Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Да Рымлянаў 2 Ліст да Рымлянаў 2 разьдзел

1 Таму няма выбачэння табе, кожны чалавеча, калі асуджаеш. Ды ў чым асуджаеш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае ты, які асуджаеш.
2 Ведаем бо, што Божы суд справядлівы супраць тых, якія дапускаюцца такога.
3 Ці думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, якія такое робяць, і сам робіш тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?
4 Ці пагарджаеш багаццем дабраты, цярплівасці і вялікадушнасці Яго, не разумеючы, што дабрата Божая прыводзіць цябе да навяртання?
5 Дзеля закамянеласці тваёй і ненавернутага сэрца рыхтуеш сабе гнеў на дзень гневу і аб’явы справядлівага суда Бога,
6 Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:
7 тым, што праз стойкасць у добрых учынках шукаюць славы, пашаны і несмяротнасці — жыццё вечнае;
8 а тым, што ўпорыстыя і за праўдай ісці не хочуць, але падпарадкоўваюцца нягоднасці, — гнеў і лютасць.
9 Пакуты і прыгнёт на кожную душу для людзей, што чыняць ліха, перш на юдэя, і на грэка.
10 Хвала, і пашана, і супакой усякаму, хто чыніць дабро, найперш юдэю, і грэку.
11 Бо ў Бога няма зважання на асобу.
12 Тыя, што без закону зграшылі, без закону і загінуць, а тыя, што пры законе зграшылі, законам будуць асуджаны.
13 Бо не тыя, што слухаюць закон, справядлівыя ў Бога, але тыя, што выконваюць закон, будуць апраўданы.
14 Бо калі пагане, не маючы ніякага закону, па прыродзе робяць тое, што па законе, дык, не маючы закону, яны самі сабе закон.
15 Паказваюць яны, што справа закону напісана ў іх сэрцах, пра гэта сведчыць іх сумленне і думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну,
16 у той дзень, калі Бог будзе судзіць праз Ісуса Хрыста таемныя справы людзей, паводле майго дабравесця.
17 Вось ты завешся юдэем, ды ўпэўнены ў законе і ўсхваляеш Бога,
18 ды, навучаны законам, ведаеш волю Яго, і разумееш, што лепшае,
19 і перакананы, што ты — павадыр сляпых, святло для тых, што ў цемры,
20 выхавацель неразумных, настаўнік маладых, і маеш у законе прыклад ведаў і праўды, —
21 дык як жа ты вучыш іншага, а сябе самога не вучыш? Ты, які прапаведуеш не красці, крадзеш?
22 Кажучы, што нельга чужаложыць, чужаложыш? Брыдзішся ідаламі, і абкрадваеш святыню?
23 Выхваляеш закон, а, парушаючы закон, Бога зневажаеш?
24 Як напісана: «З-за вас паміж паганаў блюзняць на імя Божае».
25 Абразанне тады карыснае, калі падпарадкоўваешся закону. Калі ж ты парушальнік закону, то абразанне тваё сталася неабразаннем.
26 А калі неабрэзаны падпарадкоўваецца пастановам закону, дык ці ж яго неабразанне не палічыцца яму за абразанне?
27 Дык, вось, той, хто па прыродзе неабрэзаны, але выконвае закон, будзе судзіць цябе, парушальніка закону, які ведае літару закону і абрэзаны.
28 Бо не той юдэй, хто такі з выгляду, ды не тое абразанне, якое відаць на целе,
29 але той, хто ўнутры юдэй і абразанне якога ў сэрцы па духу, а не паводле літары; такому і пахвала не ад людзей, а ад Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Рымлянаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017