Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Да Рымлянаў 10 Ліст да Рымлянаў 10 разьдзел

1 Браты! Жаданне сэрца майго ды гарачае маленне да Бога аб Ізраэлі дзеля збаўлення.
2 Сведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не паводле розуму.
3 Бо, не разумеючы справядлівасць Божую і спрабуючы ўстанавіць сваю справядлівасць, яны не пакарыліся справядлівасці Божай.
4 Бо завяршэнне закону — Хрыстос, для апраўдання кожнага, хто верыць.
5 Майсей вось піша аб справядлівасці, якая з закону: «Чалавек, які выканае яго, будзе жыць ім».
6 А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: “Хто ўзыдзе ў неба?”, — гэта значыць Хрыста звесці,
7 або: “Хто спусціцца ў бездань?”, — гэта значыць Хрыста вывесці з мёртвых».
8 Але што яна кажа: «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое абвяшчаем.
9 Бо калі вуснамі тваімі вызнаеш: «Ісус — Госпад», і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены.
10 Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасці, а вызнанне вуснамі — дзеля збаўлення.
11 Пісанне ж кажа: «Усякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
12 Няма таму розніцы між юдэем і грэкам, адзін бо Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто Яго прызывае.
13 Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.
14 Як жа могуць прызываць Таго, у Каго не паверылі? Або як павераць у Таго, пра Якога не чулі? Але як жа пачуць без прапаведніка?
15 І як жа прапаведаваць, калі не пасылаюць? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі тых, якія дабравесцяць мір, абвяшчаюць добрую вестку!»
16 Але не ўсе паслухаліся Евангелля. Ісая, вось, кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?»
17 Таму вера — ад слухання, а слуханне — праз слова Бога.
18 Дык кажу: ці яны не пачулі? Але ж наадварот: «Па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх — аж да ўскрайкаў свету».
19 Зноў пытаю: ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: «Я прывяду вас да руплівасці праз ненарод, праз народ неразумны вас паклічу да гневу».
20 А Ісая адважыўся сказаць: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; яўна аб’явіўся Я тым, якія пра Мяне не пыталіся».
21 Да Ізраэля ж так кажа: «Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа непаслухмянага і ўпорыстага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Рымлянаў, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017