Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Рут 3 Кніга Рут 3 разьдзел

1 І сказала ёй Ноэмі, сьвякроў яе: — дачка мая, ці не пашукаць табе прыпынку, каб табе было добра.
2 Вось Бооз, са служанкамі якога ты была, наш сваяк; вось ён будзе ў гэтую ноч веяць ячмень на гумнішчы.
3 Дзеля гэтага памыйся, намасьціся алеям, апрані вопратку тваю і пайдзі на гумнішча, але не паказывайся яму пакуль ня скончыць есьці і піць.
4 Калі ён пойдзе спаць, даведайся аб месцы, дзе ён ляжа і, падыйшоўшы, адхілі плашч у ног яго і ляж, а ён скажа табе, што ты маеш рабіць.
5 Рут адказала ёй: — зраблю ўсё, што ты сказала мне.
6 І пайшла яна на гумнішча і зрабіла ўсё, як загадала ёй сьвякроў.
7 Бооз наеўся, напіўся, разьвясяліў сэрца сваё і лёг каля торпу спаць. І яна прыйшла паціху, адхіліла плашч у ног яго і лягла.
8 А калі была поўнач спужаўся ён, узьняўся і вось у ног яго ляжыць жанчына.
9 І сказаў ёй Бооз: — хто ты. Яна адказала: — я — Рут, нявольніца твая, працягні крыло тваё на нявольніцу тваю, бо ты сваяк.
10 А ён адказаў: — багаслаўлёная ты ад Госпада дачка мая! Гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты ячшэ лепш, чым папярэдні, што не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых.
11 Дык, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала, бо ў усіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрачынная.
12 Хаця і праўда, што я сваяк твой, але ёсьць яшчэ сваяк бліжэйшы, чым я.
13 Параначуй тут, заўтра-ж, калі ён цябе прыйме, дык добра, а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму цябе правам блізкасьці; жыве Гаспод! Сьпі ж тут да раніцы.
14 І спала яна ў ног ягоных аж да раніцы і ўстала раней, чым маглі яны распазнаць адзін аднаго, бо сказаў Бооз: — няхай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла на гумнішча.
15 Апрача гэтага сказаў: — падай верхнюю вопратку, якая на табе і патрымай яе. Яна трымала, а ён адмерыў ёй шэсьць мераў ячменю і палажыў на яе і пайшоў у горад.
16 А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: — што, дачка мая. Яна пераказала ўсё, што ёй зрабіў той чалавек.
17 І сказала: — гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў: — ня варочайся да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.
18 І сказала Ноэмі: — пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым кончыцца справа, бо чалавек той не пакіне гэтай справы, пакуль яе сягоньня не закончыць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Рут, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.