Данііла 12 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І паўстане ў той час Міхаіл, вялікі князь, які будзе стаяць за сыноў свайго народу; і настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу; і ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе.
 
І паўстане ў тым часе Міхайла, вялікі князь, што заступаецца за сыноў люду твайго; і настане гаротны час, якога ня бывала адгэнуль, як існуе народ, дагэтуль; і ў тым часе люд твой уцячэць, кажны знойдзены запісаным у кнізе.

І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне.
 
І шмат хто ізь сьпячых у пыле зямлі прачхнуцца, гэтыя да жыцьця вечнага, а гэныя на сорам, вечнае грэбаваньне.

І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды, — як зоркі, вавекі, назаўсёды.
 
І разумныя будуць зьзяць, як бліск нябёсны, і тыя, што прывядуць да праўды шмат каго — як зоры, на векі а векі.

А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу; многія прачытаюць яе, і памножацца веды».
 
Але ты, Данелю, замкні словы гэтыя і запячатуй кнігу аж да часу канца; шмат хто прабяжыць туды-сюды, і памножыцца веданьне».

Тады я, Данііл, паглядзеў, і вось, стаяць два другія, адзін па гэты бок ракі, другі па той бок ракі.
 
І глянуў я, Данель, і вось, стаяла іншых двух, адзін на гэтым баку берагу ракі, а другі на гэным баку берагу ракі.

І адзін сказаў мужу ў ільняной вопратцы, які стаяў над водамі ракі: «калі будзе канец гэтых дзівосных здарэньняў?»
 
І сказаў мужу ў ляньніне, што над вадою ракі: «Калі будзе канец гэтым чудосам?»

І пачуў я, як муж у льняной вопратцы, які быў над водамі ракі, падняўшы правую і левую руку да неба, прысягнуў Жывым вавекі, што да канца часу і часоў і паўчасу і пасьля поўнага паламаньня сілы сьвятога народу ўсё гэта зьдзейсьніцца.
 
І пачуў я мужа ў ляньніне, што быў над вадою ракі, як ён падняў правіцу сваю й лявіцу сваю к небу і прысягнуў Жывучым вечна, што да часу, часоў а палавіцы, і як скончыцца расьцярушэньне сілы сьвятога люду, тады ўсе гэта будзе здойсьнена».

Я чуў гэта, але не зразумеў і таму сказаў: «гаспадару мой! Што ж пасьля гэтага будзе?»
 
І я пачуў, але не зразумеў, тады сказаў: «Спадару мой! што за канец гэтаму?»

І адказаў ён: «ідзі, Данііле; бо захаваны і запячатаны словы гэтыя да апошняга часу.
 
І ён сказаў: «Ідзі, Данелю, бо словы замкнёныя а запячатаваныя аж да часу канца.

Многія ачысьцяцца, адбеляцца і ператоплены будуць у спакушэньні; несправядлівыя будуць несправядлівымі, і не зразумее гэтага ніхто з несправядлівых, а мудрыя зразумеюць.
 
Шмат хто будзе ачышчаны а выбелены а вылітаваны; нягодныя, адылі, будуць рабіць нягодна, і ніхто зь нягодных не зразумее, але разумныя зразумеюць.

З часу, калі будзе прыпынена штодзённая ахвяра і будзе пастаўлена гідота запусьценьня, пройдзе тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.
 
І ад часу аддаленьня кажначаснага аброку і пастанаўленьня агіды спустошаньня мінець тысяча дзьвесьце дзевяцьдзясят дзён.

Шчасны той, хто чакае і дасягне тысячы трохсот трыццаці пяці дзён.
 
Дабраславёны, хто дачакае а дойдзе да тысяча трыста трыццаць пятага дня.

А ты ідзі да твайго канца, і супакоішся і паўстанеш на атрыманьне тваёй долі ў канцы дзён».
 
Але ты йдзі да канца, і супачынеш, і паўстанеш да свае долі ў канцу дзён».