Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Прыказкі 13 Прыказкі Салямона 13 разьдзел

1 Мудры сын прыймае бацькаўскае павучэньне, але буйны ня слухае абвінавачаньняў.
2 Кожны будзе спажываць дабро ад плада сваіх рук, але душа ламаючых закон — благая.
3 Хто сьцеражэ свае вусны, той сьцеражэ сваю душу, а хто шырака адчыняе свае вусны, бяда таму.
4 Душа лянівага пажадае, але нічога ня мае, але душа працавітых узбагаціцца.
5 Справядлівы ненавідзіць манлівае слова, а бязбожны ганьбіць і бязчэсьціць сябе.
6 Справядлівасьць сьцеражэ бяззаганнага, а бязбожнасьць губіць грэшнка.
7 Бываюць такія, што здаюцца быць багатымі, але нічога ня маюць, іншы-ж здаецца быць бедным, хаця мае шмат багацьця.
8 Сваім багацьцем чалавек выкупляе жыцьцё, а бедны ня чуе і пагрозы.
9 Сьвет справядлівых ясны, але паходня бязбожных гасьне.
10 Ад гордасьці паўстае звадка, але мудрасьць пры тых, што слухаюцца радаў.
11 Багацьце блага набытае зьмяншаецца, а той, хто зьбірае працай, памнажае яго.
12 Даўгая надзея мучае сэрца, споўненае пажаданьне ёсьць дрэвам жыцьця.
13 Хто пагарджае Божым словам, той сам сабе шкодзіць, а хто баіцца запаветаў, атрымлівае ўзнагароду.
14 Навука мудрага ёсьць крыніцаю жыцьця, аховываючай ад сілы сьмерці.
15 Добры розум дае прыемнасьць, а шлях хітрых няпрыемны.
16 Кожны асьцярожны дзеець з ведаю, а дурны выстаўляе сваю дурноту.
17 Благі пасол трапляе ў бяду, а верны пасол — ратунак.
18 Беднасьць і ганьба прыйдзе на таго, хто адкідае навуку, а хто выконывае павучэньне будзе слаўны.
19 Споўненае пажаданьне прыемнае для душы, а адступіць ад благога непрыемна для дурных.
20 Хто бывае з мудрымі, будзе мудры, а хто сябруе з дурнымі — сапсуецца.
21 Грэшнікаў прасьледуе няшчасьцьце, а справядлівых Бог узнагароджывае дабром.
22 Добры чалавек пакідае спадчыну дзяцём дзяцей, а маемасьць грэшніка заховываецца для справядлівага.
23 Шмат збожжа бывае і на ніве бедных, а іншы гіне ад бязпарадку.
24 Хто шкадуе сваёй розгі, той ненавідзіць сына, а хто любіць, дык у час карае.
25 Справядлівы есьць да сыта, а жывот бязбожных церпіць нястачу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Прыказкі Салямона, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.