Выслоўяў Саламонавых 2 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае,
Сын мой, калі прыймаеш словы мае і захаваеш у сабе мае запаветы,
і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці,
так што вуха тваё зробіцца ўважным да мудрасьці і схіліш сэрца сваё да раздумываньня;
калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму;
калі будзеш клікаць веду і паклічаш розум;
калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб:
калі будзеш шукаць яго, як серабра, і рабіць пошукі, як за скарбам, —
тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога.
дык тады зразумееш страх Госпада і знойдзеш веду аб Бозе.
Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго — веды і розум;
Бо Бог дае мудрасьць; з Ягоных вуснаў веда і розум.
Ён дае праведным выратаваньне; Ён — шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.
Ён заховывае для справядлівых праўдзівую мудрасьць; Ён зьяўляецца шчытом для тых, што ходзяць бяззаганна;
Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх.
Ён аховывае шляхі праўды і сьцеражэ сьцежкі Сваіх сьвятых.
Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра.
Тады ты зразумееш справядлівасьць, і суд, і праўду, і кожную добрую сьцежку.
Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй:
Калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё і веда будзе прыемнай тваёй душы,
тады разважлівасьць будзе берагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе,
тады цябе будзе сьцерагчы асьцярожнасьць, а розум будзе аховываць цябе,
каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду,
каб уратаваць цябе ад благога шляху і ад чалавека, што маніць;
ад тых, што пакідаюць дарогі простыя, каб хадзілі дарогамі цемры;
ад тых, што пакідаюць простыя сьцежкі, каб хадзіць шляхом цемры;
ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай,
ад тых, што радуюцца, робячы благое, што цешацца злой хітрасьцяй;
у якіх дарогі крывыя і якія блукаюць па сьцежках сваіх;
сьцежкі чыі крывыя і якія блукаюцца па сьцежках сваіх,
каб уратаваць цябе ад жонкі другога, чужой, якая злагоджвае словы свае,
каб уратаваць цябе ад жонкі іншага, ад чужой, што ласіцца лагоднымі словамі,
якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго.
якая пакінула правадыра свайго юнацтва і забыла запавет свайго Бога.
Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе — да мёртвых;
Дом яе вядзе да сьмерці і сьцежкі яе да памершых.
ніхто, увайшоўшы да яе, не вяртаецца і ня ступае на дарогу жыцьця.
Ніхто з пасярод увайшоўшых да яе не вяртаецца і не трапляе на сьцежку жыцьця.
Таму хадзі дарогаю добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,
Дзеля гэтага хадзі шляхом добрых і трымайся сьцежак справядлівых,
бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй;
бо справядлівыя будуць жыць на зямлі і беззаганныя будуць трываць на ёй,
а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе.
а бязбожныя будуць зьнішчаныя з зямлі, а вераломныя выкараненыя з яе.