Выслоўяў Саламонавых 5 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй,
Сыну мой! уважай на мудрасьць маю, да розуму майго сьхіні вуха свае,
каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае.
Каб зважаць на разважнасьць, і каб вусны твае захавалі веду;
Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе;
Бо саладзіня капае з вуснаў чужое, і мякчэйшае за аліву паднябеньне ейнае:
але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны,
Але наапошку яно гаркое, як палын, войстрае, як абаротны меч;
ногі яе сыходзяць да сьмерці, ступакі яе дастаюць да апраметнай.
Ногі ейныя зыходзяць да сьмерці, і ступы хапаюцца за шэоль.
Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх.
Дарогу жыцьця калі зважыш, то абачыш блудныя сьцежкі ейныя, і ты іх не пазнаеш.
Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх.
І цяперака, сынове, слухайце мяне й не адступайце ад слоў вуснаў маіх:
Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе,
Аддаль ад яе дарогу сваю і ня бліжся да дзьвярэй дому ейнага,
каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку;
Каб не аддаць іншым пазору свайго і год сваіх неміласьціўнаму,
каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом.
Каб чужыя не насыціліся сілаю тваёю, працаю тваёю ў чужым доме.
І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца,
І ты будзеш наракаць наапошку, як высіліш цела свае й еміну сваю,
і скажаш: «навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагарджала,
І скажаш: «Як я ненавідзіў навуку, і зырам грэбавала сэрца мае!
і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да настаўнікаў?
І я ня слухаў голасу вучыцеляў сваіх і да навучыцеляў сваіх ня сьхінаў вуха свайго.
Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха сярод сходу і грамады!»
Бываў я траха ў кажным ліху сярод збору й грамады».
Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні.
Пі ваду з налевы свае і цякучую із студні свае.
Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў — па плошчах;
Крыніцы твае хай разьліваюцца на вонкі, цур’і водаў — па вуліцах;
хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою.
Хай яны належаць да цябе аднаго, а ня чужым із табою.
Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці,
Хай будзе дабраславёна жарало твае, і май радасьць із жонкі маладосьці свае,
любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды.
Любовае лані а пазорнае сэрны; няхай грудзі яе досыць чыняць табе ў кажным часе; заўсёды захапляйся яе любосьцяй.
І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое?
І нашто, сыну мой, хочаш захапляцца чужою і абыймаць улоньне другое?
Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго.
Бо перад відам СПАДАРА дарогі людзкія, і Ён мерае ўсі сьцежкі ягоныя.
Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны.
Нягоднага схопяць бяспраўі ягоныя, і яго будуць дзяржаць моцна паварозы грэху ягонага;
Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца.
Ён памірае зь нястачы навукі і ў множасьці шалу свайго заблудзіцца.