Выслоўяў Саламонавых 23 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою;
Калі сядзеш есьці з валадаром, дык пільна глядзі, што перад табою.
і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны.
Пастаў перагародку ў горле тваім, калі ты хцівы на ежу.
Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта — уяўная ежа.
Не хаці ласункаў, бо гэта ашуківаючая ежа.
Ня турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае.
Ня дбай аб тое, каб нажыць багацьце, пакінь такія твае думкі.
Зьвернеш вочы твае на яго, і — яго ўжо няма; бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба.
Скіруеш вочы твае на багацьце і ўжо яго няма, бо яно зробіць сабе крылы, падобныя да арліных, і паляцяць у неба.
Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі,
Ня еш хлеба ў зайздроснага чалавека і не ахці ягоных ласункаў,
бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; «еж і пі», кажа ён табе, а сэрца яго не з табою.
Бо якія думкі ў ягонай душы, такі і ён сам. Гаворыць: — еш і пі — , але сэрца яго не з табою.
Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна.
Кавалак, які ты зьеш, зьвернеш і добрыя словы твае ты згубіш.
У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае.
Не гавары ў вушы дурнога, бо пагардзіць тваімі радамі і словамі.
Не перасоўвай мяжы даўняй і на поле сіротаў не заходзь;
Не перасовывай старой мяжы і не заходзь на поле сіротаў,
бо Абаронца ў іх моцны; Ён заступіцца за справу іхнюю перад табою.
бо Абаронца іх моцны. Ён вядзе іх справы супроць цябе.
Прыхілі сэрца тваё да вучэньня і вушы твае — да разумных слоў.
Зьвярні да навукі сэрца тваё і вушы твае да разумных словаў.
Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ:
Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго розгаю, ён не памрэ.
ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла.
ты пакараеш яго розгаю і збавіш душу яго ад пекла.
Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца;
Сын мой, калі сэрца тваё будзе мудрае, дык уцешыцца і маё сэрца,
і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна.
і нутро маё будзе цешыцца, калі вусны твае будуць гаварыць правае.
Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім;
Няхай сэрца тваё не зайздросьціць грэшнікам, але няхай яно будзе ўсе дні ў страсе Госпада,
бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана.
дзеля таго, што ёсьць заплата і надзея твая ня згубленая.
Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.
Слухай, сын мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.
Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб’ядаюцца мясам:
Ня будзь паміж тымі, што напіваюцца віном і аб’ядаюцца мясам,
бо п’яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы.
бо п’яніца і той, хто аб’ядаецца — зьбяднеюць, а сонлівы будзе хадзіць у зрэб’і.
Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая.
Слухай бацьку твайго, ён спладзіў цябе і не пагарджай маці тваёй, калі яна састарэецца.
Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня.
Купляй праўду і не прадавай мудрасьці, навукі і розуму.
Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага — радуецца зь яго.
Вельмі радуецца бацька справядлівага, а хто спладзіў мудрага — весяліцца аб ім.
Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла.
Няхай весяліцца бацька твой і маці твая, што радзіла цябе.
Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі:
Сын мой, аддай сэрца тваё мне і вочы твае няхай пільнуюць шляхоў маіх,
бо распусьніца — глыбокая прорва, а чужая жонка — вузкі калодзеж;
бо распусьніца гэта глыбокая яма, а чужая жонка — цесная студня;
яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў.
яна як разбойнік робіць засадкі і памнажае сярод людзей тых, што не заховываюць закону.
У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы?
У каго гора? У каго стогны? У каго сваркі? У каго крыкі? У каго раны без прычынаў? У каго чырвоныя вочы?
У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага.
У тых, што доўга сядзяць за віном, што ходзяць, шукаючы прыпраўленага віна.
Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца;
Не заглядайся на віно, як чырвонае яго, як іскрыцца ў кубку, а проста выскаківае;
пазьней яно ўкусіць, як зьмей, і ўджаліць, як асьпід;
напасьледак яно ўкусіць, як вуж, і ўжаліць, як зьмяя.
вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае;
Вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, а сэрца тваё будзе гаварыць хітрасьці,
і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты.
і будзеш, як той, хто сьпіць сярод мора, як той, што сьпіць на верхавіне машты.
І скажаш: «білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае.»
Скажаш: — білі мяне, а мне ня было больна; штурхалі мяне, а я ня чуў. Калі прачнуся, дык ізноў буду шукаць таго-ж самага.