Выслоўяў Саламонавых 14 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
Мудрая жонка наладзіць свой дом, а дурныя разбурыць яго сваймі рукамі:
Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.
Той, хто ідзе простым шляхам баіцца Госпада, але той, чые шляхі крывавыя ня дбае аб Яго.
У вуснах у немысьля — біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.
У вуснах дурнога знаходзіцца розга гордасьці, вусны-ж мудрых аховываюць іх.
Дзе няма валоў, там — ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.
Дзе няма валоў, ясьлі пустыя, але сіла валоў павялічываецца ад многасьці збожжа.
Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.
Праўдзівы сьветка ня маніць, а фалшывы сьветка нагаворыць шмат маны.
Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.
Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць, а для разумнага веда лёгкая.
Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.
Адыдзі прэч ад дурнога чалавека, бо ў яго ня знойдзеш разумных вуснаў.
Мудрасьць разумнага — што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў — толькі ашука.
Мудрасьць разумнага — разуменьне свайго шляху, дурнота-ж дурнога — заблуд.
Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных — Божая мілата.
Дурныя сьмяюцца з граху, а сярод справядлівых жыве прыязьнь.
Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.
Сэрца ведае гора сваёй душы і ў ягоную радасьць не ўмяшаецца чужы.
Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.
Дом бязбожных зьнішчыцца, а жыльлё справядлівых зацьвіце.
Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх — шлях сьмерці.
Бываюць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх гэта шлях да сьмерці.
І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.
І ў сьмеху бывае баліць сэрца, а канцом вясельля бывае сум.
Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры — ад сваіх.
Чалавек з сапсутым сэрцам насыціцца ад шляхоў сваіх, але добры чалавек высьцерагаецца яго.
Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.
Дурны верыць у кожнае слова, а разумны ўважны да сваіх шляхоў.
Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.
Мудры баіцца і адступае ад благога, а дурны — сьмелы і даходзіць.
Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.
Парыўчы чалавек можа зрабіць глупства, але чалавек, што ўмысна робіць благое — ненавісны.
Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.
Дурныя спадчынна маюць дурноту, а асьцярожныя карануюцца ведаю.
Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя — каля варот праведніка.
Благія паклоняцца добрым, а бязбожныя стаяць пад дзьвярыма справядлівых.
Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.
Беднага ня любяць нават ягоныя бліжнія, але шмат ёсьць такіх, што любяць багатых.
Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.
Хто пагарджае бліжнім сваім, той грашыць, а хто міласэрны да бедных, той шчасьлівы.
Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.
Ці-ж ня блудзяць тыя, што маюць благія намеры? Але міласэрдзьдзе і праўда ў тых, што выдумляюць добрае.
Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.
Ад кожнай працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі страта.
Вянок мудрых — багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.
Багацьце мудрых — іхняя карона, а дурнота дурных застаецца дурны.
Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.
Праўдзівы сьветка збаўляе душы, але фалшывы нагаворыць шмат маны.
У страху перад Госпадам — надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.
Страх перад Госпадам — моцная надзея і сынам Сваім Ён уцечка.
Страх Гасподні — крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.
Страх Госпада — крыніцаю жыцьця, якая аддаляе сеткі сьмерці.
У мностве народу — веліч цара, а пры малалюдзтве — бяда ўладару.
У мностве народу — веліч караля, а ў малой колькасьці людзей — бяда валадару.
У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.
Цярплівы чалавек мае шмат розуму, а парыўчы выказывае дурноту.
Ціхмянае сэрца — жыцьцё целу, а зайздрасьць — гнілізна касьцям.
Добрае сэрца жыцьцём для цела, а зайздрасьць — гніль для касьцёў.
Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.
Хто прыгнятае беднага, той пагарджае ягоным Стварыцелям, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.
За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.
За сваю злосьць бязбожны будзе выгнаны, а справядлівы мае надзею і пры сваёй сьмерці.
Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.
Мудрасьць знаходзіцца ў сэрцы мудрага, але зараз відаць, што ў сэрцы дурнога.
Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне — ганьба народаў.
Справядлівасьць узвышае народ, а грэх — ганьбаю народаў.
Ласка царова — рабу разумнаму, а гнеў цара — супроць таго, хто ганьбіць яго.
Кароль бывае ласкавы да разумнага слугі, але гневаецца на таго, хто прыносіць яму сорам.