Данііла 10 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка
У трэці год Кіра, валадара Пэрсаў, слова было адкрыта Даніілу, якога называлі імем Бэльтэшацар; і слова гэтае — праўдзівае; і вайна вялікая; і ён зразумеў слова гэтае, і меў разуменьне відзежу.
У трэці год Кіра, караля Пэрскага, было слова Даніле, які быў названы імём Бальтазара, і праўдзівае было гэтае слова і вялікай сілы. І зразумеў ён слова, бо ўзяў разуменьне з відзежы.
У тыя дні я, Данііл, быў у жалобе тры тыдні дзён.
У тыя дні, я Даніла, быў сумны тры тыдні дзён.
Хлеба смачнага я ня еў, і мяса і віно не ўваходзілі ў вусны мае, і масьцямі я ня масьціў сябе, пакуль ня споўніліся тры тыдні дзён.
Я ня еў смачнога хлеба, мяса і віно не ўваходзілі ў мае вусны, і алеям я ня мазаўся, пакуль не прайшло тры тыдні дзён.
І ў дваццаць чацьвёрты дзень першага месяца я быў на беразе ракі вялікай, гэта Хідэкель.
А на дваццацьчацьверты дзень першага месяца быў я на беразе вялікай ракі — Тыгру
І ўзьняў я вочы мае, і глядзеў, і вось, адзін муж, апрануты ў ільняныя [шаты], і сьцёгны ягоныя падперазаныя шчырым золатам з Уфазу.
і ўзьняў вочы мае і пабачыў — вось нейкі муж апранены ў ільняную вопратку, а бёдры ягоныя апаясаныя золатам з Уфазу;
А цела ягонае — як тапаз, і аблічча ягонае — як выгляд маланкі, і вочы ягоныя — як полымя паходні, і рамёны ягоныя, і ногі ягоныя — колеру медзі блішчастай, а голас словаў ягоных — голас мноства [людзей].
цела ягонае было, як топаз, твар ягоны выглядаў, як маланка, вочы ягоныя, як запаленыя паходні, рукі і ногі ягоныя, на выгляд,а як блыскучая медзь, а голас словаў ягоных, як голас многіх людзёў.
І толькі я, Данііл, бачыў гэты відзеж, а людзі, якія былі са мною, ня бачылі гэтага відзежу, але страх вялікі ахапіў іх, і яны ўцяклі, каб схавацца.
Толькі адзін я, Даніла, бачыў гэтую відзеж, а людзі, што былі са мною ня бачылі гэтай відзежы, але напаў на іх вялікі страх і яны паўцякалі і пахаваліся,
І я застаўся адзін, і бачыў гэты відзеж вялікі, і ня стала сілы ў мяне, і велічнасьць мая зьмянілася ў-ва мне і зьнікла, і не засталося сілы [ў мяне].
а я застаўся адзін і глядзеў на гэтую вялікую відзеж, але ня засталося ў мяне сілы і выгляд твару майго зьмяніўся і ня меў я сьмеласьці.
І я пачуў голас словаў ягоных; і калі я пачуў голас словаў ягоных, я самлеў у глыбокім сьне на абліччы маім, і абліччам маім [ляжаў] на зямлі.
Тады пачуў я голас ягоных словаў і як толькі пачуў я голас ягоных словаў, заснуў я цьвёрда на твары сваёй і ляжаў тварам да зямлі,
І вось, рука дакранулася да мяне і паставіла мяне на каленях маіх і на далонях рук маіх.
але вось дакранулася да мяне рука і паставіла мяне на калены мае і на далоні рук маіх.
І ён сказаў мне: «Данііле, муж найкаштоўнейшы, зразумей словы, якія я гавару табе, і стань на месцы сваім, бо цяпер я пасланы да цябе». І калі ён гаварыў гэтае слова да мяне, я стаяў, дрыжучы.
І сказаў ён мне: — Даніла, вельмі прыемны муж, уважай на словы мае, якія я скажу табе і стой на месцы тваім, бо цяпер я пасланы да цябе. — Калі ён сказаў мне гэтыя словы, я дрыжучы ўстаў.
І ён сказаў мне: «Ня бойся, Данііле, бо з першага дня, калі ты скіраваў сэрца тваё да зразуменьня і ўпакоранасьці перад абліччам Бога твайго, былі пачутыя словы твае, і я прыйшоў дзеля словаў тваіх.
Але ён сказаў мне: — ня бойся, Даніла, з першага дня, як ты скіраваў сэрца тваё, каб дасягнуць разуменьня і ўпакорыўся перад Богам тваім, словы твае пачутыя і я прыйшоў дзеля словаў тваіх,
Але князь валадарства Пэрсаў стаяў супраць мяне дваццаць адзін дзень; і вось Міхаэль, адзін з першых князёў, прыйшоў дапамагчы мне, і я заставаўся там пры валадарах Пэрсаў.
але князь Пэрскага каралеўства стаяў супроць мяне дваццаць адзін дзень, пакуль Міхал, адзін з першых князёў, прыйшоў памагчы мне і я застаўся там пры Пэрскіх каралёх.
І я прыйшоў даць табе зразумець, што адбудзецца з народам тваім у канцы дзён, бо відзеж гэты [датычыць] тых дзён».
А цяпер я прыйшоў апавесьціць табе, што будзе з народам тваім у апошнія дні, бо відзеж адносіцца да далёкіх дзён.
І калі ён гаварыў да мяне гэтыя словы, я схіліў аблічча маё да зямлі і зьнямеў.
Калі ён гаварыў мне тыя словы я апусьціў твар да зямлі і зьнямеў.
І вось [нехта], падобны да сыноў чалавечых, дакрануўся да губаў маіх, і я адчыніў вусны мае, і прамовіў, і сказаў таму, хто стаяў перада мною: «Пане мой, ад відзежу гэтага боль мой напоўніў мяне, і не засталося сілы [ў мяне].
Але вось нехта, на выгляд падобны да сыноў чалавечых, дакрануўся вуснаў маіх і я адчыніў вусны мае, пачаў гаварыць і сказаў стоячаму перада мною: — валадару мой, ад гэтае відзежы павярнулася ў мяне нутро і ян стала ў мяне сілы.
І як можа слуга пана майго гаварыць з гэтым панам маім? Бо цяпер няма сілы ў мяне, і дыханьня не засталося ў-ва мне».
Як-жа можа гаварыць слуга такога валадара з такім валадаром маім, бо няма ў мяне сілы і дыханьне замерла ў мяне.
І зноў дакрануўся да мяне [нехта], падобны да чалавека і ўмацаваў мяне,
Тады ізноў дакрануўся да мяне той, падобны да чалавека і ўзмацаваў мяне
і сказаў: «Ня бойся, муж найкаштоўнейшы! Супакой табе! Будзь цьвёрды і будзь моцны!» І калі ён гаварыў да мяне, я ўмацаваўся і сказаў: «Кажы, пане мой, бо ты ўмацаваў мяне».
і сказаў: — ня бойся, вельмі прымны муж, мір табе; узмацуйся, ўзмацуйся. І калі ён гаварыў са мною я ўзмацаваўся і сказаў: — гавары, валадару мой, бо ты ўзмацаваў мяне.
І ён сказаў: «Ці ты ведаеш, чаму я прыйшоў да цябе? І цяпер я вярнуўся, каб ваяваць з князем Пэрсіі. І я адыйду, і вось, прыйдзе князь Явану.
І ён сказаў: — ці ведаеш па што я прыйшоў да цябе? Цяпер я вярнуся, каб змагацца з князем Пэрскім, а калі я выйду, дык прыйдзе князь Грэцкі.
Але я распавяду табе, што напісана ў запісе праўды. І няма нікога, хто падтрымлівае мяне ў гэтым [змаганьні], толькі Міхаэль, князь ваш.
Аднак я абвешчу табе, што напісана ў пісьме праўды, але ані воднага няма, які-б мужна стаяў пры мне, апрача Міхала, нашага князя.