Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Прыказкі 28 Прыказкі Салямона 28 разьдзел

1 Бязбожныя ўцякаюць, хаця ніхто ня гоніцца за імі, але справядлівы сьмелы, як леў.
2 За злачынства краіны ёсьць у ёй шмат князёў, а пры разумным і знаючым чалавеку яна даўгавечная.
3 Бедны чалавек, які прыгнятае слабых, тое-ж што навальны дождж, пасьля якога ня бывае хлеба.
4 Тыя, што адступаюць ад закону, хваляць бязбожных, а тыя, што пільнуюць закон, абураюцца на іх.
5 Благія людзі не разумеюць справядлівасьці, але тыя, што шукаюць Госпада, разумеюць усё.
6 Лепшы бедны, што ходзіць у сваёй бяззаганнасьці, чым той, што скрыўляе свае шляхі, хаця багаты.
7 Хто заховывае закон ёсьць разумным сынам, а хто трымаецца з раскідомцамі, той сароміць свайго бацьку.
8 Хто памнажае сваю маемасьць квотніцтвам і ліхваю, зьбірае яе таму, хто будзе шчодра даваць бедным.
9 Хто адвяртае сваё вуха ад слуханьня закону і малітва ягоная агідная.
10 Хто зводзіць справядлівых на благі шлях, сам уваліцца ў сваю яму, а бяззаганныя атрымаюць у спадчыну добрыя рэчы.
11 Багаты чалавек — мудры ў сваіх вачох, але разумны бедны даходзіць яго.
12 Калі радуюцца справядлівыя — вялікая слава, але калі ўзьвялічываюцца бязбожныя, людзі хаваюцца.
13 Хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець шчасьця, але хто прызнаецца і пакідае іх, той дазнае міласэрдзьдзя.
14 Шчасьлівы чалавек, які заўсёды баіцца, але хто зацьвярджае сваё сэрца, трапіць у бяду.
15 Бязбожны валадар над бедным народам, як рычачы леў і галодны мядзьведзь.
16 Неразумны валадар робіць шмат крыўды, але хто нанавідзіць зыскі, прадоўжыць свае дні.
17 Чалавек вінны ў праліцьці чалавечай крыві, будзе бегаць да магілы, каб хто небудзь не схапіў яго.
18 Хто ходзіць бяззаганна, той будзе захаваны, а хто ходзіць крывымі шляхамі, упадзе на адным з іх.
19 Хто абрабляе сваю зямлю, той бывае насычаны хлебам, але хто ўпадабняецца гультаём, той насыціцца беднасьцяй.
20 Верны чалавек багаты багаславенствамі, але хто сьпяшаецца разбагацець ня бывае бяз віны.
21 Глядзець на асобу нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць няпраўду.
22 Хутка хоча ўзбагаціцца зайздросны чалавек і ня ведае, што прыйдзе на яго беднасьць.
23 Хто абвінавачывае чалавека, знойдзе потым вялікую ласку, чым той, у каго лісьлівы язык.
24 Хто абкрадае свайго бацьку і сваю маці, і гаворыць, што гэта ня грэх, той супольнік забойцы.
25 Высокадумны ўзьнімае сварку, але хто мае надзею на Госпада, будзе мець дастатак.
26 Хто палягае на сабе, той дурны, але хто паступае мудра, той будзе цэлы.
27 Хто дае беднаму — не зьбяднее, а хто зачыняе свае вочы на яго, на тым шмат праклёнаў.
28 Калі ўзвышаюцца бязбожныя — людзі хаваюцца, а калі яны гінуць — памнажаюцца справядлівыя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Прыказкі Салямона, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.