Ераміі 4 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І калі хочаш навярнуцца, Ізраіле, кажа Гасподзь, да Мяне навярніся; а калі адвядзеш гідоты твае ад аблічча Майго, ты ня будзеш бадзяцца.
«Калі будзеш навяртацца, Ізраэль, — кажа Госпад, — навярніся да Мяне і, калі аддаліш сваіх ідалаў ад аблічча Майго, не ўцякай.
І будзеш бажыцца: жывы Гасподзь! у ісьціне, судзе і праўдзе; і народы будуць Ім дабраслаўляцца і Ім хваліцца.
І будзеш прысягаць: “Хай жыве Госпад” згодна з праўдай, слушна і справядліва, і народы будуць дабраслаўляцца праз цябе і будуць табою хваліцца.
Бо так кажа Гасподзь мужам Юды і Ерусаліма: узарэце сабе новыя палеткі і ня сейце сярод церня.
Гэта вось кажа Госпад мужу Юды і Ерузаліма: “Разворвайце сабе новыя палі і не кідайце насення ў церні”.
Абрэжце сябе дзеля Госпада, і здымеце крайнюю плоць з сэрца вашага, мужы Юды і жыхары Ерусаліма, каб гнеў Мой не адкрыўся, як агонь, і не запалаў непагасна ад ліхіх нахільнасьцяў вашых.
Абрэжцеся дзеля Госпада і адкіньце абрэзкі сэрцаў вашых, мужы Юды і жыхары Ерузаліма, каб часам не ўспыхнуў, як полымя, гнеў Мой ды каб не разгарэўся, і ніхто не зможа яго затушыць дзеля ліхоты ўчынкаў вашых.
Абвясьцеце ў Юдэі і агаласеце ў Ерусаліме, і гаварэце і трубеце трубою па зямлі; заклікайце голасна і кажэце: «зьбярэцеся і пойдзем ва ўмацаваныя гарады».
Абвяшчайце ў Юдэі і дайце пачуць у Ерузаліме; распавядайце і трубіце ў трубы па зямлі, крычыце моцна і кажыце: “Збіраймася і хадземце ў гарады ўмацаваныя!”
Выставіце сьцяг да Сіёна, — бяжэце, ня спыняйцеся; бо Я прывяду з поўначы бедства і вялікую пагібель.
Падыміце знак у напрамку Сіёна! Уцякайце! Не затрымлівайцеся! Бо Я прыводжу ліха з поўначы ды няшчасце вялікае.
Выходзіць леў са сваёй нетры, і выступае зьнішчальнік народаў: ён выходзіць са свайго месца, каб зямлю тваю зрабіць пусткаю; гарады твае будуць спустошаны, застануцца без жыхароў.
Выйшаў леў са свайго логавішча, і нішчыцель народаў узрушыўся. Выйшаў ён з месца свайго, каб перамяніць зямлю тваю ў пустыню; гарады твае будуць спустошаны і застануцца без жыхароў.
Таму аперажэцеся вярэтаю, плачце і галасеце, бо лютасьць гневу Гасподняга не адвернецца ад нас.
Дзеля таго апраніцеся ў зрэбніцу, падыміце лямант і галашэнне, бо не адвярнулася ад нас лютасць гневу Госпада.
І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, замрэ сэрца ў цара і сэрца ў князёў; і жахнуцца сьвятары, і дзіву дадуцца прарокі.
“І будзе ў той дзень, — кажа Госпад, — не хопіць цару адвагі, не хопіць яе і князям, святары аслупянеюць, і прарокі анямеюць”.
І сказаў я: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты зводзіў толькі народ гэты і Ерусалім, кажучы «мір будзе ў вас»; а тым часам меч даходзіць да душы?
І сказаў я: “О Госпадзе, Божа! Значыць, ашукаў Ты народ гэты і Ерузалім, калі казаў: “Супакой будзе вам”, а вось, дайшоў меч аж да самай душы”.
У той час сказана будзе народу гэтаму і Ерусаліму: пякучы вецер ляціць з вышыняў пустэльных на дарогу дачкі народа Майго, ня дзеля веяньня і ня дзеля ачышчэньня:
У той час будуць казаць народу гэтаму і Ерузаліму: “Гарачы вецер з узгоркаў, якія ў пустыні, налятае на дачку народа Майго не для правявання або ачышчэння.
і прыйдзе да Мяне адтуль вецер мацнейшы за гэты, і Я агалашу прысуд над імі.
Вецер мацнейшы за тыя прыйдзе да Мяне цяпер, і Я абвяшчу прысуд Мой на іх”.
Вось, падымаецца ён, быццам воблакі, і калясьніцы яго — як віхура, коні ганчэйшыя за арлоў; гора нам! бо мы будзем спустошаны.
Вось, ён падымаецца, нібы хмары, і, як бура, калясніцы яго, шпарчэй за арлоў коні яго. Гора нам, бо мы спустошаны!
Змый ліхое з сэрца твайго, Ерусаліме, каб выратавацца табе: дакуль будуць гнездавацца ў табе ліхамысныя думкі?
Ачысці ад ліхоты сэрца сваё, Ерузалім, каб стаўся збаўлены! Дакуль жа будуць у табе ліхія задумы?
Бо ўжо ляціць голас ад Дана і пагібельная вестка з гары Яфрэмавай:
Бо з боку Дана голас таго, хто абвяшчае, — на знак таго, хто нясе бяду з гары Эфраім.
агаласеце народам, абвясьцеце Ерусаліму, што ідуць з далёкай краіны абложнікі і крыкамі сваімі агалашаюць гарады Юдэі.
Абвясціце народам: вось яны! Дайце пачуць гэта ў Ерузаліме: “Вартаўнікі прыбываюць з далёкай зямлі і падымаюць гармідар свой над гарадамі Юдэі;
Як вартавыя палёў, яны абступаюць яго навокал, бо ён узбунтаваўся супроць Мяне, кажа Гасподзь.
быццам вартаўнікі палёў, яны сышліся над ёю навокал, бо была яна непакорнай Мне, — кажа Госпад. —
Шляхі твае і дзеі твае прычынілі табе гэта; ад тваёй бязбожнасьці табе так горка, што даходзіць да сэрца твайго.
Твой шлях і твае ўчынкі зрабілі гэта табе; гэта ліхота твая, бо яна горкая, бо кранае [нават] тваё сэрца!”
Нутроба мая! нутроба мая! смуткую ў глыбіні сэрца майго, хвалюецца ўва мне сэрца маё, не магу маўчаць; бо ты чуеш, душа мая, гук трубы, трывогу бітвы.
“Ой, улонне маё, улонне маё! Я пакутую! Сцены сэрца майго! Турбуецца ўва мне сэрца маё; не буду маўчаць, бо пачуў я гук трубы, гармідар ваенны.
Бяда за бядою: уся зямля спусташаецца, зьнянацку разбураны намёты мае, імгненна — палаткі мае.
Разбурэнне за разбурэннем прызываецца, бо спустошана ўся зямля, раптам спустошаны мае палаткі, у момант — мае шаты.
Ці доўга мне бачыць сьцяг, слухаць гук трубы?
Дакуль жа буду глядзець я на сцяг ваенны і слухаць гук трубы?”
Гэта таму, што народ Мой дурны — ня ведае Мяне: неразумныя яны дзеці, і няма ў іх глузду; яны разумныя на благое, а дабра рабіць ня ўмеюць.
“Бо неразумны народ Мой, не ведаюць Мяне; сыны дурныя і безразважныя; мудрыя, каб чыніць ліхоцце, але добрага рабіць не ўмеюць”.
Гляджу на зямлю — і вось, яна разбураная і пустая, — на нябёсы — і няма на іх сьвятла.
Зірнуў я на зямлю — і вось: яна была зусім пустая і бязлюдная; на неба — і не было святла на ім.
Гляджу на горы — і вось, яны дрыжаць, і ўсе пагоркі хістаюцца.
Зірнуў на горы, — і вось, яны трэсліся, ды ўсе ўзгоркі захісталіся.
Гляджу — і вось, няма чалавека, і ўсе птушкі нябесныя разьляцеліся.
Зірнуў, — і вось, не было чалавека, і зніклі ўсе птушкі паднебныя.
Гляджу — і вось, Карміл — пустыня, а ўсе гарады ягоныя разбураныя ад аблічча Гасподняга, ад лютасьці гневу Яго.
Зірнуў, — і вось, сад стаў пустыняй, і ўсе гарады яго знішчаны перад абліччам Госпада і перад абліччам лютасці гневу Яго.
Бо так сказаў Гасподзь: уся зямля будзе спустошана, але поўнага зьнішчэньня не дапушчу.
Вось што кажа Госпад: “Спустошана будзе ўся зямля, але загубы поўнай Я не зраблю.
Заплача па гэтым зямля, і нябёсы запамрочацца ўгары, бо Я сказаў, Я вызначыў, і не раскаюся ў тым і не адступлюся ад таго.
Таму зямлю ахопіць смутак, а цемра — цвярдыню неба. Бо Я сказаў так, пастанавіў, і не буду шкадаваць, і ад гэтага не адступлюся”.
Ад шуму верхаўцоў і стралкоў разьбягуцца ўсе гарады: яны пойдуць у густыя лясы і залезуць на скалы; усе гарады будуць пакінуты, і ня будзе ў іх ніводнага жыхара.
Ад крыку вершніка і лучніка ўцякае кожны горад; кідаюцца яны ў гушчары лясныя і ўзбіраюцца на скалы; усе гарады пакінуты, і не жыве ў іх аніводны чалавек.
А ты, спустошаная, што пачнеш рабіць? Хоць ты апранаешся ў пурпуру, хоць ты ахарошваеш сябе залатымі ўборамі, абмалёўваеш вочы твае фарбамі, але дарэмна ахарошваеш сябе; пагрэбавалі табою палюбоўнікі — яны шукаюць душы тваёй.
А ты, спустошаная, што думаеш рабіць? Хоць апранешся ў пурпур, хоць убярэшся ў залатыя бранзалеты, а вочы свае падмалюеш сурмою, надарма прыбірацца будзеш, бо пагарджаюць табою каханкі твае, цікуюць яны на душу тваю.
Бо Я чую голас як бы жанчыны-парадзіхі, стогн як бы тае, што нараджае першы раз, голас дачкі Сіёна; яна стогне, працягваючы рукі свае: «о, гора мне! душа мая зьнемагае перад забойцамі».
Чую голас быццам парадзіхі, як бы стогны першы раз нараджаючай жанчыны, — голас дачкі Сіёна, якая канае і выцягвае рукі свае: “О, гора мне, бо млее душа мая паміж забойцаў!”