Выслоўяў Саламонавых 28 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Бязбожнік бяжыць, калі ніхто ня гоніцца за ім; а праведнік адважны, як леў.
 
Бязбожныя ўцякаюць, хаця ніхто ня гоніцца за імі, але справядлівы сьмелы, як леў.

Калі краіна адступіцца ад закона, тады многа ў ёй начальнікаў; а пры разумным і ўсяведным мужы яна даўгавечная.
 
За злачынства краіны ёсьць у ёй шмат князёў, а пры разумным і знаючым чалавеку яна даўгавечная.

Чалавек бедны і прыгнятальнік слабых тое самае, што праліўны дождж, які змывае хлеб.
 
Бедны чалавек, які прыгнятае слабых, тое-ж што навальны дождж, пасьля якога ня бывае хлеба.

Адступнікі ад закона хваляць бязбожных, а тыя, што трымаюцца закона, абураюцца імі.
 
Тыя, што адступаюць ад закону, хваляць бязбожных, а тыя, што пільнуюць закон, абураюцца на іх.

Злыя людзі не разумеюць справядлівасьці, а шукальнікі Госпада разумеюць усё.
 
Благія людзі не разумеюць справядлівасьці, але тыя, што шукаюць Госпада, разумеюць усё.

Лепш бедны, які ходзіць у сваёй беззаганнасьці, чым той, хто выкручвае шляхі свае, хоць ён і багаты.
 
Лепшы бедны, што ходзіць у сваёй бяззаганнасьці, чым той, што скрыўляе свае шляхі, хаця багаты.

Хто захоўвае закон — сын разумны, а хто водзіцца з марнатраўцамі, той уводзіць у сорам бацьку свайго.
 
Хто заховывае закон ёсьць разумным сынам, а хто трымаецца з раскідомцамі, той сароміць свайго бацьку.

Хто памнажае маёмасьць сваю ростам і ліхвою, той зьбірае яе дабрачынцам бедных.
 
Хто памнажае сваю маемасьць квотніцтвам і ліхваю, зьбірае яе таму, хто будзе шчодра даваць бедным.

Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва — мярзота.
 
Хто адвяртае сваё вуха ад слуханьня закону і малітва ягоная агідная.

Хто зводзіць праведных на дарогу зла, сам упадзе ў сваю яму; а беззаганныя спадкуюць дабро.
 
Хто зводзіць справядлівых на благі шлях, сам уваліцца ў сваю яму, а бяззаганныя атрымаюць у спадчыну добрыя рэчы.

Чалавек багаты — мудрэц у вачах сваіх, але разумны бядняк бачыць яго наскрозь.
 
Багаты чалавек — мудры ў сваіх вачох, але разумны бедны даходзіць яго.

Калі трыумфуюць праведнікі, вялікая слава; але калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца.
 
Калі радуюцца справядлівыя — вялікая слава, але калі ўзьвялічываюцца бязбожныя, людзі хаваюцца.

Той, хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець посьпеху; а хто прызнаецца і пакідае іх, той будзе памілаваны.
 
Хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець шчасьця, але хто прызнаецца і пакідае іх, той дазнае міласэрдзьдзя.

Шчасны чалавек, які заўсёды ў страху Божым; а хто робіць жорсткім сэрца сваё, той трапляе ў бяду.
 
Шчасьлівы чалавек, які заўсёды баіцца, але хто зацьвярджае сваё сэрца, трапіць у бяду.

Як рыклівы леў і галодны мядзьведзь, так бязбожны валадар над бедным народам.
 
Бязбожны валадар над бедным народам, як рычачы леў і галодны мядзьведзь.

Неразумны валадар шмат чыніць крыўды; а той, які ненавідзіць карысьлівасьць, падоўжыць дні.
 
Неразумны валадар робіць шмат крыўды, але хто нанавідзіць зыскі, прадоўжыць свае дні.

Чалавек вінаваты ў крыві чалавечай, будзе ўцякаць да сьмерці, каб хто не схапіў яго.
 
Чалавек вінны ў праліцьці чалавечай крыві, будзе бегаць да магілы, каб хто небудзь не схапіў яго.

Хто ходзіць беззаганна, той будзе ўратаваны; а хто ходзіць крывымі дарогамі, упадзе на адной зь іх.
 
Хто ходзіць бяззаганна, той будзе захаваны, а хто ходзіць крывымі шляхамі, упадзе на адным з іх.

Хто ўрабляе зямлю сваю, той будзе есьці хлеб; а хто пераймае гультаёў, таго накорміць галеча.
 
Хто абрабляе сваю зямлю, той бывае насычаны хлебам, але хто ўпадабняецца гультаём, той насыціцца беднасьцяй.

Верны чалавек багаты на дабраславеньні; а хто сьпяшаецца разбагацець, той не застанецца без пакараньня.
 
Верны чалавек багаты багаславенствамі, але хто сьпяшаецца разбагацець ня бывае бяз віны.

Зважаць на асобы — нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць крыўду.
 
Глядзець на асобу нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць няпраўду.

Сьпяшаецца да багацьця зайздросьлівы чалавек, і ня думае, што галеча спасьцігне яго.
 
Хутка хоча ўзбагаціцца зайздросны чалавек і ня ведае, што прыйдзе на яго беднасьць.

Хто дакарае чалавека, знойдзе большую прыязнасьць, чым той, хто лісьлівіць языком.
 
Хто абвінавачывае чалавека, знойдзе потым вялікую ласку, чым той, у каго лісьлівы язык.

Хто абкрадвае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «гэта ня грэх», той — саўдзельнік грабежнікаў.
 
Хто абкрадае свайго бацьку і сваю маці, і гаворыць, што гэта ня грэх, той супольнік забойцы.

Пыхлівец распальвае свару, а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў дабрадзенстве.
 
Высокадумны ўзьнімае сварку, але хто мае надзею на Госпада, будзе мець дастатак.

Хто спадзяецца на сябе, той неразумны; а хто ходзіць у мудрасьці, той будзе цэлы.
 
Хто палягае на сабе, той дурны, але хто паступае мудра, той будзе цэлы.

Хто дае жабраку, не зьбяднее; а хто засланяе вочы ад яго, на тым шмат праклёнаў.
 
Хто дае беднаму — не зьбяднее, а хто зачыняе свае вочы на яго, на тым шмат праклёнаў.

Калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца; а калі яны падаюць, множацца праведнікі.
 
Калі ўзвышаюцца бязбожныя — людзі хаваюцца, а калі яны гінуць — памнажаюцца справядлівыя.