Міхея 2 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка
Гора тым, якія задумваюць беззаконне і абдумваюць ліхоцце на ложках сваіх! На світанні здзяйсняюць задуманае, бо на тое стае моцы ў руках іх.
Гора тым, што выдумляюць несправядлівасьць і на ложах сваіх задумываюць благое і выкрываюць яго раніцою на сьвітаньні, бо гэта ў сіле іхных рук.
Захочуць яны палёў — і забіраюць іх сілаю, захочуць дамоў — і адбіраюць іх. І бяруць у няволю чалавека і дом яго, рабуюць чалавека і спадчыну яго.
Захочуць палёў і адбіраюць іх сілаю; дамоў — і адбіраюць іх; абіраюць чалавека і ягоны дом, мужа і ягоную спадчыну.
Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я маю намер на род гэты навесці такое ліха, ад якога вы не ўхіліце каркаў вашых; і не будзеце хадзіць ганарліва, бо час прыйдзе самы жудасны.
Дзеля гэтага так гаворыць Гаспод: — вось надумаў Я навесьці на гэты род такое няшчасьце, з-пад якога вы ня выцягнеце вашых шыяў і ня будзеце хадзіць выпрастаўшыся, бо будзе благі час.
У той час будуць казаць прыпавесць аб вас і бедаваць, галосячы: “Спусташэннем мы абрабаваныя; доля народа майго мяняецца; няма нікога, хто б нам яе вярнуў; палі нашы падзелены між іншаверцамі”.
У той дзень паўстане аб вас прыказка і будуць плакаць горкім плачам, гаворачы: — мы зусім зруйнаваныя. Дзел майго народу адданы іншым, як вернецца ён да мяне. Палі нашыя ўжо надзеленыя іншым.
Таму не будзеш мець нікога, хто кінуў бы жэрабя на сабранні Госпадавым.
Дзеля гэтага ня будзе ў цябе нікога, хто кінуў-бы лёс для памеру, на сходзе перад Госпадам.
“Не праракуйце!” Але яны праракуюць! “Не праракуйце гэтага, не дасягне нас ганьба!”
Не наракайце прарокі, не праракуйце ім, каб ня здарылася з вамі няшчасьце.
Ці будзе пракляты дом Якуба? Ці зменшыўся Дух Госпадаў, або ці такія ўчынкі Яго? Ці словы Яго не спагадныя да тых, хто справядліва робіць?
О народ, што называешся домам Якуба! Ці-ж зьменшыўся дух Госпада! Ці-ж такія ягоныя ўчынкі? Ці-ж ня добрыя мае словы для тых, хто паступае справядліва.
Вы ж паўстаеце супраць народа Майго, як ворагі. Вы здымаеце з яго верхнюю і споднюю вопратку;
Народ-жа, што быў раней маім, паўстае, як вораг; маючы вопратку, здыме плашч у мірна праходзячых, што адварочваюцца ад вайны.
Жанчын народа Майго выганяеце вы з іх утульных дамоў, дзяцей іх пазбаўляеце ласкі Маёй навечна.
Жонкаў майго народу выганяеце з іх выгодных дамоў; ад іхных дзяцей вы назаўсёды адабралі маю славу.
Уставайце і ідзіце, бо не маеце тут супачынку! Дзеля нячыстасці сваёй будзеце вы знішчаны пакараннем самым страшэнным.
Устаньце і адыдзеце, бо тут няма супачынку; згубіць вас нячыстасьць суровай загубай.
Калі які чалавек, ветрам узбуджаны, скажа хлусліва: “Я буду праракаваць табе пра віно і напоі”, той быў бы прарокам гэтага народа.
Калі нехта падае сябе прарокам і, гаворачы ману, кажа: — я буду праракаваць аб віне або моцным пітве, — дык ён і быў-бы прыемным прарокам для гэтага народу.
Сабраннем збяру цябе ўсяго, Якубе; збяру ў адно рэшту Ізраэля, размяшчу разам статак у аўчарні, як жывёлу пасярод пашы; і будзе гармідар дзеля мноства людзей.
Абавязкова зьбяру ўсяго цябе, Якуб, абавязкова зьбяру астаткі Ізраіля, як авечак у Басоры, як у авечым загоне, зашумяць яны ад мнагалюдзтва.
Пойдзе бо перад імі правадыр; разбураць яны і пройдуць праз браму, выйдуць праз яе. І пойдзе цар іх перад імі, і Госпад на чале іх».
Зыйдзе той, хто будзе пераломываць перад імі, пераломіць, увойдуць праз браму і выйдуць ёю, а кароль іх пойдзе перад імі, а на чале іх — Гаспод.