1 Гэта словы Агура, сына Якея, і збор выкзааў гэтага-ж мужа да Ітыеля, Ітыеля і Укала:
2 запраўды я дурнейшы за іншых і няма у мне чалавечага розуму,
3 і не навучыўся я мудрасьці і ня маю веды сьвятых.
4 Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у далоні? Хто зьвязаў веду ў вопратку? Хто паставіў усе граніцы зямлі? Якое ягонае імя і якое імя ягонага сына? Ці ведаеш?
5 Кожнае слова Бога — чыстае, Ён — шчыт для тых, хто Яму верыць.
6 Не дадавай да Ягоных словаў, каб Ён не абвінавачыў цябе і ты не аказаўся манюкай.
7 Двох рэчаў прашу я ад цябе, не адмоў мне раней, чым я памру.
8 Аддалі ад мяне дарэмнасьць і ману; не давай мне беднасьці і багацьця; сыць мяне толькі штодзённым хлебам,
9 каб я, будучы насычаны, не адмовіўся ад Цябе і не сказаў: — Хто Гаспод? — і каб зьбяднеўшы я не пачаў красьці і ўжываць надарэмна імя майго Бога.
10 Ня гань слугу перад ягоным панам, каб ён не пракляў цябе, ты каб не зграшыў.
11 Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не багаслаўляе маці сваю.
12 Ёсьць род, які чысты ў сваіх вачох, хаця не абмыты ад нячыстасьці сваёй.
13 Ёсьць род, вочы якога гордыя і ўзьнятыя павекі.
14 Ёсьць род, зубы ў якога, як мячы, а ськівіцы, як нажы, каб жорці бедных на зямлі і жабракоў паміж людзьмі.
15 Ненасытнасьць мае дзьве дачкі, якія гавораць: — прынясі, прынясі! Ёсьць тры ненасытныя рэчы і чатыры, якія ня скажуць: — досыць.
16 Пекла і бязплоднае ўзлоньне, зямля, якая не насычаная вадою, і вагонь, які ня кажа — досыць.
17 Вока, якое насьмяхаецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцяй да маці, выдзяўбуць вораны ля патокаў і зьядуць арляняты.
18 Тры рэчы схаваныя перада мною і чатырох я не разумею:
19 шляху арла на небе, шляху зьмяя на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да жанчыны.
20 Такі-ж шлях чужаложнай жанчыны: пад’ела і абцерла вусны свае і гаворыць: — не зрабіла я нічога благога — .
21 Ад трох рэчаў трасецца зямля, чатырох яна ня можа насіць:
22 слугі, які робіцца каралём, дурнога, калі ён насыціцца хлебам;
23 ганебнай жанчыны, калі яна выходзіць замуж і служанкі, калі зойме месца пасьля сваёй пані.
24 Вось чатыры малых рэчы на зямлі, якія аднак мудрэйшыя за мудрацоў:
25 мурашкі — народ ня моцны, які аднак летам загатаўляе сабе ежу;
26 горныя мышы — народ слабы, але будуюць дом свой у скале;
27 у шаранчы няма караля, а аднак усе выходзяць радамі;
28 павук чапляецца лапкамі, але бывае ў каралеўскіх пальцах.
29 Вось тры рэчы маюць стройную хаду і чатыры стройна выступаюць:
30 Леў самы сільны паміж зьвяроў, які нікому не аде дарогі;
31 Конь і казёл і кароль, сярод свайго народу.
32 Калі ты згубіў глупства і блага падумаў, дык палажы руку на вусны,
33 бо хто зьбівае сьмятану, атрымлівае масла, штуршок у нос выклікае кроў, а хто выклікае гнеў — узьнімае сварку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Прыказкі Салямона, 30 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
