Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Дык што, скажам, здабыў наш бацька Абрагам паводле цела?
Што, скажам, Абрагам, айцец наш, прыдбаў подле цела?
Бо калі Абрагам апраўданы з учынкаў, — мае славу, але не перад Богам.
Бо калі Абрагам аправіўся ўчынкамі, ён мае чым хваліцца, але не перад Богам.
Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана Абрагаму за справядлівасць».
Бо што кажа Пісьмо? «І паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму за справядлівасьць».
Вось жа, таму, хто працаваў, плата налічваецца не з ласкі, але з доўгу або павіннасці.
Таму, хто робе, ня з ласкі залічаецца заплата, але з абавязку;
Таму, аднак, хто не працаваў, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, яго вера залічваецца за справядлівасць.
А таму, хто ня робе, але вера ў Таго, хто праўдзе бязбожнага, вера ягоная залічаецца за справядлівасьць.
Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог без заслугі залічвае справядлівасць:
Гэтак нават Давід завець шчасьлівай людзіну, каторай Бог залічае справядлівасьць незалежна ад учынкаў:
«Шчасныя тыя, якім адпушчаны беззаконні ды якіх грахі закрыты.
«Шчасьлівыя, чые бяспраўі дараваныя і чые грахі пакрытыя.
Шчасны чалавек, якому Госпад не палічыць граху».
ІІІчасьлівая людзіна, каторай Спадар не залічыў грэху».
Дык ці гэта шчаснасць датычыцца абрэзання, ці таксама і неабрэзання? Мы кажам: «Залічана Абрагаму вера за справядлівасць».
Дык дабраславенства гэта належа абразаньню ці й неабразаньню? Мы кажам, што Абрагаму вера залічана за справядлівасьць.
Калі была залічана: ці калі быў абрэзаны, ці ў неабрэзанасці? Не пасля абразання, але ў неабрэзанасці;
Дык як гэта было залічана? у вабразаньню ці ў неабразаньню? Не ў вабразаньню, але ў неабразаньню.
і ён атрымаў знак абразання, як пячатку справядлівасці праз веру, якую меў яшчэ ў неабрэзанасці, каб стаўся ён бацькам усіх тых, хто верыць у неабрэзанасці, каб і ім была залічана справядлівасць,
І знак абразаньня ён адзяржаў, як пячаць справядлівасьці веры, што была ў неабразаньню, так што ён можа быць айцом усіх вернікаў у неабразаньню, каб і ім залічалася справядлівасьць,
і бацькам не толькі тых абрэзаных, што прынялі абразанне, але і тых, якія ідуць слядамі той веры бацькі нашага Абрагама, якая была ў ім у неабрэзанасці.
І айцом абразаньня тых, што ня толькі з абразаньня, але таксама каторыя ходзяць сьлядамі веры айца нашага Абрагама, што была перад абразаньням.
Бо не законам было дадзена Абрагаму і нашчадкам яго абяцанне, што ён стане спадкаемцам свету, але справядлівасцю веры.
Бо не Законам дана Абрагаму або насеньню ягонаму быць спадкаемцам сьвету, але справядлівасьцяй веры.
Бо калі спадкаемцы тыя, што з закону, дык вера пустая і абяцанне знішчыцца.
Бо калі тыя, што із Закону, спадкаемцы, дык змарнавана вера, і абятніца ня дзее;
Бо закон выклікае гнеў, а дзе няма закону, там няма і злачынства.
Бо Закон дзее гнеў, і йдзе няма Закону, няма й выступу.
Таму — па веры, каб з ласкі, каб абяцанне было надзейным для кожнага нашчадка, не толькі для таго аднаго, хто з закону, але і для таго, хто з веры Абрагама, — ён жа бацька ўсіх нас, —
Дык ізь веры ё, каб магло быць подле ласкі, каб абятніца была пэўная ўсяму насеньню, ня толькі тым, што із Закону, але й тым, што зь веры Абрагамовае, каторы айцец усіх нас,
як напісана: «Устанавіў Я цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, як Таму, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае існым.
(Як напісана: «Я прызначыў цябе за айца шмат народам») перад Богам, Катораму ён паверыў, Каторы ажыўляе мертвых і завець няіснуючае, як існуючае.
Ён насуперак надзеі паверыў надзеі стацца бацькам многіх народаў, як было сказана: «Такім будзе патомства тваё».
Каторы звыш надзеі верыў у надзею, што будзе айцом шмат народам, подле сказанага: «Так будзе насеньне твае».
І, непахісны ў веры, ён не звярнуў увагі, што цела яго ўжо амярцвела, бо было яму каля ста гадоў, і нутро Сары таксама амярцвела.
І, ня будучы млявым у веры, ён не зважаў на собскае цела свае, што, будучы стагодняе, ужо памярцьвела, ані на памярцьвеньне ўлоньня Сорынага;
І ў абяцанні Божым не засумняваўся ў бязвер’і, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу,
Ня сумляўся ў вабятніцы Божай нявераю, але пасіліўся вераю, даўшы хвалу Богу,
і быў упэўнены, што Ён мае моц і здзейсніць абяцанае.
І будучы супоўна пераканаўшыся, што што-колечы Ён абяцаў, можа й зрабіць.
Таму гэта залічана было яму за справядлівасць.
І затым гэта было залічана яму за справядлівасьць».
А гэта напісана не толькі дзеля яго аднаго, што залічана яму,
Вось жа, гэта ж было напісана не празь яго аднаго, што яму залічана будзе,
але і дзеля нас, бо будзе залічана і нам, веруючым у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага,
Але й нам, тым будзе залічана, што вераць у Таго, Каторы ўскрысіў Ісуса, Спадара нашага, зь мертвых,
Які быў выдадзены за грахі нашы і ўваскрос дзеля апраўдання нашага.
Каторы выданы за грахі нашы і быў ускрэшаны дзеля аправеньня нашага.