Эклезіяста 7 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Лепш [добрае] імя, чым добры алей, і [лепш] дзень сьмерці, чым дзень нараджэньня.
 
Добрае імя лепшае ад каштоўнай масьці і дзень сьмерці ад дня нараджэньня.

Лепш ісьці ў дом жалобы, чым ісьці ў дом сьвяткаваньня, бо там — канец кожнага чалавека, і [чалавек] жывы складае гэта ў сэрцы сваім.
 
Лепш хадзіць у дом плачу, чым у дом бяседы, бо там бачыш канец кожнага чалавека, а жывы прыложыць гэта да свайго сэрца.

Лепш смутак, чым сьмех, бо праз засмучанае аблічча будзе лепшым сэрца.
 
Сум лепшы ад сьмеху, бо пры суме аблічча палепшываецца сэрца.

Сэрца мудрых — у доме жалобы, а сэрца дурняў — у доме радасьці.
 
Сэрца мудрых у доме плачу, а сэрца дурных у доме вясельля.

Лепш чалавеку слухаць дакараньні мудрага, чым слухаць сьпеў дурняў.
 
Лепш слухаць абвінавачваньне мудрага, чым песьні дурнога;

Бо сьмех дурня — як трэскат трэсак пад гаршчком. І гэта таксама марнасьць.
 
бо сьмех дурнога — тое самае, што трэск гальля цёрну пад катлом. І гэта дарэмнасьць.

Бо прыгнёт [іншых] мудрага робіць шалёным, і падарунак псуе сэрца.
 
Прыгнятаючы іншых мудры робіцца дурным, а дары асьляпляюць сэрца.

Лепш канец справы, чым яе пачатак, лепш павольны [на гнеў], чым фанабэрысты.
 
Канец справы лепшы, чым пачатак; чалавек цярплівы лепшы, чым горды.

Ня будзь хуткі да гневу ў духу тваім, бо гнеў жыве ў заўлоньні дурняў.
 
Ня будзь у духу тваім хуткі да гневу, бо гнеў спачывае ў сэрцах дурных.

Не кажы: “Што гэта такое, што ранейшыя дні былі лепшыя, чым цяперашнія?”, бо ня з мудрасьці ты пытаешся пра гэта.
 
Не кажы: — чаму гэта ранейшыя дні былі лепшыя за цяперашнія, бо ня з мудрасьці ты пытаеш гэта.

Добрая мудрасьць разам са спадчынай, асабліва для таго, хто бачыць сонца.
 
Мудрасьць добрая пры маемасьці і карысная тым, хто бачыць сонца,

Бо ў ценю мудрасьці як у ценю срэбра; і карысьць веданьня [ў тым, што] мудрасьць дае жыцьцё таму, хто мае яе.
 
бо ў цяні мудрасьці, як у цяні серабра адпачывае чалавек, але перавага мудрасьці ў тым, што мудрасьць дае жыцьцё тым, хто ёю валодае.

Паглядзі на справы Божыя, бо хто можа выпрастаць тое, што Ён скрывіў.
 
Прыгледзься Божым учынкам, бо хто можа выпраставаць тое, што зрабіў крывым?

У дзень добры карыстайся з добрага, а ў дзень ліхі ўбач, што адно зрабіў Бог насупраць другога, так што не знойдзе чалавек, што будзе пасля яго.
 
У добры час карыстайся дабром, а ў благі час раздумывай: і адно і другое зрабіў Бог па тое, каб чалавек нічога ня мог даведацца таго, што будзе пасьля яго.

Усё гэта я бачыў у дні марнасьці маёй: вось, праведнік гіне ў праведнасьці сваёй, і вось бязбожнік доўга жыве ў ліхоце сваёй.
 
Усяго нагледзеўся я ў надарэмныя дні мае: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожнік доўга жыве ў сваёй злосьці.

Ня будзь залішне праведны, і ня будзь надта мудры! Навошта маеш нішчыць сам сябе?
 
Ня будзь занадта суровы, ані занадта мудрым: пашто табе губіць сябе?

Не асуджай залішне і ня будзь дурнем! Навошта табе паміраць ня ў свой час?
 
Не аддавайся граху і ня будзь шалёным: пашто табе паміраць не ў свой час?

Добра, калі будзеш трымацца аднаго, і ад другога не прыбірай рукі тваёй, бо той, хто баіцца Бога, пазьбегне ўсяго гэтага.
 
Добра, калі ты будзеш трымацца аднаго і не адымаць рукі ад другога, дзеля таго, што той, хто баіцца Бога, унікне ўсяго гэтага.

Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.
 
Мудрасьць робіць мудрага сільнейшым за дзесяць валадароў, якія ёсьць у месьце.

Бо няма на зямлі чалавека праведнага, які робіць дабро і не грашыць.
 
Запраўды няма справядлівага чалавека на зямлі, які-б рабіў дабро і не грашыў.

Таксама кожнае слова, што гавораць, не ўкладай у сэрца тваё, і ня слухай, як слуга твой праклінае цябе;
 
Дзеля гэтага не зварочывай увагі на кожнае сказанае слова, каб не пачуць, як слугі блага гавораць аб табе,

бо ведае сэрца тваё, што ты шмат разоў таксама праклінаў іншых.
 
бо тваё сэрца ведае шмат выпадкаў, калі і ты сам блага гаварыў аб іншых.

Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцю. Я сказаў: “Я буду мудрым”, але [мудрасьць] далёка ад мяне.
 
Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцяй і сказаў: — буду мудрым; але мудрасьць далёка ад мяне.

Далёка тое, што ўжо было, і глыбокае, глыбокае. Хто знойдзе яго?
 
Далёка тое, што было і глыбока, — хто гэта знойдзе.

Зьвярнуў я сэрца маё, каб спазнаць і дасьледаваць, і шукаць мудрасьць і разуменьне, і каб спазнаць, што бязбожнасьць — дурасьць, а глупота — шаленства.
 
Зьвярнуўся я сэрцам маім да таго, каб знайсьці і пазнаць і дасьлежаваць мудрасьць і розум і пазнаць бязбожнасьць, дурноту, няведы і шаленства;

І знайшоў я, што гарчэйшая за сьмерць жанчына, у якой сэрца як пастка і сіло, а рукі ейныя — як путы. Хто добры перад абліччам Бога, той уратуецца ад яе; а грэшнік будзе злоўлены ёю.
 
і знайшоў я, што жанчына горш сьмерці, бо яна — сетка, а сэрца яе — сіло, а рукі яе — путы. Добры перад Богам збавіцца ад яе, а грэшнік будзе ёю злоўлены.

Вось гэта я знайшоў, сказаў Эклезіяст, адно з другім [параўноўваючы], каб знайсьці разуменьне.
 
Вось гэта знайшоў я, сказаў Экклезіяст, дасьледуючы адно за другім.

Чаго яшчэ шукала душа мая і не знайшла? Чалавека аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод усіх іх не знайшоў.
 
Чаго яшчэ шукала мая душа і чаго я не знайшоў? Мужчыну ад тысячы я знайшоў, але жанчыны паміж усімі я не знайшоў.

Вось толькі гэта я знайшоў, што Бог зрабіў чалавека правым, а яны шукаюць усялякія прыдумкі.
 
Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека добрым, а людзі скіраваліся за рожнымі думкамі.