Выслоўяў Саламонавых 22 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.
 
Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, а прыязьнь лепшая за серабро і золата.

Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.
 
Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным, але Гаспод стварыў абодвых.

Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.
 
Асьцярожны бачыць бяду і хаваецца, а недасьветчаныя, ідучы проста, церпяць шкоды.

За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё.
 
Узнагародаю пакоры і страху Госпада ёсьць багацьце, слава і жыцьцё.

Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.
 
Царны і сеткі на дарозе хітрага; хто сьцеражэ сваю душу, аддаляецца ад іх.

Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца.
 
Павучай юнака на пачатку ягонага шляху і ён ня зыйдзе з яго, калі састарэецца.

Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.
 
Багаты пануе над бедным, а павіньнік бывае слугою паверніка.

Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.
 
Хто сее няпраўду, будзе жаць бяду і тросткі ягонага нгеву ня стане.

Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.
 
Міласэрнага будуць багаслаўляць, бо ён дае беднаму ад хлеба свайго.

Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.
 
Прагані блюзьнерцу і спыніцца сварка і супакоіцца звадка і лаянка.

Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар — сябар.
 
Хто любіць чысьціню сэрца, у таго прыемнасьць на вуснах, таму кароль будзе прыяцелям.

Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.
 
Вочы Госпада сьцерагуць веду, але намеры хітрага Ён адхіляе.

Гультай кажа: «леў на вуліцы! сярод плошчы заб’юць мяне!»
 
Гультай гаворыць: — леў на вуліцы, пасярэдзіне пляцу заб’юць мяне.

Глыбокая прорва — вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.
 
Вусны чужых жанчынаў — глыбокая яма; на каго гневаецца Гаспод, той упадзе туды.

Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.
 
Глупства прывязалася да сэрца юнака, але розга папраўленьня [адвядзе] яго ад яго.

Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.
 
Хто крыўдзіць беднага, каб павялічыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.

Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў;
 
Схілі вуха тваё і слухай мудрыя словы і сэрца тваё схілі да маёй навукі,

бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх.
 
бо будзе пацехаю, калі ты будзеш хаваць іх у тваім сэрцы і яны будуць таксама ў тваіх вуснах.

Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.
 
Каб спадзяваньне тваё было на Госпада, павучаю цябе і сягоньня, а ты рабі так.

Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні,
 
Ці-ж я не пісаў табе тройчы рады і павучэньні,

каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?
 
каб навучыць цябе словаў праўды, каб ты мог перадаваць словы праўды тым, якія цябе паслалі.

Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;
 
Не абдзірай беднага, бо ён бедны, і не ўціскай няшчаснага каля брамы, —

бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.
 
бо Гаспод зоймецца іх справаю і выдзярэ душу ў тых, што абдзіраюць.

Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,
 
Ня будзь прыяцелям гнеўлівага і не сяруй з палкім чалавекам,

каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.
 
каб не навучыцца ягоных шляхоў і не надзець пятлі на сваю душу.

Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.
 
Ня будзь з тых, якія даюць заруку і заручаюцца за даўгі,

Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.
 
бо калі табе няма чым заплаціць, дык пашто даводзіць сябе, каб узялі з пад цябе тваю пасьцелю?

Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.
 
Не перасовывай старой мяжы, што праводзілі твае бацькі.

Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.
 
Ці ты бачыў чалавека, хуткага ў сваіх справах? Такі будзе стаяць перад каралямі і ня будзе стаяць перад простымі.