрабыт.
15 Сам сабе шкодзіць той, хто паручаецца за чужога, а хто высьцерагаецца парукаў, той бязпечны.
16 Чэсная жанчына набывае славу, а хто любіць працу набывае багацьце.
17 Міласэрны чалавек добра робіць сваёй душы, а жорсткі нішчыць сваё цела.
18 Бязбожны робіць памылковую справу, а хто сее праўду, мае пэўную ўзнагароду.
19 Як справядлівасьць ёсьць да жыцьця, так той, хто імкнецца да благога, ёсьць да сьмерці.
20 Агідныя Госпаду хітрыя сэрцам, а падабаюцца яму беззаганныя.
21 Злосьнік, хаця возьме на дапамогу іншых, не застанецца бяз кары, а насеньне справядлівых захаваецца.
22 Жанчына прыгожая і дурная ёсьць як сьвіньня з пярсьцёнкам у носе.
23 Пажаданьне справядлівых заўсёды да добрага, але чаканьне бязбожных — гнеў.
24 Не адзін шчодры дае і яму яшчэ прыбывае, а іншы скупы больш чым трэба і аднак бяднее.
25 Шчодры чалавек бывае багацейшы і хто насычывае, будзе і сам насычаны.
26 Хто затрымлівае ў сябе збожжа, таго кляне народ, але багаславенства на галаве прадаючага.
27 Хто імкнецца да дабра, набывае ласку, а хто імкнецца да благога, да таго яно прыходзіць.
28 Хто палягае на сваім багацьці, той упадзе, а справядлівыя будуць зелянець, як парасткі.
29 Хто робіць непарадак у сваім доме, атрымлівае ў спадчыне вецер, а дурны мусіць служыць мудраму.
30 Плод справядлівых — дрэва жыцьця і мудры прыцягівае душы.
31 Калі справядліваму прыходзіць узнагарода на зямлі, дык пагатове бязбожнаму і грэшніку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Прыказкі Салямона, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
