Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Прыказкі 14 Прыказкі Салямона 14 разьдзел

1 Мудрая жонка наладзіць свой дом, а дурныя разбурыць яго сваймі рукамі:
2 Той, хто ідзе простым шляхам баіцца Госпада, але той, чые шляхі крывавыя ня дбае аб Яго.
3 У вуснах дурнога знаходзіцца розга гордасьці, вусны-ж мудрых аховываюць іх.
4 Дзе няма валоў, ясьлі пустыя, але сіла валоў павялічываецца ад многасьці збожжа.
5 Праўдзівы сьветка ня маніць, а фалшывы сьветка нагаворыць шмат маны.
6 Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць, а для разумнага веда лёгкая.
7 Адыдзі прэч ад дурнога чалавека, бо ў яго ня знойдзеш разумных вуснаў.
8 Мудрасьць разумнага — разуменьне свайго шляху, дурнота-ж дурнога — заблуд.
9 Дурныя сьмяюцца з граху, а сярод справядлівых жыве прыязьнь.
10 Сэрца ведае гора сваёй душы і ў ягоную радасьць не ўмяшаецца чужы.
11 Дом бязбожных зьнішчыцца, а жыльлё справядлівых зацьвіце.
12 Бываюць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх гэта шлях да сьмерці.
13 І ў сьмеху бывае баліць сэрца, а канцом вясельля бывае сум.
14 Чалавек з сапсутым сэрцам насыціцца ад шляхоў сваіх, але добры чалавек высьцерагаецца яго.
15 Дурны верыць у кожнае слова, а разумны ўважны да сваіх шляхоў.
16 Мудры баіцца і адступае ад благога, а дурны — сьмелы і даходзіць.
17 Парыўчы чалавек можа зрабіць глупства, але чалавек, што ўмысна робіць благое — ненавісны.
18 Дурныя спадчынна маюць дурноту, а асьцярожныя карануюцца ведаю.
19 Благія паклоняцца добрым, а бязбожныя стаяць пад дзьвярыма справядлівых.
20 Беднага ня любяць нават ягоныя бліжнія, але шмат ёсьць такіх, што любяць багатых.
21 Хто пагарджае бліжнім сваім, той грашыць, а хто міласэрны да бедных, той шчасьлівы.
22 Ці-ж ня блудзяць тыя, што маюць благія намеры? Але міласэрдзьдзе і праўда ў тых, што выдумляюць добрае.
23 Ад кожнай працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі страта.
24 Багацьце мудрых — іхняя карона, а дурнота дурных застаецца дурны.
25 Праўдзівы сьветка збаўляе душы, але фалшывы нагаворыць шмат маны.
26 Страх перад Госпадам — моцная надзея і сынам Сваім Ён уцечка.
27 Страх Госпада — крыніцаю жыцьця, якая аддаляе сеткі сьмерці.
28 У мностве народу — веліч караля, а ў малой колькасьці людзей — бяда валадару.
29 Цярплівы чалавек мае шмат розуму, а парыўчы выказывае дурноту.
30 Добрае сэрца жыцьцём для цела, а зайздрасьць — гніль для касьцёў.
31 Хто прыгнятае беднага, той пагарджае ягоным Стварыцелям, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.
32 За сваю злосьць бязбожны будзе выгнаны, а справядлівы мае надзею і пры сваёй сьмерці.
33 Мудрасьць знаходзіцца ў сэрцы мудрага, але зараз відаць, што ў сэрцы дурнога.
34 Справядлівасьць узвышае народ, а грэх — ганьбаю народаў.
35 Кароль бывае ласкавы да разумнага слугі, але гневаецца на таго, хто прыносіць яму сорам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Прыказкі Салямона, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.