Данііла 5 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Цар Валтасар справіў вялікую гасьціну тысячам вяльможаў і на вачах у тысячы піў віно.
 
Бэльшацар валадар справіў банкет вялікі для магнатаў сваіх і перад вачыма тысячы піў віно.

Скаштаваўшы віна, Валтасар загадаў прынесьці залаты і срэбраны посуд, які Навухаданосар, бацька ягоны, вынес з храма ў Ерусаліме, каб пілі зь яго цар, вяльможы ягоныя, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы.
 
Бэльшацар сказаў, калі пакаштаваў віна, каб прынесьлі начыньне залатое і срэбнае, якое вынес Навухаданосар, бацька ягоны, са сьвятыні, што ў Ерусаліме, каб пілі з іх валадар, магнаты ягоныя, жонкі ягоныя і наложніцы ягоныя.

Тады прынесьлі залаты посуд, які вынесьлі з храма Дома Божага ў Ерусаліме; і пілі зь яго цар і вяльможы яго, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,
 
Тады прынесьлі начыньні залатыя, якія былі ўзятыя са сьвятыні, з Дома Божага, што ў Ерусаліме, і пілі з іх валадар, магнаты ягоныя, жонкі ягоныя і наложніцы ягоныя.

пілі віно, і славілі багоў залатых і срэбных, медных, жалезных, драўняных і каменных.
 
Пілі віно і хвалілі багоў залатых і срэбных, мядзяных, жалезных, драўляных і каменных.

У той самы час выйшлі пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на вапне сьцяны царскіх харомаў, і цар бачыў пясьць рукі, што пісала.
 
У той момант зьявіліся пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на тынку сьцяны палацу валадара, і валадар бачыў пясьць рукі, якая пісала.

Тады цар перамяніўся з твару свайго; думкі ягоныя зьбянтэжылі яго, суглобы паясьніцы ягонай паслабіліся, і калені яго біліся адно аб адно.
 
Тады ў валадара зьмяніўся выгляд, і думкі ягоныя ўстрывожылі яго, вязі сьцёгнаў ягоных саслабелі, і калені ягоныя біліся адно аб адно.

Моцна закрычаў цар, каб прывялі і заклінальнікаў, Халдэяў і вяшчуноў; цар загаварыў і сказаў мудрацам Вавілонскім: «хто прачытае гэта напісанае і разгадае мне сутнасьць яго, той будзе апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымае на шыю сваю, і трэцім валадаром будзе ў царстве».
 
Крыкнуў валадар моцна, каб прывялі астролягаў, Халдэяў і варажбітоў. Адказаў валадар і сказаў мудрацам Бабілонскім: «Кожны чалавек, які прачытае гэты надпіс і патлумачыць мне значэньне ягонае, будзе апрануты ў пурпур, і залаты ланцуг [будзе] на шыі ягонай, і трэцім у валадарстве ён будзе панаваць».

І ўвайшлі ўсе царовыя мудрацы, але не маглі прачытаць пісаньня і разгадаць цару сутнасьць яго.
 
Тады прыйшлі ўсе мудрацы валадара, але не маглі прачытаць надпісу і паведаміць валадару значэньне ягонае.

Цар Валтасар над меру ўстрывожыўся, і выгляд ягонага твару зьмяніўся, і вяльможы ягоныя сумеліся.
 
Тады валадар Бэльшацар вельмі ўстрывожыўся, і выгляд ягоны зьмяніўся, і магнаты ягоныя былі зьбянтэжаныя.

На словы цара і яго вяльможаў увайшла ў пакой гасьціны царыца; загаварыла царыца і сказала: «цару, вавекі жыві! хай цябе не бянтэжаць думкі твае, і хай не мяняецца выгляд твару твайго.
 
З прычыны словаў валадара і магнатаў ягоных валадарка ўвайшла ў дом банкетаваньня. Адказала валадарка і сказала: «Валадару, жыві на вякі! Няхай не трывожаць цябе думкі твае, і выгляд твой няхай не зьмяняецца!

Ёсьць у тваім царстве муж, у якім дух сьвятога Бога; у дні твайго бацькі былі ў ім яснасьць, розум і мудрасьць, роўная мудрасьці багоў, і цар Навухаданосар, твой бацька, паставіў яго начальнікам чарадзеяў, Халдэяў і вяшчуноў, — сам бацька твой, цар,
 
Ёсьць муж у валадарстве тваім, у якім Дух Сьвятога Бога. І ў дні бацькі твайго знойдзены былі ў ім сьвятло і розум, і мудрасьць, як мудрасьць Божая, і валадар Навухаданосар, бацька твой, валадару, прызначыў яго начальнікам чараўнікоў, астролягаў, Халдэяў і вяшчуноў.

бо ў ім, у Данііле, якога цар пераназваў Валтасарам, выявіліся высокі дух, веданьне і розум, здольны разгадваць сны, тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы. Дык вось, няхай паклічуць Данііла, — і ён разгадае сутнасьць».
 
Бо надзвычайны дух і веданьне, і разуменьне, каб тлумачыць сны, вырашаць загадкі і разьвязваць вузлы былі знойдзены ў ім, у Даніілу, якога валадар назваў імем Бэльтэшацар. Цяпер няхай паклічуць Данііла, і ён патлумачыць значэньне [напісанага]».

Тады ўведзены быў Данііл да цара, і цар пачаў слова і сказаў Даніілу: «ці ты Данііл, адзін з палонных сыноў Юдэйскіх, якіх мой бацька, цар, прывёў зь Юдэі?
 
Тады Данііл быў прыведзены да валадара. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Ці ты той Данііл з сыноў выгнаньня Юдэйскага, якога валадар, бацька мой, прывёў з Юдэі?

Я чуў пра цябе, што дух Божы ў табе і сьвятло і розум, і высокая мудрасьць выяўлена ў табе.
 
І я чуў пра цябе, што Дух Божы ў табе, і сьвятло, і розум, і мудрасьць незвычайная знойдзены ў табе.

І вось, прыведзены былі да мяне мудрацы і заклінальнікі, каб прачытаць гэта напісанае і разгадаць мне сутнасьць яго; але яны не маглі абвясьціць мне гэтага.
 
І цяпер былі прыведзены да мяне мудрацы і астролягі, каб прачыталі гэты надпіс і паведамілі мне значэньне ягонае, але яны не змаглі значэньне слова гэтага патлумачыць мне.

І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы; дык вось, калі можаш прачытаць гэта пісаньне і разгадаць мне сутнасьць яго, дык будзеш апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымаеш на шыю сваю, і трэцім валадаром будзеш у царстве».
 
І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць значэньне [сноў] і разьвязваць вузлы. Цяпер, калі можаш прачытаць гэты надпіс і паведаміць мне значэньне ягонае, ты будзеш апрануты ў пурпур, і ланцуг залаты [будзе] на шыі тваёй, і трэцім у валадарстве будзеш панаваць».

Тады адказваў Даніііл і сказаў цару: «дары твае хай будуць табе, і пашану аддай каму іншаму; а пісаньне я прачытаю цару і разгадку скажу яму.
 
Адказаў Данііл і сказаў валадару: «Няхай дары твае будуць табе, а падарункі твае дай іншаму! Але надпіс я прачытаю для валадара і паведамлю табе значэньне ягонае.

Цару! Усявышні Бог даў твайму бацьку Навухаданосару царства, веліч, гонар і славу.
 
Ты — валадар. Бог Найвышэйшы даў Навухаданосару, бацьку твайму, валадарства і веліч, і славу, і маестат.

Перад веліччу, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і роды трымцелі і баяліся яго; каго ён хацеў, забіваў, і каго хацеў, пакідаў жывога; каго хацеў, узвышаў, і каго хацеў, паніжаў.
 
Дзякуючы велічы, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і мовы трымцелі і жахаліся перад ім. Каго хацеў, таго забіваў, і каго хацеў, таго пакідаў жывым; і каго хацеў, таго вывышаў, і каго хацеў, таго паніжаў.

Але калі сэрца ягонае заганарылася і дух ажарсьцвеў да дзёрзкасьці, ён быў скінуты з царскага трона свайго і пазбаўлены славы сваёй,
 
Але калі сэрца ягонае ўзвысілася і дух ягоны вырас у пыхлівасьці, ён быў скінуты з пасаду валадарства свайго, і слава ягоная была забраная ад яго,

і адлучаны быў ад сыноў чалавечых, і сэрца яго прыпадобнілася да зьвярынага, і жыў ён зь дзікімі асламі; кармілі яго травою, як вала, і цела яго аброшана было нябеснаю расою, пакуль ён ня ўведаў, што над царствам чалавечым валадарыць Усявышні Бог і становіць над ім, каго хоча.
 
і ад сыноў чалавечых быў ён выгнаны, і сэрца ягонае стала падобным да зьвярынага, і з дзікімі асламі [было] жытло ягонае, кармілі яго травой, як валоў, і раса нябесная мачыла цела ягонае, пакуль ён не даведаўся, што Бог Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і ставіць над ім, каго хоча.

І ты, сыне яго Валтасар, не ўпакорыў сэрца твайго, хоць ведаў усё гэта,
 
А ты, сын ягоны, Бэльшацар, не скарыў сэрца твайго, хоць ты ведаў усё гэта.

узьнёсься супроць Госпада нябёсаў, і посуд храма Яго прынесьлі табе, і ты і твае вяльможы і наложніцы твае пілі зь яго віно, і ты славіў багоў срэбраных і залатых, медных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць, і ня чуюць, і не разумеюць; а Бога, у руцэ ў Якога душа твая і ў Якога твае ўсе шляхі, ты не праславіў.
 
І ты падняўся супраць Госпада Нябеснага, і начыньні Дому Ягонага прынесьлі да цябе, і ты, і магнаты твае, і жонкі твае, і наложніцы твае пілі віно з іх, і ты ўслаўляў багоў срэбных і залатых, мядзяных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць і ня чуюць, і ня ведаюць, а Бога, у руцэ Якога дыханьне тваё і ў Якога ўсе шляхі твае, ты не праславіў.

За гэта і паслана ад Яго пясьць рукі, і накрэсьлена гэта пісаньне.
 
Дзеля гэтага была пасланая ад Яго пясьць рукі, і гэты надпіс быў напісаны.

І вось што накрэсьлена: мэнэ, мэнэ, тэкэл, упарсін.
 
І гэты надпіс, які напісаны: “Мэнэ, Мэнэ, Тэкел, Упарсін”.

Вось і разгадка слоў: мэнэ — вылічыў Бог царства тваё і паклаў канец яму;
 
Вось значэньне словаў: “Мэнэ” — палічыў Бог валадарства тваё і [прызначыў] канец яму.

тэкэл — ты ўзважаны на вагах і важыш вельмі мала;
 
“Тэкел” — ты ўзважаны на шалях і знойдзены недастатковым;

пэрэс — падзелена царства тваё і аддадзена Мідзянам і Персам».
 
“Пэрэс” — падзелена валадарства тваё і дадзена Мідзянам і Пэрсам».

Тады па загадзе Валтасара апранулі Данііла ў пурпуру і павесілі залаты ланцуг на шыю яму і абвясьцілі яго трэцім валадаром у царстве.
 
Тады сказаў Бэльшацар, і апранулі Данііла ў пурпур, і ланцуг залаты [ўсклалі] на шыю ягоную, і абвясьцілі пра яго, што ён будзе панаваць як трэці ў валадарстве.

Тае самае ночы Валтасар, цар Халдэйскі, быў забіты,
 
У тую ноч быў забіты Бэльшацар, валадар Халдэйскі.

і Дарый Мідзянін, якому было шэсьцьдзясят два гады, прыняў царства.
 
І Дарый Мідзянін атрымаў валадарства, маючы шэсцьдзясят два гады.