Міхея 4 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
Але станецца апошніх дзён: гара дому СПАДАРОВАГА будзе пастаноўлена на версе гор і вывышана над узгоркі, і люды будуць плысьці да яе.
І будзе ў апошнія дні: гара дому Госпада будзе пастаўленай на чале гораў і ўзвысіцца над узгоркамі і паплывуць да яе народы.
І прыйдуць чысьленыя народы, і скажуць: «Пойдзем і прыйдзем на гару СПАДАРОВУ і да дому Бога Якававага, і Ён навуча нас із дарогаў Сваіх, і мы будзем хадзіць па сьцежках Ягоных»; бо із Сыёну выйдзе права, і слова СПАДАРОВА зь Ерузаліму.
І пойдуць шматлікія народы і скажуць: — прыйдзеце і ўзыдзем на гару Госпада і ў дом Бога Якубавага і будзе навучаць нас шляхоў сваіх і будзем хадзіць ягонымі сьцежкамі, бо з Сыёну выйдзе закон, а слова Госпада з Ерусаліму.
І будзе Ён судзіць меж шмат якіх людаў і ганіць дужыя народы, што воддаль; і яны перакуюць мячы свае на нарогі і дзіды свае на сярпы; не падыйме народ на народ мяча і ня будуць больш вучыцца ваяваць.
І будзе Ён судзіць многія народы і абвінавачыць многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць мячы свае на лемяшы і дзіды свае на сярпы; ня ўздыме народ на народ мяча і ня будзе больш вучыцца ваяваць,
Але кажны будзе сядзець пад віном сваім а пад фіґаю сваёю, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны СПАДАРА войскаў казалі.
але кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім фігавым дрэвам і ня будзе нікога, хто-б іх спужаў, бо вусны Госпада Сабаота сказалі гэта.
Бо ўсі люды будуць хадзіць кажны ў імені бога свайго, а мы будзем хадзіць у імені СПАДАРА, Бога нашага, на векі а векі.
Бо ўсе народы хадзіць будуць, кожны ў імя свайго бога, а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага на вякі вякоў.
«Таго дня, — агалашае СПАДАР, — зьбяру кульгавых а выгнаных а тых, што Я зрабіў ліха.
У той дзень, гаворыць Гаспод, зьбяру кульгаючае і зграмаджу выгнанае і тых, на каго я навёў бяду.
І зраблю кульгавую астачаю, і кіненую воддаль дужым народам, і СПАДАР будзе гаспадарстваваць над імі на гары Сыёне адгэнуль аж на векі.
І дам кульгаючай нашчадкаў, а далёка выгнанае зраблю моцным народам і Гаспод будзе валадарыць над імі на гары Сыён, ад цяпер аж на векі.
А ты, вежа чарады, узгорак дачкі Сыёну, да цябе прыйдзе а ўвыйдзе нават першая ўлада, каралеўства прыйдзе дачцэ Ерузаліму.
А ты, вежа статку, узгорак дачкі Сыёну, ведай, што да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае валадарства, каралеўства да дачок Ерусаліма.
Чаму ж ты цяпер голасна галосіш? ціж няма караля ў цябе? ці загінуў параднік твой, што болі схапілі цябе, як у парадзіхі?
Чаму-ж цяпер ты так моцна крычыш? Ці-ж у цябе няма караля? Ці-ж ня стала ў цябе райцаў, што схапілі цябе мукі, як родзячую.
Балей а радзі, дачка Сыёну, як парадзіха; бо цяпер ты выйдзеш ізь места і будзеш жыць на полю, і пойдзеш да Бабілёну; там будзеш вывальнена; там СПАДАР адкупе цябе з рукі непрыяцеляў тваіх.
Цярпі і мучайся больлю дачка Сыёну, як родзячая, бо цяпер ты выйдзеш з места і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Бабілёну. Там будзеш збаўленай, там збавіць цябе Гаспод ад рукі тваіх ворагаў.
А цяпер зьберліся супроці цябе чысьленыя народы, што кажуць: "Няхай яна будзе сплюгаўлена, і няхай вочы нашыя нагледзяцца на Сыён!"
А цяпер сабралася супроць цябе шмат народаў, якія гавораць: — няхай будзе спаганены Сыён і няхай глядзіць на гэтае нашае вока.
Але яны ня ведаюць думак СПАДАРОВЫХ ані разумеюць рады Ягонае, бо Ён зьбер іх, як снапоўе на ток.
Але ня ведаюць яны думак Госпада і не разумеюць Ягонай рады, што Ён сабраў іх, як снапы на ток.
Устань і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю рог твой зялезным і капыты твае зраблю мядзянымі, і пакрышыш шмат якія люды, і пасьвяціш СПАДАРУ прыбытак іхны і багацьце іхнае СПАДАРУ ўсяе зямлі.
Устань-жа і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю твой рог зялезным, а капыты твае зраблю меднымі і пакрышыш шмат народаў і прысьвеціш Госпаду карысьці іх і багацьці іх Валадару ўсяе зямлі.