1 Слухайце сыны павучэньня бацькі і пільнуйце, каб навучыцца розуму,
2 бо даю вам добрую навуку: не пакідайце майго запавету.
3 Калі я быў малодзенькім сынам у майго бацькі і адзіным у маёй маці,
4 ён вучыў мяне, гаворачы мне: — няхай захавае сэрца тваё словы мае, пільнуй мае запаветы і будзеш жыць.
5 Набывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і не ухіляйся ад словаў маіх вуснаў.
6 Не пакідай яе і яна будзе сьцерагчы цябе і яна будзе аховываць цябе.
7 Пачаткам усяго зьяўляецца мудрасьць: набывай мудрасьць і усёю маемасьцяй тваёй набывай розум.
8 Цані яе высока і яна узвысіць цябе; уславіць цябе, калі ты прыймеш яе;
9 Дадасьць галаве тваёй упрыгажэньня, вянцом упрыгажэньня абдорыць цябе.
10 Слухай, мой сын, прыймі словы мае і памножацца годы твайго жыцьця.
11 Навучаю цябе шляхоў мудрасьці, вяду цябе па простых сьцежках,
12 калі пойдзеш імі ня будзе сьцесьненай твая хада, а калі пабяжыш не паткнешся.
13 Прыймі павучэньне, не пакідай яго і сьцеражы, бо яно тваім жыцьцём.
14 Не уваходзь на сьцежку бязбожных і не хадзі шляхом благіх;
15 пакінь яго, не хадзі па ім; ухіліся ад яго і прайдзі міма,
16 бо яны не заснуць, калі ня зробяць благога і не супакояца, пакуль не прывядуць каго да упадку,
17 бо яны ядуць хлеб бязбожнасьці і п’юць віно грабежа.
18 Сьцежкі-ж справядлівых, як ясны сьвет, які чым далей тым больш сьвеціць да поўнага сьвету,
19 шляхі-ж бязбожных, як цемра; яны ня ведаюць, аб што паткнуцца.
20 Сын мой, уважай на мае словы і схілі вуха да мовы маёй.
21 Няхай яны не адыходзяць ад вачоў тваіх, захавай іх у сярэдзіне твайго сэрца,
22 бо яны жыцьцё для таго, хто знайшоў іх і лек для цела.
23 Больш усяго, што сьцерагуць людзі, сьцеражы тваё сэрца, бо з яго крыніцы жыцьця.
24 Адкінь ад сябе манлівасьць вуснаў і аддалі ад сябе злосны язык.
25 Вочы твае няхай глядзяць на добрыя рэчы, а павекі твае няхай будуць скіраваныя наперад.
26 Абдумай сьцежкі для тваёй нагі і усе шляхі твае будуц пэўныя.
27 Не адхіляйся ані направа, ані налева; адвярні нагу тваю ад благога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Прыказкі Салямона, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
