Выслоўяў Саламонавых 4 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца розуму;
 
Слухайце сыны павучэньня бацькі і пільнуйце, каб навучыцца розуму,

бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго.
 
бо даю вам добрую навуку: не пакідайце майго запавету.

Бо і я быў сын у бацькі майго, пяшчотна любімы і адзіны ў маці маёй.
 
Калі я быў малодзенькім сынам у майго бацькі і адзіным у маёй маці,

І ён вучыў мяне і казаў мне: хай будуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві.
 
ён вучыў мяне, гаворачы мне: — няхай захавае сэрца тваё словы мае, пільнуй мае запаветы і будзеш жыць.

Здабывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі!
 
Набывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і не ухіляйся ад словаў маіх вуснаў.

Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы.
 
Не пакідай яе і яна будзе сьцерагчы цябе і яна будзе аховываць цябе.

Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум.
 
Пачаткам усяго зьяўляецца мудрасьць: набывай мудрасьць і усёю маемасьцяй тваёй набывай розум.

Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе;
 
Цані яе высока і яна узвысіць цябе; уславіць цябе, калі ты прыймеш яе;

ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок.
 
Дадасьць галаве тваёй упрыгажэньня, вянцом упрыгажэньня абдорыць цябе.

Слухай, сыне мой, і прымі словы мае, — і памножацца гады твайго жыцьця.
 
Слухай, мой сын, прыймі словы мае і памножацца годы твайго жыцьця.

Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе па сьцежках простых.
 
Навучаю цябе шляхоў мудрасьці, вяду цябе па простых сьцежках,

Калі пойдзеш, крокам тваім ня будзе завады, і калі пабяжыш, не спатыкнешся.
 
калі пойдзеш імі ня будзе сьцесьненай твая хада, а калі пабяжыш не паткнешся.

Моцна трымайся наказу, не адкідай, захоўвай яго; бо ён — жыцьцё тваё.
 
Прыймі павучэньне, не пакідай яго і сьцеражы, бо яно тваім жыцьцём.

Ня выходзь на сьцежку бязбожнікаў, і не хадзі па дарозе ліхіх;
 
Не уваходзь на сьцежку бязбожных і не хадзі шляхом благіх;

пакінь яе, не хадзі ёю, ухіляйся ад яе і праходзь міма.
 
пакінь яго, не хадзі па ім; ухіліся ад яго і прайдзі міма,

бо яны не заснуць, пакуль ня ўчыняць ліхога; прападзе сон у іх, пакуль яны не давядуць каго да падзеньня;
 
бо яны не заснуць, калі ня зробяць благога і не супакояца, пакуль не прывядуць каго да упадку,

бо яны ядуць хлеб беззаконьня і п’юць віно рабунку.
 
бо яны ядуць хлеб бязбожнасьці і п’юць віно грабежа.

Сьцежка праведных — як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня.
 
Сьцежкі-ж справядлівых, як ясны сьвет, які чым далей тым больш сьвеціць да поўнага сьвету,

А шлях бязбожных — як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца.
 
шляхі-ж бязбожных, як цемра; яны ня ведаюць, аб што паткнуцца.

Сыне мой! слоў маіх слухайся, і да прамоваў маіх нахілі тваё вуха;
 
Сын мой, уважай на мае словы і схілі вуха да мовы маёй.

хай не адыдуць яны ад вачэй тваіх; захоўвай іх усярэдзіне сэрца твайго:
 
Няхай яны не адыходзяць ад вачоў тваіх, захавай іх у сярэдзіне твайго сэрца,

бо яны жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ацаленьне ўсяму яго целу.
 
бо яны жыцьцё для таго, хто знайшоў іх і лек для цела.

Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё; бо ў ім — крыніца жыцьця.
 
Больш усяго, што сьцерагуць людзі, сьцеражы тваё сэрца, бо з яго крыніцы жыцьця.

Адкінь ад сябе ілжывасьць вуснаў, і круцельства языка адхісьні ад сябе.
 
Адкінь ад сябе манлівасьць вуснаў і аддалі ад сябе злосны язык.

Вочы твае хай наперад глядзяць, і позірк твой хай скіраваны будзе перад табою.
 
Вочы твае няхай глядзяць на добрыя рэчы, а павекі твае няхай будуць скіраваныя наперад.

Абдумай сьцежку назе тваёй, і ўсе дарогі твае хай будуць пэўныя.
 
Абдумай сьцежкі для тваёй нагі і усе шляхі твае будуц пэўныя.

Ня ўхіляйся ні направа, ні налева; адвядзі нагу тваю ад ліхога.
 
Не адхіляйся ані направа, ані налева; адвярні нагу тваю ад благога.