Выслоўяў Саламонавых 18 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага.
 
Самадумны чалавек шукае таго, што яму падабаецца, паўстае супроць усяго разумнага.

Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум.
 
Дурны ня любіць веды, але тое, што яму здаецца ў ягоным сэрцы.

З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды — ганьба.
 
Калі прыходзіць бязбожны, прыходзіць і пагарда, а з легкамысным — лаянка.

Слова з вуснаў чалавечых — глыбокія воды; крыніца мудрасьці — бруісты паток.
 
Словы вуснаў мудрага, як глыбокія воды, крыніца мудрасьці, як ліючыся паток.

Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе.
 
Ня добра спрыяць бязбожнаму, каб перамагчы на судзе справядлівага.

Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку.
 
Вусны дурнога імкнуцца да сваркі, а вусны яго выклікаюць на бой.

Язык бязглуздага — пагібель яму, а вусны яго — сетка на душу ягоную.
 
Язык дурнога — загуба для яго, а ягоныя вусны — сетка для ягонай душы.

Словы нагаворшчыка — як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека.
 
Словы даношчыка, як ласунак, і пранікаюць у нутро жывата.

Нядбалы ў працы сваёй — брат марнатраўцы.
 
Хто нядбайны ў сваёй працы, той брат раскідомніка.

Імя Госпада — моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы.
 
Імя Госпада — моцная вежа, справядлівы ўцячэ да яе і збавіцца.

Маёмасьць багатага — як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму.
 
Маемасьць багатага — ягоны моцны горад і як высокі мур у ягоным выабражэньні.

Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы.
 
Перад упадкам уздымаецца сэрца чалавека, а славу папераджае паніжэньне.

Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму.
 
Хто адказывае ня выслухаўшы, той дурны і сорамна яму.

Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух — хто можа ўмацаваць яго.
 
Дух чалавека зносіць немач сваю, а апаражаны дух — хто можа ўзмацаваць яго.

Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў.
 
Сэрца разумнага набывае веду, а вуха мудрага шукае яе.

Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго.
 
Дар дае прастор чалавеку і даводзіць яго да магната.

Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе.
 
Першы ў споры правы, але прыходзіць бліжні яго і аспрэчвае яго.

Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі.
 
Лёс спыняе сваркі і вырашае паміж моцнымі.

Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка.
 
Пакрыўджаны брат мацнейшы за нездабыты горад, а спрэчкі, як замкі замку.

Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца.
 
Ад плоду вуснаў кожнага насычаецца ягоны жывот, будзе насычаны ўраджаем сваіх вуснаў.

Сьмерць і жыцьцё — ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго.
 
Сьмерць і жыцьцё ў уладзе языка, і хто яго любіць — будзе есьці ягоныя плады.

Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада.
 
Хто знайшоў жонку, знайшоў добрую рэч і атрымаў ласку ад Госпада.

З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба.
 
Бедны гаворыць пакорна, але бедны адказывае сурова.

Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата.
 
Чалавек, што мае прыяцеляў, сам павінен быць прыяцельскі, бо прыяцель бывае больш спрыяючы, чым брат.