Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Рут 2 Кніга Рут 2 разьдзел

1 Ноэмі мела сваяка па мужу сваім, чалавека вельмі багатага, з роду Элімелехавага, якога называлі Бооз.
2 І сказала Рут Маабіцянка Ноэмі: — пайду я на поле і буду падбіраць каласы за тым, у каго знайду спагаданьне, а яна адказала: — пайдзі дачка мая.
3 Яна пайшла і, прыйшоўшы, падбірала на полі каласы пасьля жнеяроў. І здарылася, што тая частка поля належала да Бооза, які быў з роду Элімелехавага.
4 І вось Бооз прыйшоў з Бэтлеему і сказаў жнеяром: — Гаспод з вамі! Яны адказалі: — няхай багаславіць цябе Гаспод!
5 Сказаў тады Бооз слузе свайму, які быў пастаўлены над жнеярамі: — чыя гэта маладая жанчына.
6 Слуга пастаўлены над жнеярамі адказаў і сказаў: — гэтая маладая жанчына — Маабіцянка, якая прыйшла з Ноэмі з зямлі Маабіцкай.
7 Яна сказала мне: — «буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі за жнеярамі», і прыйшла сюды знаходзіцца тут ад самай раніцы аж дасюль і мала бывае яна ў хаце.
8 І сказаў Бооз Рут: — паслухай дачка мая; не хадзі зьбіраць каласоў на другім полі і не адыходзь адсюль, але трымайся тут з маімі служанкамі.
9 Пільнуй гэтага поля, дзе яны жнуць і хадзі за імі; вось я загадаў слугам маім не чапаць цябе; калі захочаш піць — ідзі да судзьдзя і пій стуль, адкуль чэрпаюць слугі мае.
10 Яна ўпала на твар свой, пакланілася да зямлі і сказала яму: — чым здабыла я ў вачох тваіх такую ласку, што ты прыймаеш мяне, хаця я і чужаземка.
11 Бооз адказаў і сказаў ёй: — мне расказалі ўсё, што зрабіла ты для свякрухі сваёй, пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і маці і тваю бацькаўшчыну і прыйшла да народу, якога ты ня знала ўчора і перад гэтым.
12 Няхай аддасьць табе Гаспод за гэта і няхай будзе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраільскага, да якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад ягонымі крыламі.
13 Яна сказала: — няхай буду я ў ласцы перад вачыма тваймі, пан мой, ты пацешыў мяне і гаварыў па сэрцы нявольніцы тваёй, між тым як я ня вартая ніводнай з нявольніцаў тваіх.
14 І сказаў ёй Бооз: — калі будзе час ежы, прыходзь сюды і еш хлеб, мачаючы кавалак у воцат. І села яна пры жнеярох і падаў ёй хлеба; яна ела, наелася і яшчэ засталося.
15 Пасьля ўстала, каб падбіраць, а Бооз даў сваім слугам загад, сказаўшы: — няхай яна падбірае і паміж снапамі і не забараняйце ёй гэтага,
16 Умысна нават пакідайце ёй і застаўляйце, каб яна зьбірала, і не сварэцеся на яе.
17 Так падбірала яна на полі да вечара і вымалаціла сабранае і выйшла каля эфы ячменя.
18 Узяўшы гэта яна пайшла ў места і сьвякроўка яе пабачыла, што яна назьбірала. І вынула Рут і дала ёй тое, што пакінула наеўшыся сама.
19 І сказала ёй свякроўка: — дзе ты сягоньня зьбірала і дзе працавала. Няхай будзе багаслаўлёны той, хто прыняў цябе! І расказала Рут сьвякроўцы ў каго працавала, гаворачы: — імя чалавеку ў якога я працавала — Бооз.
20 І сказала Ноэмі нявестцы сваёй: — няхай будзе ён багаслаўлёны ад Госпада, за тое, што не пазбавіў ласкі сваёй ні жывых ні мёртвых. І сказала яшчэ Ноэмі: — чалавек гэты блізкі нам, ён з нашых сваякоў.
21 Сказала ёй Рут Маабіцянка: — ён нават сказаў мне — будзь з маімі служанкамі, пакуль ня скончаць яны жніва майго.
22 І сказала тады Ноэмі нявестцы сваёй Рут: — добра дачка мая, што ты будзеш хадзіць з ягонымі служанкамі і ня будуць цябе абражаць на іншым полі.
23 Так была яна са служанкамі Бооза і падбірала каласы, пакуль ня скончылася жніво ячменя і жніво пшаніцы, і жыла ў сьвякроўкі сваёй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Рут, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.