Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Да Рымлянаў 5 Ліст да Рымлянаў 5 разьдзел

1 Дык, апраўданыя вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
2 праз Якога вераю маем доступ да той ласкі, у якой трываем, ды пахваляемся надзеяй славы Божай.
3 Ды не толькі гэтым, але пахваляемся таксама прыгнётам, ведаючы, што прыгнёт спараджае цярплівасць,
4 а цярплівасць — досвед, а досвед — надзею.
5 А надзея не ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашы праз Духа Святога, Які нам дадзены.
6 Бо і Хрыстос памёр за бязбожнікаў у вызначаны час, калі мы былі яшчэ нямоглымі.
7 Бо і за справядлівага наўрад ці хто памірае; хіба за дабрадзея, можа быць, хто і адважыўся памерці.
8 Бог жа даказвае Сваю любоў да нас тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас.
9 Дык тым больш цяпер, апраўданыя Крывёй Яго, будзем збаўлены праз Яго ад гневу.
10 Бо калі мы, будучы ворагамі, пагадзіліся з Богам праз смерць Сына Яго, дык тым больш, ужо пагадзіўшыся, атрымаем збаўленне ў жыцці Яго.
11 І не толькі гэта, але пахваляемся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэнне.
12 З гэтай прычыны, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх — смерць, гэтак і смерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе людзі зграшылі.
13 Бо і да закону быў грэх на свеце, але грэх не залічваецца, калі закон адсутнічае.
14 Аднак ад Адама да Майсея смерць панавала нават над тымі, што не зграшылі на падабенства граху Адама, які ёсць узор будучыні.
15 Але не так з дарам, як са злачынствам. Бо калі злачынства аднаго выклікала смерць многіх, то намнога большая ласка Божая, і дар ласкі ад аднаго чалавека, Ісуса Хрыста, на многіх распаўсюдзіўся.
16 І дар не такі, што за аднаго [чалавека], што зграшыў, бо прысуд за аднаго — на пакаранне, а ласка — на апраўданне за многія злачынствы.
17 І калі за злачынства аднаго смерць запанавала праз аднаго, то непараўнальна больш тыя, што атрымоўваюць шчодрасць ласкі і дару справядлівасці, панаваць будуць у жыцці праз аднаго, Ісуса Хрыста.
18 Дык як праз злачынства аднаго пакаранне на ўсіх людзей, так праз справядлівасць аднаго — апраўданне жыцця на ўсіх людзей.
19 І як праз непаслухмянасць аднаго чалавека сталіся грэшнікамі многія, так праз паслухмянасць аднаго многія стануцца справядлівымі.
20 Закон жа прыйшоў пасля, так што злачынствы памнажаліся; а дзе памножыўся грэх, там празмерна памножылася ласка,
21 каб, як грэх запанаваў на смерць, так і ласка праз справядлівасць запанавала на жыццё вечнае праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Рымлянаў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017