Міхея 4 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
І будзе ў апошнія дні: гара дома Гасподняга пастаўлена будзе на чале гор і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе народы.
І будзе ў апошнія дні: гара дому Госпада будзе пастаўленай на чале гораў і ўзвысіцца над узгоркамі і паплывуць да яе народы.
І пойдуць многія народы і скажуць: «прыйдзеце, і ўзыдзем на гару Гасподнюю і ў дом Бога Якаўлевага, — і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных; бо ад Сіёна выйдзе закон і слова Гасподняе — зь Ерусаліма.
І пойдуць шматлікія народы і скажуць: — прыйдзеце і ўзыдзем на гару Госпада і ў дом Бога Якубавага і будзе навучаць нас шляхоў сваіх і будзем хадзіць ягонымі сьцежкамі, бо з Сыёну выйдзе закон, а слова Госпада з Ерусаліму.
І будзе Ён судзіць многія народы і выкрые многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць яны мечы свае на аралы і дзіды свае — на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць,
І будзе Ён судзіць многія народы і абвінавачыць многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць мячы свае на лемяшы і дзіды свае на сярпы; ня ўздыме народ на народ мяча і ня будзе больш вучыцца ваяваць,
але кожны будзе сядзець пад сваёю вінаграднаю лазою і пад сваёю смакоўніцай, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны Госпада Саваофа вымавілі гэта.
але кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім фігавым дрэвам і ня будзе нікога, хто-б іх спужаў, бо вусны Госпада Сабаота сказалі гэта.
Бо ўсе народы ходзяць, кожны — у імя свайго бога; а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага вавек».
Бо ўсе народы хадзіць будуць, кожны ў імя свайго бога, а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага на вякі вякоў.
У той дзень, кажа Гасподзь, зьбяру кульгавае і спалучу разагнанае і тых, на каго я навёў бедства.
У той дзень, гаворыць Гаспод, зьбяру кульгаючае і зграмаджу выгнанае і тых, на каго я навёў бяду.
І зраблю кульгавае астаткам і далёка расьсеянае моцным народам, і Гасподзь будзе валадарыць над імі на гары Сіёне ад сёньня і давеку.
І дам кульгаючай нашчадкаў, а далёка выгнанае зраблю моцным народам і Гаспод будзе валадарыць над імі на гары Сыён, ад цяпер аж на векі.
А ты, вежа статку, пагорак дачкі Сіёна! да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае ўладарства, царства — да дачок Ерусаліма.
А ты, вежа статку, узгорак дачкі Сыёну, ведай, што да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае валадарства, каралеўства да дачок Ерусаліма.
Дзеля чаго ж ты сёньня так голасна лямантуеш? Хіба няма ў цябе цара? Альбо ня стала ў цябе дарадцы, што цябе схапілі пакуты, як парадзіху?
Чаму-ж цяпер ты так моцна крычыш? Ці-ж у цябе няма караля? Ці-ж ня стала ў цябе райцаў, што схапілі цябе мукі, як родзячую.
Пакутуй і ўбольвайся мукамі, дачка Сіёна, як парадзіха, бо сёньня ты выйдзеш з горада і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Вавілона. Ты будзеш выратавана, там адкупіць цябе Гасподзь ад рукі ворагаў тваіх.
Цярпі і мучайся больлю дачка Сыёну, як родзячая, бо цяпер ты выйдзеш з места і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Бабілёну. Там будзеш збаўленай, там збавіць цябе Гаспод ад рукі тваіх ворагаў.
А цяпер сабраліся супроць цябе многія народы і кажуць: «хай будзе яна апаганена, і хай нагледзіцца вока нашае на Сіён!»
А цяпер сабралася супроць цябе шмат народаў, якія гавораць: — няхай будзе спаганены Сыён і няхай глядзіць на гэтае нашае вока.
Але яны ня ведаюць думак Гасподніх і не разумеюць парады Ягонай, што Ён сабраў іх як снапы на гумно.
Але ня ведаюць яны думак Госпада і не разумеюць Ягонай рады, што Ён сабраў іх, як снапы на ток.
Устань і малаці, дачка Сіёна; бо Я зраблю рог твой жалезным і капыты твае зраблю меднымі, — і скрышыш многія народы і прысьвеціш Госпаду здабыткі іхнія і багацці іхнія Ўладару ўсёй зямлі.
Устань-жа і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю твой рог зялезным, а капыты твае зраблю меднымі і пакрышыш шмат народаў і прысьвеціш Госпаду карысьці іх і багацьці іх Валадару ўсяе зямлі.