Выслоўяў Саламонавых 16 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада.
Прыгатова сэрца ў чалавека, але адказ языка ад СПАДАРА.
Усе шляхі чалавека чыстыя ў ягоных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы.
Усі дарогі людзіны чыстыя ў ваччу ейным, але СПАДАР важа духі.
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.
Узвалі справы свае на СПАДАРА, і думкі твае здойсьняцца.
Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу.
СПАДАР учыніў усе дзеля Сябе; і нават нягоднага — на дзень ліха.
Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня.
Агіда СПАДАРУ кажны пыхаты сэрцам; можна паручыцца, што ён не застанецца непакараным.
Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха.
Міласэрдзям а праўдаю адзержуюць залашчаньне за бяспраўе, і боязьнь СПАДАРА адводзе ад благога.
Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім.
Як дарогі людзіны падабае СПАДАР, Ён годзе зь ёю нават непрыяцеляў ейных.
Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю.
Валей малое із справядлівасьцю, чымся вялікі прыбытак бяз права.
Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным.
Сэрца людзіны абдумае дарогу сваю, але СПАДАР кіруе сіг ейны.
У вуснах у цара — слова натхнёнае; вусны яго не павінны грашыць на судзе.
Калі натханы рассудак у вуснах караля, не хвальшуе рот ягоны на судзе.
Правільныя вагі і вагавыя шалі — ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе.
Верныя бязьмен а шалькі — СПАДАРОВЫ; усі камяні ў хатулю работы Ягонае.
Агідная царам — дзея беззаконная, бо праўдай мацуецца трон.
Агіда каралём рабіць нягоднасьць, бо пасады мацуюцца справядлівасьцю.
Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць.
Упадабаньне каралём вусны справядлівыя, і гукаючага пасьцівасьць ён любе.
Царскі гнеў — весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго.
Гнеў каралеўскі — пасланцы сьмерці, але мудрая людзіна ўлашча яго.
У ясным позірку цара — жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае — як воблака з позьнім дажджом.
У сьвятліні віду каралёвага — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная, як булак познага дажджу.
Здабыць мудрасьць намнога лепш за золата, і здабыць розум лепш за чыстае срэбра.
Валей прыдбаць мудрасьць, чымся добрае золата; і прыдбаць розум, чымся выборнае срэбра.
Шлях у праведных — унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой.
Гасьцінец пасьцівых — адступіць ад благога; хто сьцэражэць дарогу сваю — сьцеражэць душу сваю.
Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню — пыха.
Перад патрышчаньням — гордасьць, і пыха — перад упадкам.
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі.
Валей быць пакорным ізь беднымі, чымся дзяліць здабытак із гордымі.
Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасны.
Разумны ў справах знаходзе дабро, і хто спадзяецца на СПАДАРА — шчасьлівы.
Мудры сэрцам разумным назавецца, і салодкая мова дадасьць да навукі.
Мудрага сэрцам назавуць разважным, і саладзіня вуснаў павялічае навуку.
Розум таму, хто мае яго, — крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных — дурнота.
Жарало жыцьця розум маючаму яго, але навука дурных дурнота.
Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.
Сэрца мудрага вуча вусны ягоныя і вуснам ягоным дадаець веды.
Прыемная мова — сотавы мёд, салодкая душы і гойная касьцям.
Прыемныя словы — скрыль мёду, салодкія душы і лек касьцём.
Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх — да сьмерці.
Бывае, дарога дзеля людзіны простаю, але канец яе — дарогі сьмерці.
Працаўнік працуе на сябе, бо панукае яго рот ягоны.
Гарапашнік — гарапашны сабе, бо рот ягоны сіле яго.
Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь палючы.
Людзіна веляла капае ліха, і на вуснах ейных пякучае цяпло.
Чалавек хітры сее разлад, а нагаворшчык разлучае сяброў.
Крутадух сее нязгоду, і шаптун разлучае прыяцеляў.
Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;
Гвалтоўнік надзе прыяцеля свайго і вядзець яго на нядобрую дарогу,
прыплюшчвае вочы, каб прыдумаць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.
Жмура вочы свае, каб выдумляць крутадушнасьць; кратаючы вуснамі сваімі, дзее ліха.
Вянок славы — сівізна на дарозе праўды.
Карона харашыні — сівізна, на дарозе справядлівасьці знаходзяць яе.
Доўгацярплівы лепшы за адважнага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада.
Валей памальны да гневу, чымся дужасіл; і валодаючы духам сваім, чымся бяручы места.
На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны — ад Госпада.
Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад СПАДАРА ўвесь суд яго.