Данііла 12 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І паўстане ў той час Міхаіл, вялікі князь, які будзе стаяць за сыноў свайго народу; і настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу; і ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе.
І ў той час паўстане Міхаэль, князь вялікі, які стаіць пры сынах народу твайго; і будзе час нядолі, якога не было ад таго [часу], як існуе народ, аж да гэтага часу; і ў гэты час уцячэ [ад загубы] народ твой, кожны, хто будзе знойдзены запісаным у кнізе.
І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне.
І шмат тых, якія сьпяць у пыле зямлі, абудзяцца, адны — да жыцьця вечнага, а іншыя — на ганьбу, на грэбаваньне вечнае.
І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды, — як зоркі, вавекі, назаўсёды.
І разумныя будуць зьзяць сьвяцілы на прасьцягу [неба], і тыя, якія прывялі да праведнасьці шматлікіх — як зоркі, на вякі вечныя.
А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу; многія прачытаюць яе, і памножацца веды».
А ты, Данііле, замкні словы гэтыя і запячатай кнігу аж да часу канца. Шмат хто будзе кружляць [па ёй], і памножыцца веданьне».
Тады я, Данііл, паглядзеў, і вось, стаяць два другія, адзін па гэты бок ракі, другі па той бок ракі.
І паглядзеў я, Данііл, і вось, іншыя два [мужы] стаяць, адзін — на гэтым беразе ракі, а другі — на тым беразе ракі.
І адзін сказаў мужу ў ільняной вопратцы, які стаяў над водамі ракі: «калі будзе канец гэтых дзівосных здарэньняў?»
І я сказаў мужу, апранутаму ў ільняныя [шаты], які [быў] над водамі ракі: «Калі [будзе] канец гэтым цудоўным [рэчам]?»
І пачуў я, як муж у льняной вопратцы, які быў над водамі ракі, падняўшы правую і левую руку да неба, прысягнуў Жывым вавекі, што да канца часу і часоў і паўчасу і пасьля поўнага паламаньня сілы сьвятога народу ўсё гэта зьдзейсьніцца.
І я пачуў мужа, апранутага ў ільняныя [шаты], які [быў] над водамі ракі. І ён падняў правіцу сваю і лявіцу сваю да неба, і прысягнуў на Таго, Які жыве вечна, што [міне] час вызначаны, часы і палова [вызначанага часу], і калі скончыцца разьбіваньне [сілы] рукі народу сьвятога, тады зьдзейсьніцца ўсё гэта.
Я чуў гэта, але не зразумеў і таму сказаў: «гаспадару мой! Што ж пасьля гэтага будзе?»
І я пачуў, але не зразумеў, і я сказаў: «Пане мой! Які канец гэтага [ўсяго]?»
І адказаў ён: «ідзі, Данііле; бо захаваны і запячатаны словы гэтыя да апошняга часу.
І ён сказаў: «Ідзі, Данііле, бо замкнёныя і запячатаныя словы гэтыя аж да часу канца.
Многія ачысьцяцца, адбеляцца і ператоплены будуць у спакушэньні; несправядлівыя будуць несправядлівымі, і не зразумее гэтага ніхто з несправядлівых, а мудрыя зразумеюць.
Будуць ачышчаныя і выбеленыя, і выспрабаваныя шматлікія, і бязбожнікі будуць рабіць бязбожна, і не зразумее гэтага ніхто з бязбожнікаў, а разумныя зразумеюць.
З часу, калі будзе прыпынена штодзённая ахвяра і будзе пастаўлена гідота запусьценьня, пройдзе тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.
І ад часу, калі будзе спынена заўсёдная ахвяра і пастаўленая агіда спусташэньня, [міне] тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.
Шчасны той, хто чакае і дасягне тысячы трохсот трыццаці пяці дзён.
Шчасьлівы той, хто чакае і дасягне тысяча трыццаці пяці дзён.
А ты ідзі да твайго канца, і супакоішся і паўстанеш на атрыманьне тваёй долі ў канцы дзён».
А ты ідзі да канца, і супачынеш, і паўстанеш для [атрыманьня] часткі сваёй у канцы дзён».