Міхея 4 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка
І станецца ў апошнія дні, гара Дому ГОСПАДА будзе пастаўлена на вяршыні гор і будзе ўзвышана па-над узгоркамі, і пацякуць да яе народы.
І будзе ў апошнія дні: гара дому Госпада будзе пастаўленай на чале гораў і ўзвысіцца над узгоркамі і паплывуць да яе народы.
І пойдуць шмат народаў, і скажуць: «Пойдзем і ўзыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і мы будзем хадзіць па сьцежках Ягоных». Бо з Сыёну выйдзе закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму.
І пойдуць шматлікія народы і скажуць: — прыйдзеце і ўзыдзем на гару Госпада і ў дом Бога Якубавага і будзе навучаць нас шляхоў сваіх і будзем хадзіць ягонымі сьцежкамі, бо з Сыёну выйдзе закон, а слова Госпада з Ерусаліму.
І Ён будзе судзіць паміж шматлікімі народамі, і будзе дакараць народы магутныя, якія далёка; і яны перакуюць мячы свае на плугі і дзіды свае на сярпы; не падыме народ на народ мяча і ня будуць больш вучыцца ваяваць.
І будзе Ён судзіць многія народы і абвінавачыць многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць мячы свае на лемяшы і дзіды свае на сярпы; ня ўздыме народ на народ мяча і ня будзе больш вучыцца ваяваць,
І кожны будзе сядзець пад вінаграднай лазой сваёй і пад дрэвам фігавым сваім, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны ГОСПАДА Магуцьцяў прамовілі [гэта].
але кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім фігавым дрэвам і ня будзе нікога, хто-б іх спужаў, бо вусны Госпада Сабаота сказалі гэта.
Бо [хоць] усе народы будуць хадзіць кожны ў імя бога свайго, мы будзем хадзіць у імя ГОСПАДА, Бога нашага, на вякі вечныя.
Бо ўсе народы хадзіць будуць, кожны ў імя свайго бога, а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага на вякі вякоў.
У той дзень, кажа ГОСПАД, Я зьбяру кульгавых і зграмаджу выгнаных і тых, на каго Я навёў ліха.
У той дзень, гаворыць Гаспод, зьбяру кульгаючае і зграмаджу выгнанае і тых, на каго я навёў бяду.
І Я зраблю кульгавых рэштаю, і адкінутых — народам магутным, і ГОСПАД будзе валадарыць над імі на гары Сыён ад цяпер і на вякі.
І дам кульгаючай нашчадкаў, а далёка выгнанае зраблю моцным народам і Гаспод будзе валадарыць над імі на гары Сыён, ад цяпер аж на векі.
А ты, Мігдал-Эдэр, узгорак дачкі Сыёну, да цябе прыйдзе і ўвойдзе [да цябе] панаваньне ранейшае, валадарства дачкі Ерусаліму.
А ты, вежа статку, узгорак дачкі Сыёну, ведай, што да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае валадарства, каралеўства да дачок Ерусаліма.
Чаму ж ты цяпер усклікаеш голасна? Ці ж няма валадара ў цябе? Ці загінуў дарадца твой, што ахапіў боль цябе, як тую, што нараджае?
Чаму-ж цяпер ты так моцна крычыш? Ці-ж у цябе няма караля? Ці-ж ня стала ў цябе райцаў, што схапілі цябе мукі, як родзячую.
Війся і крычы [ад болю], дачка Сыёну, як тая, што нараджае; бо цяпер ты выйдзеш з гораду і будзеш жыць у полі, і пойдзеш у Бабілон; там будзеш выратаваная; там ГОСПАД вызваліць цябе з рукі ворагаў тваіх.
Цярпі і мучайся больлю дачка Сыёну, як родзячая, бо цяпер ты выйдзеш з места і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Бабілёну. Там будзеш збаўленай, там збавіць цябе Гаспод ад рукі тваіх ворагаў.
А цяпер сабраліся супраць цябе шмат народаў, кажучы: «Няхай яна будзе апаганена, і няхай нагледзяцца на Сыён вочы нашыя!»
А цяпер сабралася супроць цябе шмат народаў, якія гавораць: — няхай будзе спаганены Сыён і няхай глядзіць на гэтае нашае вока.
Але яны ня ведаюць намеру ГОСПАДА і не разумеюць рады Ягонай, бо Ён сабраў іх, як снапы на ток.
Але ня ведаюць яны думак Госпада і не разумеюць Ягонай рады, што Ён сабраў іх, як снапы на ток.
Устань і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю рог твой з жалеза і капыты твае зраблю з медзі, і ты скрышыш шмат народаў, і зробіш заклятым для ГОСПАДА прыбытак іхні і багацьце іхняе [аддасі] для ГОСПАДА ўсёй зямлі.
Устань-жа і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю твой рог зялезным, а капыты твае зраблю меднымі і пакрышыш шмат народаў і прысьвеціш Госпаду карысьці іх і багацьці іх Валадару ўсяе зямлі.