Міхея 2 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Гора тым, якія задумваюць беззаконне і абдумваюць ліхоцце на ложках сваіх! На світанні здзяйсняюць задуманае, бо на тое стае моцы ў руках іх.
Гора тым, якія прыдумляюць беззаконьне і абдумваюць ліхоцьце на ложках сваіх, а ў сьвятле раніцы выконваюць гэта, бо гэта ў моцы рук іхніх.
Захочуць яны палёў — і забіраюць іх сілаю, захочуць дамоў — і адбіраюць іх. І бяруць у няволю чалавека і дом яго, рабуюць чалавека і спадчыну яго.
Зажадаюць яны палёў, і забіраюць іх, і дамоў — і бяруць [іх]; яны прыгнятаюць гаспадара і дом ягоны, чалавека і спадчыну ягоную.
Дзеля таго вось што кажа Госпад: «Вось, Я маю намер на род гэты навесці такое ліха, ад якога вы не ўхіліце каркаў вашых; і не будзеце хадзіць ганарліва, бо час прыйдзе самы жудасны.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: «Вось, Я задумляю на племя гэтае ліха, ад якога вы ня ўхіліце шыяў вашых, і ня будзеце хадзіць ганарліва, бо гэта час ліхі».
У той час будуць казаць прыпавесць аб вас і бедаваць, галосячы: “Спусташэннем мы абрабаваныя; доля народа майго мяняецца; няма нікога, хто б нам яе вярнуў; палі нашы падзелены між іншаверцамі”.
У той дзень складуць прыповесьць пра вас, і будуць галасіць галашэньнем, і скажуць: «Зьнішчэньнем мы зьнішчаны. Доля народу Майго зьмянілася. Навошта забраная яна ад мяне! Забраўшы, Ты падзяліў палі нашыя».
Таму не будзеш мець нікога, хто кінуў бы жэрабя на сабранні Госпадавым.
Дзеля гэтага ня будзе ў цябе таго, хто мераў бы шнуром паводле жэрабя ў царкве ГОСПАДА.
“Не праракуйце!” Але яны праракуюць! “Не праракуйце гэтага, не дасягне нас ганьба!”
«Не прапаведуйце», а яны прапаведуюць: «Не прапаведуйце нам, і аддаліцца ганьба».
Ці будзе пракляты дом Якуба? Ці зменшыўся Дух Госпадаў, або ці такія ўчынкі Яго? Ці словы Яго не спагадныя да тых, хто справядліва робіць?
Ты, які завешся домам Якуба, няўжо скараціўся Дух ГОСПАДА? Няўжо такія ўчынкі Ягоныя? Ці ж ня словы Мае робяць дабро для таго, хто ходзіць у правасьці?
Вы ж паўстаеце супраць народа Майго, як ворагі. Вы здымаеце з яго верхнюю і споднюю вопратку;
Але ўчора народ Мой паўстаў як вораг. Вы забіраеце вопратку ў тых, якія праходзяць [каля вас] бясьпечна, якія не імкнуцца ваяваць.
Жанчын народа Майго выганяеце вы з іх утульных дамоў, дзяцей іх пазбаўляеце ласкі Маёй навечна.
Жанчынаў народу Майго вы выганяеце з утульных дамоў іхніх, у дзяцей іхніх забіраеце велічнасьць Маю на вякі.
Уставайце і ідзіце, бо не маеце тут супачынку! Дзеля нячыстасці сваёй будзеце вы знішчаны пакараннем самым страшэнным.
Устаньце і ідзіце, бо няма [тут] супачынку, гэта [месца] нячыстае, яно — загуба для [вас], загуба страшэнная.
Калі які чалавек, ветрам узбуджаны, скажа хлусліва: “Я буду праракаваць табе пра віно і напоі”, той быў бы прарокам гэтага народа.
Калі б чалавек, які ходзіць за ветрам і хлусьнёю падманвае, [сказаў]: «Я буду прапаведаваць пра віно і сікеру», ён стаў бы прапаведнікам для народу гэтага.
Сабраннем збяру цябе ўсяго, Якубе; збяру ў адно рэшту Ізраэля, размяшчу разам статак у аўчарні, як жывёлу пасярод пашы; і будзе гармідар дзеля мноства людзей.
Я зьбіраньнем зьбяру ўсяго цябе, Якубе, зграмаджэньнем зграмаджу рэшту Ізраіля, пастаўлю іх разам, як авечак у Боцры, як чараду пасярод пашы ейнай, і будзе гоман ад [мноства] людзей.
Пойдзе бо перад імі правадыр; разбураць яны і пройдуць праз браму, выйдуць праз яе. І пойдзе цар іх перад імі, і Госпад на чале іх».
Узыйдзе Той, Які зломіць [перашкоды] перад абліччам іхнім; яны праломяць і пойдуць праз браму, і ўвойдуць праз яе, і валадар іхні — перад абліччам іх, і ГОСПАД на чале іх.