Данііла 7 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
У першы год Бэльшацара, валадара Бабілонскага, Данііл бачыў сон і відзеж галавы сваёй на ложку сваім. Тады ён запісаў гэты сон і расказаў сутнасьць справы.
Першага году Велшазара, караля Бабілёнскага, Данель сьніў сон і відзеў відзені галавы свае на ложку сваім; тады ён запісаў гэны сон і расказаў істасьць справы.
Адказаў Данііл і сказаў: «Я бачыў відзеж уначы. І вось, чатыры вятры нябесныя ўзбурылі мора вялікае.
Данель адказаў і сказаў: «Я відзеў у сваёй відзені ночы, і вось, чатыры вятры нябёсныя ваявалі на вялікім мору,
І чатыры вялізныя зьвяры выйшлі з мора, адрозныя адзін ад аднаго.
І чатыры вялізманыя зьвяры вышлі з мора, розныя адзін ад аднаго.
Першы — як леў, і ў яго арліныя крылы. Я бачыў, ажно крылы ягоныя былі адарваныя, і ён быў падняты з зямлі, і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму.
Першы як леў, але ў яго арліныя крылы. Як я глядзеў, крылы ягоныя былі адарваныя, і ён быў падняты ізь зямлі, і пастаноўлены на дзьве нагі, як людзіна, і сэрца людзкое было дана яму.
І вось іншы зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, быў пастаўлены з аднаго боку, і тры рабрыны ў пашчы ягонай, між зубоў ягоных; і гэтак сказалі яму: “Устань, еш шмат мяса”.
І во яшчэ другі зьвер, падобны да медзьвядзя, падняўся з аднаго боку, і тры скабы ў роце ў яго, меж зубоў ягоных; і гэтак сказалі яму: "Устань, жары шмат мяса".
Пасьля гэтага я бачыў, і вось яшчэ адзін, як леапард, у якога на хрыбце ягоным чатыры крылы птушыныя; і чатыры галавы ў зьвера, і ўлада была дадзена яму.
Адлі я глянуў і бачу — яшчэ адзін, як леапард, у каторага на хрыбце чатыры птушыныя крылы; у зьвера былі таксама чатыры галавы, і ўлада была дана яму.
Пасля гэтага я бачыў у відзежах начных, і вось зьвер чацьвёрты, жахлівы і жудасны, і дужы надзвычайна; і ў яго зубы вялікія жалезныя; ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі. І ён адрозьніваўся ад усіх зьвяроў, якія былі перад ім, і дзесяць рагоў у яго.
Потым я відзеў у ночных відзенях, і во — чацьверты зьвер, жахлівы а страшны а дужы надзвычайна; у яго вялікія зялезныя зубы; ён жэр а ірваў, астачу ж таптаў нагамі сваімі; ён быў накшы ад іншых зьвяроў, што былі перад ім, і дзесяць рог у яго.
Я прыглядаўся, глядзеў на рогі, і вось, адзін рог малы вырас сярод іх, і тры першыя рогі былі вырваны з карэньнем перад ім, і вось, вочы, як вочы чалавечыя, у рога гэтага і рот, які гаварыў пра вялікія рэчы.
Я назіраў рогі, і вось, адзін рог малы зьявіўся меж іх, перад каторым тры першыя рогі былі вырваны з карэньням, і вось, у гэтага рогу вочы, як вочы людзіны, і рот, што вымаўляў вялікія словы.
Я бачыў, аж былі пастаўлены пасады, і Старадаўні Днямі сеў; адзеньне Ягонае — белае як сьнег, і валасы на галаве Ягонай — як воўна чыстая; пасад Ягоны — полымя агню, колы Ягоныя — агонь палючы.
Назіраў я, аж пастаноўлены пасады, і Спрадвечны дзён сеў; адзецьце на Ім белае, як сьнег, і валасы на галаве Ягонай — як чыстая воўна; пасад Ягоны — агняное полымя, колы ягоныя — палаючае цяпло.
Рака агню выцякала і разьлівалася перад Ім; тысяча тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысячаў дзесяткаў тысячаў стаялі перад Ім. Суд сеў, і кнігі былі разгорнутыя.
Агняны цурэй выцек а разьліўся перад Ім; тысяча тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысячаў дзесяткоў тысячаў стаялі перад Ім; суд сеў, і рашчыніліся кнігі.
Я бачыў тады, што з прычыны голасу словаў вялікіх, якія гаварыў рог, я бачыў, што зьвер быў забіты, і зьнішчана цела ягонае, і аддадзена на спаленьне агню.
У відзені відзеў я тады, што за вялікія словы, каторыя гукаў рог; відзень відзеў я, што зьвер быў забіты, і зьнішчана цела ягонае, і перадана полымені цяпла.
А ў рэшты зьвяроў была забрана ўлада іхняя, але працягласьць жыцьця іхняга дадзена ім да [вызначанай] пары і часу.
Што да засталых зьвяроў, то ўлада ў іх была адабрана, але жыцьцё іхнае працягнена да року а часу.
Я бачыў у відзежах начных, і вось, з хмарамі нябеснымі нібы Сын Чалавечы надыходзіць, і Ён прыйшоў да Старадаўняга Днямі, і Яго падвялі перад аблічча Ягонае.
Бачыў я ў ночных відзенях, і вось, болкамі нябёснымі быццам Сын людзкі быў прышоўшы да Старога Днямі, да Яго.
І была дадзена Яму ўлада, слава і валадарства, каб усе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — улада вечная, якая не праміне, і валадарства Ягонае ня будзе зьнішчана.
І была дана Яму ўлада а слава а каралеўства, каб усі люды, народы й мовы служылі Яму; ўлада Ягоная — улада вечная, каторая ня мінець, і каралеўства Ягонае ня будзе зьнішчана.
І занепакоіўся дух мой у-ва мне, у Данііле, унутры цела [майго], і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.
Я, Данель, зьнемарасьціўся ў духу сваім у целе, і відзені галавы мае парушылі мяне.
Я наблізіўся да аднаго з тых, што [там] стаялі, і спытаўся ў яго праўды пра ўсё гэта, і ён сказаў мне, і паведаміў мне значэньне рэчаў гэтых.
Я дабліжыўся да аднаго з тых, што блізка стаялі, і папытаўся ў яго праўды праз усе гэта, і ён гутарыў з імною, і абясьціў імне значаньне гэтых рэчаў:
“Гэтыя зьвяры вялікія, якіх чатыры, — гэта чатыры валадары, якія паўстануць з зямлі.
"Гэтыя вялікія зьвяры, каторых чатыры — чатыры караля, што паўстануць ізь зямлі.
І атрымаюць валадарства сьвятыя Найвышэйшага і яны будуць трымаць валадарства вечна, на вякі вечныя”.
Але адзяржаць каралеўства сьвятыя Навышняга і будуць дзяржаці каралеўства на векі, на векі а векі".
Тады я хацеў дазнацца пра зьвера чацьвёртага, які адрозьніваўся ад усіх іх, надзвычайна жудасны, зубы ягоныя жалезныя і кіпцюры ягоныя мядзяныя, ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі,
Тады я хацеў даведацца праўды праз чацьвертага зьвера, што розьніўся ад усіх іншых, быў надзвычайна страшны, ізь зялезнымі зубамі а бранзовымі капцюрамі, жэр а трышчыў, астачу ж таптаў нагамі сваімі,
і пра дзесяць рагоў на галаве ягонай, і пра іншы [рог], які вырас і перад ім упалі тры, і пра рог гэты, і вочы ягоныя, і рот, які гаварыў пра вялікія рэчы, і выгляд ягоны большы за супольнікаў ягоных.
І зь дзесяцьма рагамі на галаве сваёй, і праз другога, што прышоў, і перад каторым палі тры, у каторага розе былі вочы й рот, што гукаў вялікае, каторы выглядаў дужшым за сяброў сваіх.
Я бачыў, і гэты рог вёў вайну са сьвятымі, і перамагаў іх,
Я глядзеў, як гэны рог пачаў вайну ізь сьвятымі і перамагаў іх,
пакуль не прыйшоў Старадаўні Днямі, і суд быў дадзены сьвятым Найвышэйшага, і надыйшоў час [вызначаны], каб валадарства атрымалі сьвятыя.
Пакуль ня прышоў Стары Днямі, і суд быў даны сьвятым Навышняга, і настала пара, каб сьвятыя адзяржалі каралеўства.
Гэтак ён сказаў: “Зьвер чацьвёрты — гэта валадарства чацьвёртае, што будзе на зямлі; яно адрознае ад усіх валадарстваў, і яно зжарэ ўсю зямлю, і стопча яе, і патрушчыць яе.
Гэтак ён сказаў: "Чацьверты зьвер — чацьвертае каралеўства будзе на зямлі, накшае ад усіх каралеўстваў, і будзе жэрці ўсю зямлю, і таптаць яе, і мяжджуліць.
А дзесяць рагоў [значаць], што з гэтага валадарства паўстане дзесяць валадароў, а пасьля іх паўстане адзін, і ён будзе адрозьнівацца ад іншых, і ён скіне трох валадароў.
А дзесяць рог значаць, што з гэнага каралеўства паўстане дзесяць каралёў, просьле іх паўстане адзін, накшы ад першых, і паніжа трох каралёў.
І словы супраць Найвышэйшага ён будзе прамаўляць, і сьвятых Найвышэйшага будзе ўціскаць, і задумае адмяніць сьвяты і закон, і яны будуць аддадзеныя ў руку ягоную да часу, часоў і паловы часу.
І будзе гукаць словы на Навышняга, і нікбіць сьвятых Навышняга, і падумае адмяніць поры а права, і яны будуць адданы ў руку яму на час, часы а паў часу.
І суд сядзе, і ўладу ягоную забяруць, каб выгубіць і зьнішчыць [яго] да канца.
Але сядзе суд, і адыймуць у яго ўладу, каб згубіць а зьнішчыць да канца.
Валадарства і ўлада і веліч валадарстваў пад усім небам будзе дадзена народу сьвятых Найвышэйшага. Валадарства Ягонае — валадарства вечнае, і ўсе ўлады будуць служыць Яму і будуць слухаць Яго”.
Каралеўства ж а ўлада а вялічча каралеўства пад цэлым небам будзе люду сьвятых Навышняга, Каторага каралеўства — каралеўства вечнае, і ўсі дзяржавы будуць служыць Яму і слухаць Яго".
Дагэтуль канец слова гэтага. Мяне, Данііла, думкі мае вельмі трывожылі, і выгляд мой зьмяніўся ў мяне; але слова гэтае я захаваў у сэрцы маім».
Дагэтуль канец справе. Што да мяне, Данеля: думкі мае вельма палохалі мяне, і від мой адмяніўся ў імне; але я захаваў справу ў сэрцу сваім».