Выслоўяў Саламонавых 29 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Чалавек, які насуперак засьцярогам робіцца ўпарты, будзе раптам зламаны, і ня будзе яму дапамогі.
 
Чалавек, які будучы абвінавачываны, зацьвярджае свой карак, раптоўна заламаецца і ня будзе яму посьпеху.

Калі множацца праведнікі, весяліцца народ; а калі пануе бязбожнік, стогне народ.
 
Калі памнажаюцца справядлівыя, народ весяліцца, а калі пануе бязбожны, народ стогне.

Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго; а які знаецца з распусьніцамі, той траціць маёмасьць.
 
Чалавек, які любіць мудрасьць, цешыць свайго бацьку, але хто трымаецца з распусьніцамі, той раскідоміць маемасьць.

Цар правасудзьдзем мацуе зямлю, а аматар хабару руйнуе яе.
 
Кароль справядлівым судом узмацняе зямлю, а хто бярэ хабары, руйнуе яе.

Чалавек, які лісьлівіць сябру свайму, сьцеле сетку пад ногі яму.
 
Чалавек, які пахлебляе свайму прыяцелю, расьцягівае сетку пад ягонымі нагамі.

У грэху ліхога чалавека — сетка яму, а праведнік весяліцца і радуецца.
 
Злачынства благога зьяўляецца яму сілом, а справядлівы пяе і весяліцца.

Праведнік старанна дасьледуе цяжбіну бедных, а бязбожнік не разьбірае справы.
 
Справядлівы чалавек старанна ўнікае ў судовы апор бедных, а бязбожны не разглядае справы.

Людзі разбэшчаныя бунтуюць горад, а мудрыя суцішаюць мяцеж.
 
Распусныя людзі ўзбураюць места, а мудрыя суцішаюць гнеў.

Разумны чалавек, калі судзіцца з чалавекам неразумным, ці злуецца, ці сьмяецца — ня мае спакою.
 
Разумны чалавек судзячыся з дурным ня будзе мець супакою, ці будзе гневацца ці сьмяяцца.

Крыважэрныя людзі ненавідзяць бязбожнага, а праведныя клапоцяцца за яго жыцьцё.
 
Людзі, што ў крыві, ненавідзяць бяззаганнага, а справядлівы дбае аб ягонае жыцьцё.

Неразумны ўвесь гнеў свой вылівае, а мудры стрымлівае яго.
 
Дурны выяўляе ўвесь гнеў свой, а мудры паўстрымліваецца.

Калі ўладар слухае ілжывыя прамовы, дык і ўсе служкі ў яго бязбожныя.
 
Калі валадар слухае манлівыя словы, дык усе слугі яго бязбожныя.

Бедны і ліхвяр сустракаюцца адзін з адным; але сьвятло вачам таго і другога дае Гасподзь.
 
Бедны і зьдзерца сустракаюцца, але сьвет вачом аднаго і другога даў Гаспод.

Калі цар судзіць бедных па праўдзе, дык трон ягоны назаўсёды ўцьвердзіцца.
 
Калі кароль справядліва судзіць, дык ягоны пасад узмацуецца на векі.

Дубец і засьцярога даюць мудрасьць; а занядбаны хлопчык робіць сорам сваёй маці.
 
Розга і абвінавачаньне даюць мудрасьць, але сваевольнае дзіцянё сароміць сваю матку.

Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе.
 
Калі памнажаюцца бязбожныя, памнажаецца і злачынства, але справядлівыя пабачаць іх упадак.

Карай сына твайго, і ён дасьць табе спакой, і прынясе радасьць душы тваёй.
 
Карай твайго сына і ён дасьць табе супакой і радасьць тваёй душы.

Няма адкрыцьця згары чалавеку разбэшчанаму, а хто жыве паводле закону — той шчасны.
 
Бяз адкрыцьця згары народ няўстрыманы, але хто заховывае закон — шчасьлівы.

Словамі не навучыш раба; бо, хоць ён і разумее іх, але ня слухаецца.
 
Слуга не папраўляецца словамі, бо хаця ён разумее, але ня слухаецца.

Ці бачыў ты чалавека неабачлівага ў словах сваіх? на неразумнага болей надзеі, чым на яго.
 
Ці бачыў ты чалавека неасьцярожнага ў сваіх словах? На дурнога больш надзеі, чым на яго.

Калі змалку выхоўваць раба ў дастатку, дык і пазьней ён захоча быць сынам.
 
Калі ад дзіцячых гадоў узгадовываць нявольніка ў раскошы, дык пасьля ён захоча быць сынам.

Чалавек гнеўлівы заводзіць свару, а запальчывы шмат грэшыць.
 
Гнеўлівы чалавек узьнімае сварку, а палкі шмат грашыць.

Ганарыстасьць чалавека прыніжае яго, а сьціплы духам здабывае гонар.
 
Гордасьць чалавека паніжае яго, а пакорны духам асягае славу.

Хто дзеліцца са злодзеем, той ненавідзіць душу сваю; ён чуе праклён, але не абвяшчае пра тое.
 
Хто супольнічае са злодзеем, ненавідзіць сваю душу, таксама той, хто чуе праклён, але не выяўляе яго.

Боязь перад людзьмі ставіць сетку; а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў бясьпецы.
 
Страх перад людзьмі стаўляе сеткі, але хто мае надзею на Госпада, той будзе ўзьвялічаны.

Многія шукаюць прыхільнага.
 
Многія шукаюць ласкавага твару пана, але лёс кожнага ад Госпада.

Мярзота праведнікам — чалавек няправедны, і мярзота бязбожнаму — той, хто ідзе простай дарогай.
 
Для справядлівага агідны бязбожны чалавек, а для бязбожнага агідны той, хто ідзе простым шляхам.