Данііла 3 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Цар Навухаданосар зрабіў залатога ідала, у вышыню шэсьцьдзясят локцяў, у шырыню шэсьць локцяў, паставіў яго ў даліне Дэіра, у Вавілонскім краі,
 
Кароль Бабілёнскі зрабіў залаты абраз увышкі шасьцьдзясят локцяў, ушыркі шэсьць локцяў; пастанавіў яго на раўніне Дуры ў краю Бабілёнскім.

і паслаў цар Навухаданосар сабраць сатрапаў, намесьнікаў, ваяводаў, вышэйшых судоўцаў, скарбоўцаў, законазнаўцаў, судаўпраўцаў, і ўсіх акруговых валадароў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар.
 
Тады кароль Невухаднецар паслаў зьберці князёў, намесьнікаў а вайводаў, судзьдзяў, скарбных, райцаў, ураднікаў а ўсіх дзяржаўцаў краінаў, каб прышлі на пасьвячэньне абраза, каторы пастанавіў кароль Невухаднецар.

І сабраліся сатрапы, намесьнікі, ваеначальнікі, вышэйшыя судоўцы, скарбоўцы, законазнаўцы, судаўпраўцы і ўсе акруговыя валадары на пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар, і сталі перад ідалам, якога паставіў Навухаданосар.
 
Тады зьберліся князі, намесьнікі а вайводцы, судзьдзі, скарбныя, райцы а ўсі дзяржаўцы краінаў на пасьвячэньне абраза, што кароль Невухаднецар пастанавіў, і сталі перад абразом, каторы Невухаднецар пастанавіў.

Тады спавесьнік голасна ўсклікнуў: «абвяшчаецца вам, народы, плямёны і роды:
 
Тады віж голасна гукаў: «Вам расказана, люды, народы й мовы:

у той час, як пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра, і ўсякай іншай музыкі, упадзеце і пакланецеся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар,
 
У часе, як пачуеце гук корнэту, жалейкі, гарпы, сакбута, псалтыра, цымбалаў і ўсялякіх музыцкіх снадзяў, падзіце а пакланіцеся залатому абразу, што кароль Невухаднецар пастанавіў.

а хто не ўпадзе і не паклоніцца, адразу ўкінуты будзе ў распаленую вогненную печ».
 
А хто не падзець а не паклоніцца, тае ж гадзіны будзе кінены ўнутр палаючае цяплом печы».

Пасьля таго, як усе народы пачулі голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і ўсякага роду музыкі, пападалі ўсе народы, плямёны і роды і пакланіліся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар.
 
Затым у часе, як усі людзі пачулі гук корнэту, жалейкі, гарпы, сакбута, псалтыра і ўсялякіх музыцкіх снадзяў, усі люды, народы й мовы палі, пакланіліся залатому абразу, што кароль Невухаднецар пастанавіў.

У гэты самы час падступіліся некаторыя Халдэі і данесьлі на Юдэяў.
 
З гэтае прыгоды як стой дабліжыліся мужы хальдэйскія і абвінавалі Юдэяў.

Яны сказалі цару Навухаданосару: «цару, вавек жыві!
 
Яны гукалі й сказалі каралю Невухаднецару: «Каролю, жыві на векі!

Ты, цару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра і ўсякага роду музыкі, упаў і пакланіўся залатому ідалу;
 
Ты, каролю, выдаў загаду, каб кажная людзіна, што пачуе гук корнэту, жалейкі, гарпы, сакбута, псалтыра а цымбалаў а ўсялякіх музыцкіх снадзяў, пала а пакланілася залатому абразу.

а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе ўкінуты ў распаленую вогненную печ.
 
А хто не падзець ані паклоніцца, тый мае быць укінены ў нутр печы, цяплом палаючае.

Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі Вавілонскага краю, Сэдрах, Місах і Аўдэнага; гэтыя мужы не паслухаліся твайго загаду, цару, багам тваім ня служаць і залатому ідалу, якога ты паставіў, не пакланяюцца».
 
Ё Юдэі, каторых ты пастанавіў над справамі краю Бабілёнскага, Шадрах, Мішах а Авед-Неґо; гэтыя людзі, каролю, не паважаюць цябе, ня служаць багом тваім, ня кланяюцца залатому абразу, каторы ты пастанавіў».

Тады Навухаданосар у гневе і лютасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Аўдэнага; і прывялі гэтых мужоў да цара.
 
Тады Невухаднецар у гневе і ў шалёнай злосьці казаў прывесьці Шадраха, Мішаха а Авед-Неґо. Тады іх прывялі да караля.

Навухаданосар сказаў ім: «ці з намыслам вы, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся?
 
Невухаднецар адказаў і сказаў ім: «Ці наўмысьля, Шадраша, Мішаша а Авед-Неґо, вы ня служыце багом маім і залатому абразу, каторы я пастанавіў, ня кланяецеся?

Ад сёньня, калі вы гатовыя, як толькі пачуеце голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў, псалтыра і ўсякага роду музыкі, упадзеце і пакланецеся ідалу, якога я зрабіў; а як не паклоніцеся, дык у той самы час будзеце ўкінуты ў печ распаленую, вогненнную печ, і тады хто той Бог, Які ўратуе вас ад маёй рукі?»
 
Цяпер жа, у часе, калі пачуеце гук жалейкі, гарпы, сакбута, псалтыра а цымбалаў а ўсялякіх музыцкіх снадзяў, падзіце а паклоніцеся абразу, каторы я зрабіў, то добра; але калі не паклоніцеся, тае ж гадзіны будзеце кінены ў нутр печы, цяплом палаючае; і які тый Бог, што вывальне вас із рук маіх?»

І адказвалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі цару Навухаданосару: «няма нам патрэбы адказваць табе на гэта.
 
І адказалі Шадрах, Мішах а Авед-Неґо, і сказалі каралю: «О, Невухаднецару! мы не патрабуем даць адказ табе ў гэтай справе.

Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распаленай вогненнай печы, і ад тваёй рукі, цару, выбавіць.
 
Вось, з намі Бог, Катораму мы служым; Ён можа вывальніць нас ад нутра палаючае печы, і з рукі твае, каролю, вывальне.

Калі ж і ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, цару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў, не паклонімся».
 
Але калі не, няхай гэта будзе ведама табе, каролю, што мы ня будзем служыць багом тваім ані кланяцца залатому абразу, каторы ты пастанавіў».

Тады Навухаданосар напоўніўся лютасьцю, і выгляд ягонага твару зьмяніўся перад Сэдрахам, Місахам і Аўдэнагам, і ён загадаў напаліць печ у сем разоў мацней, чым як трэба было напаліць яе,
 
Тады Невухаднецар быў поўны злосьці на Шадраха, Мішаха а Авед-Неґо, і выгляд віду ягонага адмяніўся; ён адказаў і загадаў, каб напалілі печ сем разоў болей, чымся было звычаем паліць.

і самым дужым мужам з войска свайго загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Аўдэнага і ўкінуць іх у распаленую вогненную печ.
 
І загадаў найбольшым дужасілам із войска свайго зьвязаць Шадраха, Мішаха а Авед-Неґа і ўкінуць у палаючую цяплом печ.

Тады мужы гэтыя былі зьвязаны ў сваім споднім і верхнім адзеньні, у галаўных павязках і ў іншым убраньні і ўкінуты ў распаленую вогненную печ.
 
Тады гэтыя мужы былі зьвязаны ў вахілімах сваіх, кашулях сваіх а ў турбанох сваіх а ў іншым адзецьцю сваім і кінены ў нутр печы, цяплом палаючае.

І як загад цара быў строгі, і печ напалена была вельмі моцна, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, якія ўкідалі Сэдраха, Місаха і Аўдэнага.
 
А як слова каралеўскае было стродкае, і печ надзвычайна напалена, то мужы тыя, што ўзялі Шадраха, Мішаха а Авед-Неґа, былі забіты поламям цяпла.

А гэтыя тры мужы — Сэдрах, Місах і Аўдэнага — упалі ў распаленую вогненную печ зьвязаныя.
 
А гэтыя тры мужы, Шадрах, Мішах а Авед-Неґо, палі зьвязаныя ў нутр печы, цяплом палаючае.

Навухаданосар цар вельмі зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў і сказаў сваім вяльможам: «ці ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў агонь?» Яны ў адказ сказалі цару: «сапраўды так, цару!»
 
Тады Невухаднецар, кароль, зумеўся і ўстаў хапліва, адказаў і сказаў райцам сваім: «Ці ня трох мужоў зьвязаных кінулі ў нутр печы?» Яны адказалі й сказалі каралю: «Напэўна, каролю».

На гэта Ён сказаў: «вось, я бачу чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма; а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага».
 
Ён адказаў і сказаў: «Гля, я бачу чатырох мужоў незьвязаных, сярод цяпла ходзячых, і пашкоджаньня няма на іх; а выгляд чацьвертага падобны да Сына Божага».

Тады Навухаданосар падышоў да вусьця распаленай вогненнай печы, і сказаў: «Сэдрах, Місах і Аўдэнага, рабы Бога Ўсявышняга! выйдзіце і падыдзеце!» Тады Сэдрах, Місах і Аўдэнага выйшлі зь сярэдзіны агню.
 
Тады дабліжыўся Невухаднецар да чалесьніку палаючае печы, адказаў і сказаў: «Шадраша, Мішаша а Авед-Неґо, слугі найвышшага Бога, выйдзіце й прыйдзіце». Тады Шадрах, Мішах а Авед-Неґо вышлі з пасярод цяпла.

І сабраўшыся, сатрапы, намесьнікі і царовыя радцы ўгледзелі, што над целамі гэтых мужоў агонь ня меў сілы, і валасы на галаве не абпалены, і вопратка іх не зьмянілася, і нават паху агню ня было ад іх.
 
І князі, намесьнікі а вайводцы а скарбныя каралеўскія, зьбершыся, бачылі мужоў, над каторых целам цяпло ня мела ўлады, ані валасы галоў іхных не абсмылелі, ані ахілімы іхныя не адмяніліся, ані было паху цяпла на іх.

Тады Навухаданосар сказаў: «дабраславёны Бог Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх рабоў, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся царскага загаду і аддалі свае целы ў агонь, абы ня служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога свайго!
 
Адказаў Невухаднецар і сказаў: «Дабраславёны Бог Шадраха, Мішаха а Авед-Неґа! Каторы паслаў Ангіла Свайго і вывальніў слугаў Сваіх, што спадзяваліся на Яго, і не паслухалі слова каралеўскага, і выдалі целы свае, каб ня служыць ані кланяцца іншаму Богу, апрача свайго.

І ад мяне даецца загад, каб з кожнага народу, племя і роду, хто скажа агуднае на Бога Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, быў пасечаны на кавалкі, а дом яго ператвораны ў руіны, бо няма іншага Бога, Які мог бы так ратаваць».
 
Затым я выдаю пастаноў, што кажны люд, народ і мова, каторыя скажуць што-колечы благое на Бога Шадраховага, Мішаховага а Авед-Неґавага, маюць быць пацяты на кавалкі, і дамы іхныя будуць абернены ў шуметнік, бо нямаш іншага Бога, каторы мог бы вывальняць гэтак».

Тады ж цар узвысіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага ў Вавілонскім краі.
 
Тады кароль вывышыў Шадраха, Мішаха а Авед-Неґа ў краю Бабілёнскім.

«Навухаданосар цар усім народам, плямёнам і родам, якія жывуць на ўсёй зямлі: хай вам мір памножыцца!
 
Невухаднецар, кароль, усім людам, народам і мовам, што жывуць на ўсёй зямлі: «Супакой хай множыцца вам.

Азнакі і цуды, якія ўчыніў над мною Ўсявышні Бог, заўгодна мне абвясьціць вам.
 
Уважаю за добрае агаласіць знакі а чудосы, што высокі Бог учыніў імне.

Якія вялікія азнакі Яго і якія магутныя цуды Яго! Царства Яго — царства вечнае, а валадарства Яго — у роды і роды».
 
Якія вялікія знакі ягоныя, і якія магутныя чудосы Ягоныя! каралеўства вечнае і ўлада Ягоная — ад пакаленьня да пакаленьня.