Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Прыказкі 8 Прыказкі Салямона 8 разьдзел

1 Ці-ж ня мудрасьць кліча і ці ня розум узвышае свой голас?
2 Яна становіцца на высокіх месцах пры дарозе і на раздарожжы;
3 яна кліча каля брамаў пры ўваходзе ў горад, пры ўваходзе ў дзьверы.
4 Да вас клічу я людзі і да сыноў чалавечых мой голас.
5 Навучыцеся неразумныя развагі, а дурныя розуму.
6 Слухайце, бо буду гаварыць аб вялікіх рэчах і адчыненьне вуснаў маіх — праўда,
7 бо праўду гаворыць мой язык і бязбожнасьць агідная маім вуснам;
8 усе словы маіх вуснаў справядлівыя; няма ў іх няпраўды і хітрасьці.
9 Усе яны ясныя разумнаму і справядлівыя для набываючых веду.
10 Прымеце маю навуку, а не серабро; лепш веда, чым адборнае золата,
11 бо мудрасьць лепшая ад пэрлаў і нішто з пажаданага не зраўняецца з ёю.
12 Я, мудрасьць, жыву з розумам і шукаю разумнай веды.
13 Страх Госпада гэта ненавісьць да благога; я ненавіджу гордасьць, высокадумнасьць, благі шлях і хітрыя вусны.
14 У мяне рада і праўдзівая мудрасьць; я розум — у мяне сіла.
15 Праз мяне пануюць каралі і валадары ўзаканяюць праўду;
16 праз мяне пануюць валадары і магнаты і ўсе судзьдзі зямлі.
17 Любячых мяне я люблю і шукаючыя мяне знойдуць мяне;
18 у мяне багацьце і слава, трывалая маемасьць і праўда;
19 плады мае лепшыя за золата, за найлепшае золата, і карысьці ад мяне больш, чым ад адборнага серабра.
20 Я хаджу па шляху праўды, па сьцежках суду,
21 каб тым, што любяць мяне, дала ў спадчыне вечную маемасьць і напаўняю іх скарбніцы.
22 Гаспод меў мяне на пачатку Свайго шляху, раней усіх часоў;
23 ад веку я памазаная, ад пачатку, раней існаваньня зямлі.
24 Я радзілася раней, чым былі ўстаноўленыя пропасьці, калі ня было яшчэ крыніцаў з вадою.
25 Я радзілася раней, чым былі створаныя горы, раней узгоркаў;
26 калі Ён не стварыў яшчэ ні зямлі, ні палёў, ні пачаткаў земскага пылу.
27 Калі Ён прыгатаўляў нябёсы я была там; калі Ён разьмерываў кола на твары бяздоньня;
28 калі ўмацаваў на гары хмары, калі ўмацаваў крыніцы бяздоньня;
29 калі даваў мору ягоныя граніцы і водам, каб не пераступалі ягоных загадаў, калі ўстанаўляў падставы зямлі,
30 тады я была пры Ім мастаком і была радасьцяй Яго, вяселячыся перад Ягоным абліччам увесь час,
31 радуючыся на зямным кругу Яго і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.
32 Дык слухайце мяне цяпер сыны, бо шчасьлівыя тыя, якія заховываюць шляхі мае.
33 Паслухайце павучэньня і будзьце мудрымі і не адступайце.
34 Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, які ня сьпіць кожны дзень каля брамаў маіх і стоячы на варце ў маіх дзьвярэй,
35 бо хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё і атрымае ласку ад Госпада,
36 але хто грэшыць супроць мяне, робіць шкоду сваёй душы: усе, што мяне ненавідзяць — любяць сьмерць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Прыказкі Салямона, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.