Рут 3 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І сказала ёй Наэмінь, сьвякроў яе: дачка мая, ці не пашукаць табе прытулку, каб табе добра было?
 
І сказала ёй Ноэмі, сьвякроў яе: — дачка мая, ці не пашукаць табе прыпынку, каб табе было добра.

вось, Ваоз, з служанкамі якога ты была, родзіч наш; вось, ён гэтае ночы вее ў гумне ячмень;
 
Вось Бооз, са служанкамі якога ты была, наш сваяк; вось ён будзе ў гэтую ноч веяць ячмень на гумнішчы.

умыйся, памажся, надзень строі свае і пойдзеш у гумно, але не паказвайся яму, пакуль ня скончыць есьці і піць;
 
Дзеля гэтага памыйся, намасьціся алеям, апрані вопратку тваю і пайдзі на гумнішча, але не паказывайся яму пакуль ня скончыць есьці і піць.

а калі ён ляжа спаць, даведайся пра месца, дзе ён ляжа; тады прыйдзеш і адкрыеш каля ног ягоных і ляжаш: ён скажа табе, што табе рабіць.
 
Калі ён пойдзе спаць, даведайся аб месцы, дзе ён ляжа і, падыйшоўшы, адхілі плашч у ног яго і ляж, а ён скажа табе, што ты маеш рабіць.

Рут сказала ёй: зраблю ўсё, што ты сказала мне.
 
Рут адказала ёй: — зраблю ўсё, што ты сказала мне.

І пайшла ў гумно і зрабіла ўсё так, як загадвала ёй сьвякроў яе.
 
І пайшла яна на гумнішча і зрабіла ўсё, як загадала ёй сьвякроў.

Ваоз наеўся і напіўся, і разьвесяліў сэрца сваё, і пайшоў і лёг спаць пад сьціртаю. І яна прыйшла ціхенька, адкрыла каля ног ягоных і легла.
 
Бооз наеўся, напіўся, разьвясяліў сэрца сваё і лёг каля торпу спаць. І яна прыйшла паціху, адхіліла плашч у ног яго і лягла.

Апоўначы ён уздрыгнуў, прыўзьняўся, і вось, каля ног ягоных ляжыць жанчына.
 
А калі была поўнач спужаўся ён, узьняўся і вось у ног яго ляжыць жанчына.

І сказаў: хто ты? Яна сказала: Я Рут, рабыня твая, ахіні крылом тваім рабыню тваю, бо ты родзіч.
 
І сказаў ёй Бооз: — хто ты. Яна адказала: — я — Рут, нявольніца твая, працягні крыло тваё на нявольніцу тваю, бо ты сваяк.

Ваоз сказаў: дабраславёная ты ад Госпада, дачка мая! гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ лепей за папярэдні, што ты не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых;
 
А ён адказаў: — багаслаўлёная ты ад Госпада дачка мая! Гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты ячшэ лепш, чым папярэдні, што не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых.

дык вось, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала; бо каля ўсіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрадзейная;
 
Дык, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала, бо ў усіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрачынная.

хоць і праўда, што я родзіч, але ёсьць яшчэ родзіч бліжэйшы за мяне;
 
Хаця і праўда, што я сваяк твой, але ёсьць яшчэ сваяк бліжэйшы, чым я.

заначуй гэтую ноч; а заўтра, калі ён прыме цябе, дык добра, хай прыме; а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму; жывы Гасподзь! сьпі да раніцы.
 
Параначуй тут, заўтра-ж, калі ён цябе прыйме, дык добра, а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму цябе правам блізкасьці; жыве Гаспод! Сьпі ж тут да раніцы.

І спала яна каля ног ягоных да раніцы, і ўстала раней, чым яны маглі пазнаць адно аднаго. І сказаў Ваоз: хай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла ў гумно.
 
І спала яна ў ног ягоных аж да раніцы і ўстала раней, чым маглі яны распазнаць адзін аднаго, бо сказаў Бооз: — няхай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла на гумнішча.

І сказаў ёй: падай вопратку, якая на табе, патрымай яе. Яна трымала, і ён намерыў шэсьць мераў ячменю, і паклаў на яе, і пайшоў у горад.
 
Апрача гэтага сказаў: — падай верхнюю вопратку, якая на табе і патрымай яе. Яна трымала, а ён адмерыў ёй шэсьць мераў ячменю і палажыў на яе і пайшоў у горад.

А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: што, дачка мая? Яна пераказала ёй усё, што зрабіў ёй чалавек той.
 
А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: — што, дачка мая. Яна пераказала ўсё, што ёй зрабіў той чалавек.

І сказала: гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў мне: ня йдзі да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.
 
І сказала: — гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў: — ня варочайся да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.

Тая сказала: пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым усё закончыцца; бо чалавек той не застанецца спакойны, не закончыўшы дзею сёньня.
 
І сказала Ноэмі: — пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым кончыцца справа, бо чалавек той не пакіне гэтай справы, пакуль яе сягоньня не закончыць.