Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Эклезіяста 7 Эклезіяста 7 разьдзел

1 Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці — за дзень нараджэньня.
2 Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.
3 Смутак лепшы за сьмех; таму што пры смутку асобы сэрца робіцца лепш.*
4 Сэрца мудрых — у доме плачу,* а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым.
5 Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;
6 бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта — марнасьць!
7 Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.
8 Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.
9 Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.
10 Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» — не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.
11 Добрая мудрасьць — як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:
12 бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.
13 Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.
14 У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.
15 Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.
16 Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
17 Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?
18 Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.
19 Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.
20 Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;
21 таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.
22 Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.
23 Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне.
24 Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?
25 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.
26 І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца ў яе — пастка, рукі ў яе — кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.
27 Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.
28 Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.
29 Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.

Каментары ці зноскі:

3−4 У друкаванай версіі з двух вершаў зроблены адзін, ён гучыць так: «Смутак лепшы за сьмех; а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым». Прапушчана два выраження. Павінна быць: «3 Смутак лепшы за сьмех; таму што пры смутку асобы сэрца робіцца лепш. 4 Сэрца мудрых — у доме плачу, а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым.»

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002