Данііла 3 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Навухаданосар валадар зрабіў балвана з золата, вышыня ягоная — шэсцьдзясят локцяў, а шырыня ягоная — шэсьць локцяў. Ён паставіў яго на раўніне Дура ў краіне Бабілонскай.
 
Кароль Набухаданосар зрабіў залатую статую, вышынёю шэсьцьдзесят лакцёў, шырынёю шэсьць лакцёў; паставіў яе на полі Дэір, у Бабілёнскай краіне.

І Навухаданосар валадар паслаў сабраць князёў, начальнікаў і ваяводаў, судзьдзяў, скарбнікаў, раднікаў, урадоўцаў і ўсіх кіраўнікоў акругаў, каб яны прыйшлі на асьвячэньне балвана, якога паставіў Навухаданосар валадар.
 
Тады паслаў кароль Набухаданосар сабраць князёў, намесьнікаў, гэтманаў, галоўных судзьдзяў, праўнікаў, урадаўцаў і ўсіх краёвых намесьнікаў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.

Тады сабраліся князі, начальнікі і ваяводы, судзьдзі, скарбнікі, раднікі, урадоўцы і ўсе кіраўнікі акругаў на асьвячэньне балвана, якога паставіў Навухаданосар валадар, і сталі яны перад балванам, якога паставіў Навухаданосар валадар.
 
І сабраліся намесьнікі, гэтманы, галоўныя судзьдзі, скарбнікі, праўнікі, урадаўцы і ўсе краёвыя намесьнікі на адкрыцьцё статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар і сталі перад статуяй, якую паставіў Набухаданосар.

І весьнік голасна клікаў: «Вам паведамляецца, народы, плямёны і мовы!
 
Тады спавесьнік голасна абвесьціў: — паведамляюцца вам народы, плямёны і языкі:

У час, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упадзіце і пакланіцеся балвану залатому, якога паставіў Навухаданосар валадар.
 
Калі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар,

А хто не ўпадзе і не паклоніцца, у той жа момант будзе кінуты ў сярэдзіну печы, якая палае агнём».
 
а хто не ўпадзе іне паклоніцца, той зараз будзе ўкінены ў распаленую вагнём печ.

Дзеля гэтага ў той час, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, усе народы, плямёны і мовы ўпалі і пакланіліся балвану залатому, якога паставіў Навухаданосар валадар.
 
Дзеля гэтага, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, дык усе народы, плямёны і языкі ўпалі і пакланіліся залатой статуі, якую паставіў кароль Набухаданосар.

Дзеля гэтага ў той момант наблізіліся [да валадара] мужы Халдэйскія і абвінавацілі зласьліва Юдэяў.
 
У тым-жа часе прыступілі некаторыя халдэі, жалячыся на жыдоў.

Яны адказалі і сказалі Навухаданосару валадару: «Валадару, жыві на вякі!
 
Яны сказалі каралю Набухаданосару: — кароль! жыві вечна!

Ты, валадару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся балвану залатому.
 
Ты, кароль, даў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў і сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся залатой статуі,

А хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе кінуты ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.
 
а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той павінен быць укінены ў распаленую вагнём печ.

Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі краіны Бабілонскай, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго. Гэтыя мужы, валадару, не зважаюць на твой, валадару, загад, багам тваім ня служаць, і балвану залатому, якога ты паставіў, не пакланяюцца».
 
Знайшліся аднак некаторыя жыды, якіх ты паставіў над справамі Бабілёнскай краіны — Сэдрах, Місах і Абдэна; гэтыя ня слухаючыся твайго загаду, не кланяюцца тваім багом і не кланяюцца залатой статуі, якую ты паставіў.

Тады Навухаданосар у гневе і ў лютасьці сказаў прывесьці Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго. Тады мужоў гэтых прывялі да валадара.
 
Тады Набухаданосар у гневе і ярасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Абдэна і былі яны прыведзеныя да караля.

Адказаў Навухаданосар і сказаў ім: «Ці праўда, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, што вы багам маім ня служыце і балвану залатому, якога я паставіў, не пакланяецеся?
 
Набухаданосар сказаў ім: — Ці вы ўмысна, Сэдрах, Місах і Абдэна не шануеце маіх багоў і не кланяецеся залатой статуі, якую я паставіў?

Цяпер ці вы гатовыя, каб у час, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упасьці і пакланіцца балвану, якога я зрабіў? Але калі вы не паклоніцеся, у той жа момант будзеце кінутыя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём. І хто той Бог, Які выратуе вас з рук маіх?»
 
Цяпер, калі вы гатовы, як толькі пачуеце гук трубы, жалейкі, цымбалаў, скрыпкі, гусьляў, сымфаналу і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, падайце і кланяйцеся статуі, якую я зрабіў, калі-ж вы не паклоніцеся, дык зараз-жа будзеце ўкіненыя ў распаленую вагнём печ і тады які Бог збавіць вас ад маёй рукі?

Адказалі Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго і сказалі валадару: «Навухаданосар! Няма нам патрэбы адказваць табе ў гэтай справе.
 
Адказалі Сэдрах, Місах і Абдэна і сказалі каралю Набухаданосару: — мы ня дбаем аб тое, што адказаць табе на гэта.

Калі Бог наш, Якому мы служым, можа выратаваць нас з печы, якая палае агнём, Ён і з рукі тваёй, валадару, вызваліць.
 
Бог наш, якому мы кланяемся, мае сілу выратаваць нас ад распаленай вагнём печы і вызваліць нас ад тваёй рукі.

А [нават] калі не [вызваліць], няхай будзе вядома табе, валадару, што багам тваім мы ня будзем служыць і балвану залатому, якога ты паставіў, ня будзем пакланяцца».
 
Калі-ж і не здарыцца так, дык няхай будзе табе кароль ведама, што мы ня будзем кланяцца тваім багом і не паклонімся залатой статуі, якую ты паставіў.

Тады Навухаданосар напоўніўся гневам супраць Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, і выгляд аблічча ягонага зьмяніўся. Ён адказаў і сказаў, каб распалілі печ у сем разоў болей, чым была яна распаленая.
 
Тады Набухаданосар так раз’ярыўся на Сэдраха, Місаха і Абдэна, што зьмяніўся выгляд ягонага твару і загадаў, каб распалілі печ сем разоў мацней, чым яе звычайна распалівалі,

А ваярам-асілкам, якія [былі] ў войску ягоным, сказаў зьвязаць Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго і ўкінуць у печ, якая палае агнём.
 
і самым сільным мужом з свайго войска загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Абдэна і ўкінуць іх у распаленую вагнём печ.

Тады мужы гэтыя былі зьвязаныя ў плашчах іхніх, кашулях іхніх, турбанах іхніх і ў адзеньні іхнім і кінутыя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.
 
Тады гэных мужоў зьвязалі ў плашчох іх і вопратках іх і ў павязках галавы і іншых адзежах іх і ўкінулі ў распаленую вагнём печ.

А як слова валадара было жорсткае, печ была распалена надзвычайна, і мужоў тых, якія схапілі Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, забіла полымя агню.
 
А дзеля таго, што каралеўскі загад быў суровы і печ была вельмі распаленая, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, што кідалі Сэдраха, Місаха і Адбэна,

А гэтыя тры мужы, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, упалі зьвязаныя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.
 
а гэныя тры мужы — Сэдрах, Місах і Абдэн, упалі зьвязаныя ў распаленую вагнём печ.

Тады Навухаданосар валадар зьдзівіўся і ўстаў пасьпешліва, адказаў і сказаў раднікам сваім: «Ці ня трох мужоў зьвязаных мы кінулі ў сярэдзіну печы?» Яны адказалі і сказалі валадару: «Дакладна, валадару».
 
Кароль Набухаданосар зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў, гаворачы сваім магнатам: — ці-ж ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў вагонь? Тыя адказываючы сказалі: — запраўды так, кароль.

Ён адказаў і сказаў: «Але я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і пашкоджаньня няма на іх, а выгляд чацьвёртага падобны да Сына Божага».
 
На гэта ён адказаў: — вось я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод вагню і няма ім ніякай шкоды, а асоба чацьвертага падобная да сына Божага.

Тады наблізіўся Навухаданосар да адтуліны печы, якая палае агнём, і сказаў: «Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, слугі Таго, Хто ёсьць Богам Найвышэйшым, выйдзіце і прыйдзіце». Тады выйшлі Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго з сярэдзіны агню.
 
Тады Набухаданосар падыйшоў да атворыны печы і сказаў: — Сэдрах, Місах і Абдэн, слугі Найвышэйшага Бога, выйдзеце і падыйдзеце! Тады Сэдрах, Місах і Абдэн выйшлі з пасярод вагню.

І сабраліся начальнікі і раднікі валадара, і ўбачылі мужоў гэтых, што над целам іхнім агонь ня меў улады, і валасы галоваў іхніх не былі апаленыя, і плашчы іхнія не зьмяніліся, і паху агню не было ад іх.
 
І сабраліся князі, намесьнікі, гэтманы і каралеўскія райцы і пабачылі, што над целамі гэтых мужоў вагонь ня меў сілы і валасы на іх галаве не апаліліся і вопраткі іхныя не зьмяніліся і нават запаху вагню ня было ад іх.

Адказаў Навухаданосар і сказаў: «Дабраслаўлёны Бог Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, Які паслаў анёла Свайго і выратаваў слугаў Сваіх, якія спадзяваліся на Яго, і не паслухалі слова валадара, і аддалі целы свае, каб не служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога іхняга.
 
Тады сказаў Набухаданосар: — багаслаўлёны Бог Сэдраха, Місаха і Абдэна, Які паслаў свайго Ангела і вызваліў слугаў сваіх, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся каралеўскага загаду і перадалі целы сваі, каб ня служыць і не кланяцца іншаму Богу, апрача Бога свайго.

Дзеля гэтага я выдаю загад, што ўсякі з народу, племені і мовы, хто скажа блюзьнерства на Бога Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, будзе пасечаны на кавалкі, а дом ягоны будзе ператвораны ў руіну, бо няма іншага Бога, Які мог бы гэтак выратаваць».
 
Ад мяне выдаецца загад, каб з кожнага народу, племені і языка, хто скажа якое-небудзь блюзьнерства на Бога Сэдраха, Місаха і Абдэна, быў парубаны на кавалкі і дом ягоны зруйнаваны, бо няма іншага Бога, які-б мог так ратаваць.

Тады валадар узвысіў Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго ў краіне Бабілонскай.
 
Тады кароль узвысіў Сэдраха, Місаха і Абдэна ў Бабілёнскай краіне.

«Навухаданосар валадар — усім народам, плямёнам і мовам, якія жывуць на ўсёй зямлі: супакой ваш няхай памножыцца!
 
Набухаданосар, кароль, усім народам, плямёнам і языком, жывучым па ўсёй зямлі: мір вам няхай памножыцца!

Знакі і цуды, якія ўчыніў мне Бог Найвышэйшы, было мне даспадобы выявіць [вам].
 
Знакі і цуды, якія ж учыніў са мною Найвышэйшы Бог, лічу я адпаведным расказаць.

Якія вялікія знакі Ягоныя і якія магутныя цуды Ягоныя! Валадарства Ягонае — валадарства вечнае, і ўлада Ягоная — з пакаленьня ў пакаленьне!
 
Як вялікія ягоныя знакі! Як магутныя Ягоныя цуды! Ягонае каралеўства — вечнае каралеўства і Ягонае валадараньне ад народу да народу.