Эклезіяста 7 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці — за дзень нараджэньня.
 
Добрае імя лепшае ад каштоўнай масьці і дзень сьмерці ад дня нараджэньня.

Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.
 
Лепш хадзіць у дом плачу, чым у дом бяседы, бо там бачыш канец кожнага чалавека, а жывы прыложыць гэта да свайго сэрца.

Смутак лепшы за сьмех; таму што пры смутку асобы сэрца робіцца лепш.
 
Сум лепшы ад сьмеху, бо пры суме аблічча палепшываецца сэрца.

Сэрца мудрых — у доме плачу, а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым.
 
Сэрца мудрых у доме плачу, а сэрца дурных у доме вясельля.

Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;
 
Лепш слухаць абвінавачваньне мудрага, чым песьні дурнога;

бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта — марнасьць!
 
бо сьмех дурнога — тое самае, што трэск гальля цёрну пад катлом. І гэта дарэмнасьць.

Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.
 
Прыгнятаючы іншых мудры робіцца дурным, а дары асьляпляюць сэрца.

Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.
 
Канец справы лепшы, чым пачатак; чалавек цярплівы лепшы, чым горды.

Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.
 
Ня будзь у духу тваім хуткі да гневу, бо гнеў спачывае ў сэрцах дурных.

Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» — не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.
 
Не кажы: — чаму гэта ранейшыя дні былі лепшыя за цяперашнія, бо ня з мудрасьці ты пытаеш гэта.

Добрая мудрасьць — як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:
 
Мудрасьць добрая пры маемасьці і карысная тым, хто бачыць сонца,

бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.
 
бо ў цяні мудрасьці, як у цяні серабра адпачывае чалавек, але перавага мудрасьці ў тым, што мудрасьць дае жыцьцё тым, хто ёю валодае.

Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.
 
Прыгледзься Божым учынкам, бо хто можа выпраставаць тое, што зрабіў крывым?

У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.
 
У добры час карыстайся дабром, а ў благі час раздумывай: і адно і другое зрабіў Бог па тое, каб чалавек нічога ня мог даведацца таго, што будзе пасьля яго.

Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.
 
Усяго нагледзеўся я ў надарэмныя дні мае: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожнік доўга жыве ў сваёй злосьці.

Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
 
Ня будзь занадта суровы, ані занадта мудрым: пашто табе губіць сябе?

Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?
 
Не аддавайся граху і ня будзь шалёным: пашто табе паміраць не ў свой час?

Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.
 
Добра, калі ты будзеш трымацца аднаго і не адымаць рукі ад другога, дзеля таго, што той, хто баіцца Бога, унікне ўсяго гэтага.

Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.
 
Мудрасьць робіць мудрага сільнейшым за дзесяць валадароў, якія ёсьць у месьце.

Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;
 
Запраўды няма справядлівага чалавека на зямлі, які-б рабіў дабро і не грашыў.

таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.
 
Дзеля гэтага не зварочывай увагі на кожнае сказанае слова, каб не пачуць, як слугі блага гавораць аб табе,

Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.
 
бо тваё сэрца ведае шмат выпадкаў, калі і ты сам блага гаварыў аб іншых.

Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне.
 
Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцяй і сказаў: — буду мудрым; але мудрасьць далёка ад мяне.

Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?
 
Далёка тое, што было і глыбока, — хто гэта знойдзе.

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.
 
Зьвярнуўся я сэрцам маім да таго, каб знайсьці і пазнаць і дасьлежаваць мудрасьць і розум і пазнаць бязбожнасьць, дурноту, няведы і шаленства;

І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца ў яе — пастка, рукі ў яе — кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.
 
і знайшоў я, што жанчына горш сьмерці, бо яна — сетка, а сэрца яе — сіло, а рукі яе — путы. Добры перад Богам збавіцца ад яе, а грэшнік будзе ёю злоўлены.

Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.
 
Вось гэта знайшоў я, сказаў Экклезіяст, дасьледуючы адно за другім.

Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.
 
Чаго яшчэ шукала мая душа і чаго я не знайшоў? Мужчыну ад тысячы я знайшоў, але жанчыны паміж усімі я не знайшоў.

Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.
 
Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека добрым, а людзі скіраваліся за рожнымі думкамі.