Данііла 3 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Цар Навухаданосар зрабіў залатога ідала, у вышыню шэсьцьдзясят локцяў, у шырыню шэсьць локцяў, паставіў яго ў даліне Дэіра, у Вавілонскім краі,
 
Кароль Набухаданосар зрабіў залатую статую, вышынёю шэсьцьдзесят лакцёў, шырынёю шэсьць лакцёў; паставіў яе на полі Дэір, у Бабілёнскай краіне.

і паслаў цар Навухаданосар сабраць сатрапаў, намесьнікаў, ваяводаў, вышэйшых судоўцаў, скарбоўцаў, законазнаўцаў, судаўпраўцаў, і ўсіх акруговых валадароў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар.
 
Тады паслаў кароль Набухаданосар сабраць князёў, намесьнікаў, гэтманаў, галоўных судзьдзяў, праўнікаў, урадаўцаў і ўсіх краёвых намесьнікаў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.

І сабраліся сатрапы, намесьнікі, ваеначальнікі, вышэйшыя судоўцы, скарбоўцы, законазнаўцы, судаўпраўцы і ўсе акруговыя валадары на пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар, і сталі перад ідалам, якога паставіў Навухаданосар.
 
І сабраліся намесьнікі, гэтманы, галоўныя судзьдзі, скарбнікі, праўнікі, урадаўцы і ўсе краёвыя намесьнікі на адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар і сталі перад статуяй, якую паставіў Набухаданосар.

Тады спавесьнік голасна ўсклікнуў: «абвяшчаецца вам, народы, плямёны і роды:
 
Тады спавесьнік голасна абвесьціў: — паведамляюцца вам народы, плямёны і языкі:

у той час, як пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра, і ўсякай іншай музыкі, упадзеце і пакланецеся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар,
 
Калі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар,

а хто не ўпадзе і не паклоніцца, адразу ўкінуты будзе ў распаленую вогненную печ».
 
а хто не ўпадзе іне паклоніцца, той зараз будзе ўкінены ў распаленую вагнём печ.

Пасьля таго, як усе народы пачулі голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і ўсякага роду музыкі, пападалі ўсе народы, плямёны і роды і пакланіліся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар.
 
Дзеля гэтага, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, дык усе народы, плямёны і языкі ўпалі і пакланіліся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.

У гэты самы час падступіліся некаторыя Халдэі і данесьлі на Юдэяў.
 
У тым-жа часе прыступілі некаторыя халдэі, жалячыся на жыдоў.

Яны сказалі цару Навухаданосару: «цару, вавек жыві!
 
Яны сказалі каралю Набухаданосару: — кароль! жыві вечна!

Ты, цару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра і ўсякага роду музыкі, упаў і пакланіўся залатому ідалу;
 
Ты, кароль, даў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў і сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся залатой статуі,

а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе ўкінуты ў распаленую вогненную печ.
 
а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той павінен быць укінены ў распаленую вагнём печ.

Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі Вавілонскага краю, Сэдрах, Місах і Аўдэнага; гэтыя мужы не паслухаліся твайго загаду, цару, багам тваім ня служаць і залатому ідалу, якога ты паставіў, не пакланяюцца».
 
Знайшліся аднак некаторыя жыды, якіх ты паставіў над справамі Бабілёнскай краіны — Сэдрах, Місах і Абдэна; гэтыя ня слухаючыся твайго загаду, не кланяюцца тваім багом і не кланяюцца залатой статуі, якую ты паставіў.

Тады Навухаданосар у гневе і лютасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Аўдэнага; і прывялі гэтых мужоў да цара.
 
Тады Набухаданосар у гневе і ярасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Абдэна і былі яны прыведзеныя да караля.

Навухаданосар сказаў ім: «ці з намыслам вы, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся?
 
Набухаданосар сказаў ім: — Ці вы ўмысна, Сэдрах, Місах і Абдэна не шануеце маіх багоў і не кланяецеся залатой статуі, якую я паставіў?

Ад сёньня, калі вы гатовыя, як толькі пачуеце голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў, псалтыра і ўсякага роду музыкі, упадзеце і пакланецеся ідалу, якога я зрабіў; а як не паклоніцеся, дык у той самы час будзеце ўкінуты ў печ распаленую, вогненнную печ, і тады хто той Бог, Які ўратуе вас ад маёй рукі?»
 
Цяпер, калі вы гатовы, як толькі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся статуі, якую я зрабіў, калі-ж вы не паклоніцеся, дык зараз-жа будзеце ўкіненыя ў распаленую вагнём печ і тады які Бог збавіць вас ад маёй рукі?

І адказвалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі цару Навухаданосару: «няма нам патрэбы адказваць табе на гэта.
 
Адказалі Сэдрах, Місах і Абдэна і сказалі каралю Набухаданосару: — мы ня дбаем аб тое, што адказаць табе на гэта.

Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распаленай вогненнай печы, і ад тваёй рукі, цару, выбавіць.
 
Бог наш, якому мы кланяемся, мае сілу выратаваць нас ад распаленай вагнём печы і вызваліць нас ад тваёй рукі.

Калі ж і ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, цару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў, не паклонімся».
 
Калі-ж і не здарыцца так, дык няхай будзе табе кароль ведама, што мы ня будзем кланяцца тваім багом і не паклонімся залатой статуі, якую ты паставіў.

Тады Навухаданосар напоўніўся лютасьцю, і выгляд ягонага твару зьмяніўся перад Сэдрахам, Місахам і Аўдэнагам, і ён загадаў напаліць печ у сем разоў мацней, чым як трэба было напаліць яе,
 
Тады Набухаданосар так раз’ярыўся на Сэдраха, Місаха і Абдэна, што зьмяніўся выгляд ягонага твару і загадаў, каб распалілі печ сем разоў мацней, чым яе звычайна распалівалі,

і самым дужым мужам з войска свайго загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Аўдэнага і ўкінуць іх у распаленую вогненную печ.
 
і самым сільным мужом з свайго войска загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Абдэна і ўкінуць іх у распаленую вагнём печ.

Тады мужы гэтыя былі зьвязаны ў сваім споднім і верхнім адзеньні, у галаўных павязках і ў іншым убраньні і ўкінуты ў распаленую вогненную печ.
 
Тады гэных мужоў зьвязалі ў плашчох іх і вопратках іх і ў павязках галавы і іншых адзежах іх і ўкінулі ў распаленую вагнём печ.

І як загад цара быў строгі, і печ напалена была вельмі моцна, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, якія ўкідалі Сэдраха, Місаха і Аўдэнага.
 
А дзеля таго, што каралеўскі загад быў суровы і печ была вельмі распаленая, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, што кідалі Сэдраха, Місаха і Адбэна,

А гэтыя тры мужы — Сэдрах, Місах і Аўдэнага — упалі ў распаленую вогненную печ зьвязаныя.
 
а гэныя тры мужы — Сэдрах, Місах і Абдэн, упалі зьвязаныя ў распаленую вагнём печ.

Навухаданосар цар вельмі зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў і сказаў сваім вяльможам: «ці ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў агонь?» Яны ў адказ сказалі цару: «сапраўды так, цару!»
 
Кароль Набухаданосар зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў, гаворачы сваім магнатам: — ці-ж ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў вагонь? Тыя адказываючы сказалі: — запраўды так, кароль.

На гэта Ён сказаў: «вось, я бачу чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма; а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага».
 
На гэта ён адказаў: — вось я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод вагню і няма ім ніякай шкоды, а асоба чацьвертага падобная да сына Божага.

Тады Навухаданосар падышоў да вусьця распаленай вогненнай печы, і сказаў: «Сэдрах, Місах і Аўдэнага, рабы Бога Ўсявышняга! выйдзіце і падыдзеце!» Тады Сэдрах, Місах і Аўдэнага выйшлі зь сярэдзіны агню.
 
Тады Набухаданосар падыйшоў да атворыны печы і сказаў: — Сэдрах, Місах і Абдэн, слугі Найвышэйшага Бога, выйдзеце і падыйдзеце! Тады Сэдрах, Місах і Абдэн выйшлі з пасярод вагню.

І сабраўшыся, сатрапы, намесьнікі і царовыя радцы ўгледзелі, што над целамі гэтых мужоў агонь ня меў сілы, і валасы на галаве не абпалены, і вопратка іх не зьмянілася, і нават паху агню ня было ад іх.
 
І сабраліся князі, намесьнікі, гэтманы і каралеўскія райцы і пабачылі, што над целамі гэтых мужоў вагонь ня меў сілы і валасы на іх галаве не апаліліся і вопраткі іхныя не зьмяніліся і нават запаху вагню ня было ад іх.

Тады Навухаданосар сказаў: «дабраславёны Бог Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх рабоў, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся царскага загаду і аддалі свае целы ў агонь, абы ня служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога свайго!
 
Тады сказаў Набухаданосар: — багаслаўлёны Бог Сэдраха, Місаха і Абдэна, Які паслаў свайго Ангела і вызваліў слугаў сваіх, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся каралеўскага загаду і перадалі целы сваі, каб ня служыць і не кланяцца іншаму Богу, апрача Бога свайго.

І ад мяне даецца загад, каб з кожнага народу, племя і роду, хто скажа агуднае на Бога Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, быў пасечаны на кавалкі, а дом яго ператвораны ў руіны, бо няма іншага Бога, Які мог бы так ратаваць».
 
Ад мяне выдаецца загад, каб з кожнага народу, племені і языка, хто скажа якое-небудзь блюзьнерства на Бога Сэдраха, Місаха і Абдэна, быў парубаны на кавалкі і дом ягоны зруйнаваны, бо няма іншага Бога, які-б мог так ратаваць.

Тады ж цар узвысіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага ў Вавілонскім краі.
 
Тады кароль узвысіў Сэдраха, Місаха і Абдэна ў Бабілёнскай краіне.

«Навухаданосар цар усім народам, плямёнам і родам, якія жывуць на ўсёй зямлі: хай вам мір памножыцца!
 
Набухаданосар, кароль, усім народам, плямёнам і языком, жывучым па ўсёй зямлі: мір вам няхай памножыцца!

Азнакі і цуды, якія ўчыніў над мною Ўсявышні Бог, заўгодна мне абвясьціць вам.
 
Знакі і цуды, якія ж учыніў са мною Найвышэйшы Бог, лічу я адпаведным расказаць.

Якія вялікія азнакі Яго і якія магутныя цуды Яго! Царства Яго — царства вечнае, а валадарства Яго — у роды і роды».
 
Як вялікія ягоныя знакі! Як магутныя Ягоныя цуды! Ягонае каралеўства — вечнае каралеўства і Ягонае валадараньне ад народу да народу.