Данііла 5 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Цар Валтасар справіў вялікую гасьціну тысячам вяльможаў і на вачах у тысячы піў віно.
 
Цар Балтасар зрабіў для тысячы сваіх магнатаў вялікі баль і ў прысутнасці тысячы іх піў віно.

Скаштаваўшы віна, Валтасар загадаў прынесьці залаты і срэбраны посуд, які Навухаданосар, бацька ягоны, вынес з храма ў Ерусаліме, каб пілі зь яго цар, вяльможы ягоныя, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы.
 
Дык калі ўжо Балтасар быў п’яны, загадаў прынесці срэбраныя і залатыя пасудзіны, якія бацька яго, Набукаданосар, нарабаваў са святыні ў Ерузаліме, каб маглі з іх піць цар, і магнаты, і жонкі яго, і наложніцы.

Тады прынесьлі залаты посуд, які вынесьлі з храма Дома Божага ў Ерусаліме; і пілі зь яго цар і вяльможы яго, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,
 
Дык прынеслі залатыя і срэбраныя пасудзіны, забраныя са святыні ў Ерузаліме; і пілі з іх цар, і яго магнаты, і яго жонкі ды наложніцы:

пілі віно, і славілі багоў залатых і срэбных, медных, жалезных, драўняных і каменных.
 
пілі яны і хвалілі багоў сваіх залатых і срэбраных, медных, жалезных, і драўляных, і каменных.

У той самы час выйшлі пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на вапне сьцяны царскіх харомаў, і цар бачыў пясьць рукі, што пісала.
 
У той жа час з’явіліся пальцы рукі чалавечай і напісалі за падсвечнікам на паверхні сцяны царскага палаца; цар жа бачыў пальцы рукі, што пісала.

Тады цар перамяніўся з твару свайго; думкі ягоныя зьбянтэжылі яго, суглобы паясьніцы ягонай паслабіліся, і калені яго біліся адно аб адно.
 
І зараз жа твар цара змяніўся, і думкі яго ўстрывожылі яго, сцёгнавыя суставы яго саслабелі, і калені яго пачалі трэсціся.

Моцна закрычаў цар, каб прывялі і заклінальнікаў, Халдэяў і вяшчуноў; цар загаварыў і сказаў мудрацам Вавілонскім: «хто прачытае гэта напісанае і разгадае мне сутнасьць яго, той будзе апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымае на шыю сваю, і трэцім валадаром будзе ў царстве».
 
Дык крыкнуў цар уголас, каб прывялі варажбітоў, халдэяў і астролагаў, і сказаў: «Кожны, хто прачытае пісанне гэтае і выясніць мне яго сэнс, будзе апрануты ў пурпур, і будзе насіць залаты ланцуг на шыі ды будзе валадарыць як трэці ў маім царстве».

І ўвайшлі ўсе царовыя мудрацы, але не маглі прачытаць пісаньня і разгадаць цару сутнасьць яго.
 
Тады ўзяліся ўсе мудрацы царскія, і не змаглі ані прачытаць пісання, ані выясніць сэнс цару,

Цар Валтасар над меру ўстрывожыўся, і выгляд ягонага твару зьмяніўся, і вяльможы ягоныя сумеліся.
 
дык Балтасар моцна ўстрывожыўся, і твар яго змяніўся ў яго, ды і магнатаў яго ахоплівала трывога.

На словы цара і яго вяльможаў увайшла ў пакой гасьціны царыца; загаварыла царыца і сказала: «цару, вавекі жыві! хай цябе не бянтэжаць думкі твае, і хай не мяняецца выгляд твару твайго.
 
З прычыны ж прызыву цара і яго магнатаў у дом балю прыйшла царыца; і прамовіла царыца гэтыя словы: «Цару, вечна жыві! Не палохайся думак сваіх ды хай твар твой не змяняецца.

Ёсьць у тваім царстве муж, у якім дух сьвятога Бога; у дні твайго бацькі былі ў ім яснасьць, розум і мудрасьць, роўная мудрасьці багоў, і цар Навухаданосар, твой бацька, паставіў яго начальнікам чарадзеяў, Халдэяў і вяшчуноў, — сам бацька твой, цар,
 
У тваім царстве ёсць чалавек, які мае ў сабе духа святых багоў; у часы бацькі твайго знойдзены ў ім веды, і розум, і мудрасць, падобная да мудрасці багоў; бо і бацька твой, Набукаданосар, паставіў яго кіраўніком варажбітоў, чараўнікоў, халдэйцаў і гаруспікаў;

бо ў ім, у Данііле, якога цар пераназваў Валтасарам, выявіліся высокі дух, веданьне і розум, здольны разгадваць сны, тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы. Дык вось, няхай паклічуць Данііла, — і ён разгадае сутнасьць».
 
бацька твой, о цару, бо былі знойдзены ў ім дух вялікі, і разважлівасць, і розум, і выясненне сноў, і выяўленне таямніц, і вырашэнне складаных спраў, — значыць, у Даніэлю, якому цар даў імя Балтасар. Дык вось цяпер хай пазавуць Даніэля, і хай ён выясніць сэнс».

Тады ўведзены быў Данііл да цара, і цар пачаў слова і сказаў Даніілу: «ці ты Данііл, адзін з палонных сыноў Юдэйскіх, якіх мой бацька, цар, прывёў зь Юдэі?
 
Дык прывялі Даніэля да цара; звярнуўшыся да яго, цар сказаў: «Ці гэта ты, Даніэль, адзін з сыноў палону з Юды, якога прывёў цар, мой бацька?

Я чуў пра цябе, што дух Божы ў табе і сьвятло і розум, і высокая мудрасьць выяўлена ў табе.
 
Пачуў я пра цябе, што маеш божага духа і што знойдзены ў цябе веды, і розум, і мудрасць надзвычайная.

І вось, прыведзены былі да мяне мудрацы і заклінальнікі, каб прачытаць гэта напісанае і разгадаць мне сутнасьць яго; але яны не маглі абвясьціць мне гэтага.
 
І зараз прыйшлі да мяне мудрацы і варажбіты, каб прачытаць пісанне гэтае і выясніць мне яго сэнс, і не змаглі выясніць сэнс гэтага слова.

І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы; дык вось, калі можаш прачытаць гэта пісаньне і разгадаць мне сутнасьць яго, дык будзеш апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымаеш на шыю сваю, і трэцім валадаром будзеш у царстве».
 
А пачуў я пра цябе, што ўмееш даваць выясненні невядомага і разгадваць складанасці; дык калі патрапіш прачытаць пісанне і вызначыць мне яго сэнс, будзеш апрануты ў пурпур і будзеш насіць залаты ланцуг на шыі сваёй, ды будзеш валадарыць, як трэці, ў царстве маім».

Тады адказваў Даніііл і сказаў цару: «дары твае хай будуць табе, і пашану аддай каму іншаму; а пісаньне я прачытаю цару і разгадку скажу яму.
 
Тады адазваўся Даніэль і сказаў у прысутнасці цара: «Дары свае захавай сабе, і падарункі свае дай іншаму; пісанне ж прачытаю табе, цару, і выясненне яго выяўлю табе.

Цару! Усявышні Бог даў твайму бацьку Навухаданосару царства, веліч, гонар і славу.
 
О цару, найвышэйшы Бог даў твайму бацьку Набукаданосару валадарства, і веліч, і хвалу, і пашану.

Перад веліччу, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і роды трымцелі і баяліся яго; каго ён хацеў, забіваў, і каго хацеў, пакідаў жывога; каго хацеў, узвышаў, і каго хацеў, паніжаў.
 
І з прычыны велічы, дадзенай яму, усе народы, і пакаленні, і мовы баяліся яго і дрыжэлі перад ім; забіваў ён, каго хацеў, і караў, каго хацеў; і каго хацеў — узвышаў, а каго хацеў — упакорваў.

Але калі сэрца ягонае заганарылася і дух ажарсьцвеў да дзёрзкасьці, ён быў скінуты з царскага трона свайго і пазбаўлены славы сваёй,
 
А калі яго сэрца ўбілася ў пыху, і дух яго ўзброіўся ганарыстасцю, ён скінуты быў з царскага пасада свайго і была адабрана ў яго слава яго;

і адлучаны быў ад сыноў чалавечых, і сэрца яго прыпадобнілася да зьвярынага, і жыў ён зь дзікімі асламі; кармілі яго травою, як вала, і цела яго аброшана было нябеснаю расою, пакуль ён ня ўведаў, што над царствам чалавечым валадарыць Усявышні Бог і становіць над ім, каго хоча.
 
і быў выгнаны ён з паміж людзей, але і яго сэрца памешчана было сярод звяроў, і пражываў ён з дзікімі асламі, таксама еў ён траву, як валы, і цела яго наталялася расой з неба, аж пакуль не пазнаў, што Узвышні Бог валадарыць над царствам людзей і што Ён, каго хоча, ставіць над імі.

І ты, сыне яго Валтасар, не ўпакорыў сэрца твайго, хоць ведаў усё гэта,
 
Таксама ты, яго сын, Балтасар, не ўпакорыў свайго сэрца, нягледзячы на тое, што ты ведаў пра гэта ўсё,

узьнёсься супроць Госпада нябёсаў, і посуд храма Яго прынесьлі табе, і ты і твае вяльможы і наложніцы твае пілі зь яго віно, і ты славіў багоў срэбраных і залатых, медных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць, і ня чуюць, і не разумеюць; а Бога, у руцэ ў Якога душа твая і ў Якога твае ўсе шляхі, ты не праславіў.
 
але падняўся ты супраць Госпада Неба, і прынесены былі да цябе пасудзіны Яго дома, і ты, і твае магнаты, і твае жонкі ды твае наложніцы пілі з іх віно; усхваліў ты таксама багоў срэбраных і залатых, і медных, жалезных, і драўляных, і каменных, якія ані бачаць, ані чуюць, ані разумеюць; Бога ж, Які валодае ў руцэ Сваёй тваім дыханнем і ўсімі дарогамі тваімі, — не ўшанаваў.

За гэта і паслана ад Яго пясьць рукі, і накрэсьлена гэта пісаньне.
 
Таму паслаў Ён пальцы гэтай рукі, і таму напісана было гэтае пісанне.

І вось што накрэсьлена: мэнэ, мэнэ, тэкэл, упарсін.
 
А вось такое пісанне, што было запісана: манэ, манэ, тэцэль, парэс.

Вось і разгадка слоў: мэнэ — вылічыў Бог царства тваё і паклаў канец яму;
 
І гэтакі сэнс слова: манэ — Бог палічыў тваё цараванне і вызначыў яму канец;

тэкэл — ты ўзважаны на вагах і важыш вельмі мала;
 
тэцэль — паважылі цябе на шалях, і аказаўся ты вельмі лёгкі;

пэрэс — падзелена царства тваё і аддадзена Мідзянам і Персам».
 
парэс — тваё царства падпала дзяленню і аддадзена яно мідзянам і персам».

Тады па загадзе Валтасара апранулі Данііла ў пурпуру і павесілі залаты ланцуг на шыю яму і абвясьцілі яго трэцім валадаром у царстве.
 
Тады па загадзе Балтасара апранулі Даніэля ў пурпур, і павесілі на шыю яго залаты ланцуг, і абвясцілі аб ім, што мае ён валадарыць у царстве яго як трэці.

Тае самае ночы Валтасар, цар Халдэйскі, быў забіты,
 
Той самай ноччу цар халдэйскі Балтасар быў забіты.

і Дарый Мідзянін, якому было шэсьцьдзясят два гады, прыняў царства.
 
І Дарый мідзянін, маючы шэсцьдзесят два гады, атрымаў царства.