Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Прыказкі 3 Прыказкі Салямона 3 разьдзел

1 Сын мой, не забывай майго павучэньня і няхай хавае сэрца тваё запаветы мае,
2 бо дадуць табе даўжыні дзён і гадоў жыцьця і міру.
3 Міласэрдзьдзе і праўда няхай не пакідаюць цябе; прывяжы іх да шыі тваёй, напішы іх на дошцы твайго сэрца;
4 тады знойдзеш ласку і спагаданьне ў вачох Бога і людзёў.
5 Спадзявайся на Бога ўсім сэрцам тваім і не палягай на свой розум.
6 На ўсіх шляхох тваіх пазнавай Яго і Ён будзе праставаць твае сьцежкі.
7 Ня будзь мудрым у вачох тваіх, але бойся Госпада і адступайся ад благога;
8 гэта будзе здароўем для твайго цела і пажывам для касьцей тваіх.
9 Шануй Госпада з маемасьці тваёй і ад пачатку ўсіх даходаў тваіх, —
10 і напоўняцца да верху твае гумны і ад новага віна будуць пералівацца прэсы.
11 Сын мой, не адкідай Госпадавага пакараньня і няхай не цяжыць табе Ягонае абвінавачаньне,
12 бо Гаспод карае таго, каго любіць, а гэта, як бацька, які любіць сына.
13 Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць і чалавек, які здабыў розум, —
14 бо здабыцьцё яе лепшае ад здабыцьця серабра і зыску ад яго больш, чым ад золата;
15 Яна даражэйшая ад пэрлаў і нішто з пажаданага табою не зраўняецца з ёю.
16 Доўгае жыцьцё ў правай руцэ яе, а ў левай у яе багацьце і слава.
17 Шляхі яе — прыемныя шляхі і ўсе сьцежкі яе мірныя.
18 Яна дрэвам жыцьця для тых, якія здабываюць яе, а тыя, што яе заховываюць — шчасьлівыя.
19 Гаспод мудрасьцяй заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам;
20 Ягонай мудрасьцяй адчыніліся пропасьці і хмары кропяць расою.
21 Сын мой, няхай ня зыходзіць гэта з тваіх вачэй; пільнуйся праўдзівай мудрасьці і розуму
22 і яны будуць жыцьцём для тваёй душы і ўпрыгажэньнем тваёй шыі.
23 Тады будзеш бязьпечна хадзіць тваім шляхом і не паткнецца твая нага.
24 Ня будзеш баяцца, калі пойдзеш спаць, а калі засьнеш — прыемны будзе твой сон.
25 Ня будзеш баяцца раптоўнага страху, ані спусташэньня бязбожнікаў, калі прыйдзе,
26 бо Гаспод будзе тваёй надзеяй і захавае нагу тваю ад пасткі.
27 Не ўстрымлівайся ад добрых учынкаў, калі ты ў стане зрабіць гэта.
28 Не кажы бліжняму твайму: — ідзі і заўтра прыйдзі ізноў, а заўтра я дам табе, калі ты маеш пры сабе.
29 Ня мей супроць бліжняга твайго благіх намераў, калі ён даверліва жыве з табою.
30 Не спрачайся без прычыны з чалавекам, калі ён не зрабіў табе нічога благога.
31 Не ўпадабняйся чалавеку, які робіць гвалт і ня выбірай ніводнага з ягоных шляхоў,
32 бо Госпаду гадкі фалшывы, а са справядлівымі у Яго лучнасьць.
33 Пракляцьце Госпада на доме бязбожнага, а дому справядлівых Ён багаславіць,
34 бо Ён сьмяецца з насьмявальнікаў, а пакорным дае ласку.
35 Мудрыя атрымліваюць у спадчыне славу, а дурныя — няславу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Прыказкі Салямона, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.