Выслоўяў Саламонавых 4 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца розуму;
Слухайце, сынове, навуку айцову, слухайце ўважліва, каб пазнаць розум;
бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго.
Бо добрую навуку даю вам. Не пакідайце права майго;
Бо і я быў сын у бацькі майго, пяшчотна любімы і адзіны ў маці маёй.
Бо я быў сын айца свайго, кунежны адзіны ў маці сваёй;
І ён вучыў мяне і казаў мне: хай будуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві.
І ён вучыў мяне, і казаў імне: «Няхай сэрца твае дзяржыць моцна словы мае; дзяржы расказаньні мае й жыві;
Здабывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі!
Прыдбавай мудрасьць, прыдбавай кемнасьць; не забывайся а не адхінайся ад слоў вуснаў маіх.
Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы.
Не пакідай яе, і яна будзе бараніць цябе; любі яе, і яна будзе сьцерагчы цябе.
Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум.
Галоўна мудрасьць: прыдбай мудрасьць і за ўсю сваю маемасьць прыдбай кемнасьць;
Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе;
Вывыш яе, і яна цябе падыйме; яна ўславе цябе, калі ты абыймеш яе;
ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок.
Яна дасьць на галаву тваю вянок зычлівасьці, падаруе цябе каронаю харашыні».
Слухай, сыне мой, і прымі словы мае, — і памножацца гады твайго жыцьця.
Слухай, сыну мой, і прыймі словы мае, і памножацца гады жыцьця твайго.
Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе па сьцежках простых.
У дарозе мудрасьці я вучыў цябе, вёў цябе па простых сьцежках.
Калі пойдзеш, крокам тваім ня будзе завады, і калі пабяжыш, не спатыкнешся.
Як ты пойдзеш, сіг твой ня будзе зьдзержаваны, і як пабяжыш, не спатыкнешся.
Моцна трымайся наказу, не адкідай, захоўвай яго; бо ён — жыцьцё тваё.
Моцна дзяржыся навукі, ня кволь, сьцеражы яе; бо яна жыцьцё твае.
Ня выходзь на сьцежку бязбожнікаў, і не хадзі па дарозе ліхіх;
На сьцежку нягодных ня ўходзь і ня ступай на дарогу благіх;
пакінь яе, не хадзі ёю, ухіляйся ад яе і праходзь міма.
Сьцеражыся яе, абмінай яе, адхініся ад яе й абміні;
бо яны не заснуць, пакуль ня ўчыняць ліхога; прападзе сон у іх, пакуль яны не давядуць каго да падзеньня;
Бо яны не заснуць, пакуль ня зробяць ліха, і спабудуцца сну, калі ня прычыняць спатыкненьня;
бо яны ядуць хлеб беззаконьня і п’юць віно рабунку.
Бо яны ядуць хлеб нягоднасьці і п’юць віно ўсілства.
Сьцежка праведных — як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня.
А сьцежка справядлівых, як сьвятліня сьвітаньня, зьзяе ясьней а ясьней аж да супоўнага дня.
А шлях бязбожных — як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца.
Дарога нягодных, як глыбокая цямнота: яны на ведаюць, аб што спатыкнуцца.
Сыне мой! слоў маіх слухайся, і да прамоваў маіх нахілі тваё вуха;
Сыну мой! уважай на словы мае, да казаняў маіх нахіні вуха свае.
хай не адыдуць яны ад вачэй тваіх; захоўвай іх усярэдзіне сэрца твайго:
Няхай яны не адступаюць ад аччу тваіх; дзяржы іх у сэрцу сваім;
бо яны жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ацаленьне ўсяму яго целу.
Бо яны — жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ўсяму целу ягонаму ўздараўленьне.
Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё; бо ў ім — крыніца жыцьця.
Над усе сьцеражонае сьцеражы сэрца свае, бо зь яго жаролы жыцьця.
Адкінь ад сябе ілжывасьць вуснаў, і круцельства языка адхісьні ад сябе.
Адвярні ад сябе ашукны рот і крутадушныя вусны здаль ад сябе.
Вочы твае хай наперад глядзяць, і позірк твой хай скіраваны будзе перад табою.
Вочы твае хай глядзяць проста, і векі твае проста перад табою.
Абдумай сьцежку назе тваёй, і ўсе дарогі твае хай будуць пэўныя.
Разваж добра сьцежку ног сваіх, і ўсі дарогі твае ўладзяцца.
Ня ўхіляйся ні направа, ні налева; адвядзі нагу тваю ад ліхога.
Не адхінайся ані направа, ані налева; адвярні нагу сваю ад ліха.