Ераміі 38 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І пачулі Шэфата Матфанёнак а Ґедаля Пашгуронак а Юхал Шэлемёнак а Пашгур Малшанок словы, што Ярэма мовіў да ўсёга люду, кажучы:
І пачулі Сафація, сын Матана, Гадалія, сын Пасура, і Юкал, сын Сэлеміі, і Пасур, сын Мэльхіі, словы, якія прамаўляў Ярэмія да ўсяго народа, кажучы:
«Гэтак кажа СПАДАР: "Тый, што застанецца ў гэтым месьце, памрэць ад мяча, ад галадові а ад ліпучкі; але хто выйдзе да Хальдэяў, будзе жыць, і будзе яму душа ягоная за здабытак, і будзе жыць".
«Гэта кажа Госпад: “Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасці, хто ж пяройдзе да халдэяў, застанецца жыць, і душа яго будзе здабычаю яму, і будзе жыць”.
Гэтак кажа СПАДАР: "Канечне гэтае места будзе аддана ў руку войска караля Бабілёнскага, каторы возьме яго"».
Гэта кажа Госпад: “Дакладна, горад гэты будзе выдадзены ў рукі войска цара Бабілона, і ён здабудзе яго”».
І сказалі князі каралю: «Хай памрэць жа гэта людзіна, бо гэтак ён славе рукі вояў, што засталіся ў гэтым месьце, і рукі ўсяго люду гуканьнямі такіх словаў ім; бо гэтая людзіна ня рупіцца праз дабро гэтаму люду, але празь ліха».
Дык князі сказалі цару: «Мы прасілі забіць гэтага чалавека, бо ён наўмысна аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, калі да іх гаворыць падобныя словы. Чалавек гэты не шукае спакою для гэтага народа, але няшчасця!»
І сказаў кароль Сэдэка: «Вось, ён у руках вашых, бо кароль ня можа нічога зрабіць напярэк вам».
І сказаў цар Сэдэцыя: «Вось, ён у вашых руках! Не можа бо цар ні ў чым вам запярэчыць».
Тады ўзялі Ярэму й кінулі яго ў лёх Малхіі каралевіча, што на панадворку вязьніцы, і спусьцілі Ярэму на паварозах; а ў лёху ня было вады, але балота; дык Ярэма ўграз у балоце.
І ўзялі яны Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Мэльхія, сына цара, якая знаходзілася на вартавым панадворку. І спусцілі Ярэмію на вяроўках. І не было ў яме вады, адно балота; і, такім чынам, трапіў Ярэмія ў бруд.
І пачуў Евед-Мелех, Ефіоплянін, легчанец, каторы быў у доме каралеўскім, што яны ўкінулі Ярэму ў лёх; кароль жа сядзеў у браме Веняміновай.
І пачуў Абэд-Мэлек з Этыёпіі, адзін з еўнухаў, што быў у доме цара, што Ярэмію кінулі ў яму, а цар сядзеў акурат у браме Бэньяміна,
Евед-Мелех вышаў з каралеўскага дому і гукаў каралю, кажучы:
і выйшаў Абэд-Мэлек з дома цара, і прамовіў цару, кажучы:
«Гаспадару мой, каролю! ліха зрабілі гэтыя людзі ўсім тым, што зрабілі Ярэме прароку, каторага ўкінулі ў лёх: ён жа памрэць там, ідзе ён ёсьць, з голаду, бо няма ўжо хлеба ў месьце».
«Валадару мой, цар! Гэтыя людзі зрабілі благое ўва ўсім, што ўчынілі прароку Ярэмію, укідваючы яго ў яму. Бо памрэ ж ён з голаду там, тым больш што няма ўжо хлеба ў горадзе!»
Тады кароль расказаў Евед-Мелеху, Ефіопляніну, кажучы: «Вазьмі адгэтуль трыццацёх чалавекаў із сабою і выцягні Ярэму прароку зь лёху, пакуль не памер».
І загадаў цар Абэд-Мэлеку з Этыёпіі, кажучы: «Вазьмі сабе адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ».
Дык Евед-Мелех узяў людзёў із сабою, і пайшоў да дому каралеўскага пад скарбніцу, і ўзяў стуль старое кіненае адзежы а старога збуцьвелага рызьзя, і спусьціў іх паварозамі Ярэме да лёху.
І Абэд-Мэлек, узяўшы з сабою людзей, пайшоў у дом цара, у пакой, што быў пад скарбніцай, узяў адтуль анучы са старога адзення ды лахманы і спусціў іх на вяроўках Ярэмію ў яму.
І сказаў Евед-Мелех, Ефіоплянін, Ярэме: «Палажы ж старую кіненую адзежу й мяккое рызьзё пад пахі рук сваіх пад паварозы». І Ярэма зрабіў гэтак.
І сказаў Абэд-Мэлек з Этыёпіі Ярэмію: «Падкладзі сабе гэтыя старыя анучы пад пахі і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак.
Дык пацягнулі Ярэму паварозамі і ўзьвялі яго зь лёху, і Ярэма застаўся на панадворку вязьніцы.
І выцягнулі Ярэмію на вяроўках, і дасталі яго з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку варты.
Тады кароль Сэдэка паслаў, і ўзяў Ярэму прароку да сябе, да трэйцяга ўходу дому СПАДАРОВАГА, і сказаў кароль Ярэме: «Папытаюся ў цябе штось, не таі нічога ад мяне».
Тады цар Сэдэцыя паслаў прывесці прарока Ярэмію да яго, да трэцяга ўваходу, які быў у доме Госпада. І сказаў цар Ярэмію: «Папытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не ўтойвай нічога ад мяне!»
Тады Ярэма сказаў Сэдэку: «Калі я скажу табе, ці ты напэўна ня зробіш імне сьмерці? і калі я дам табе раду, ты не паслухаеш мяне».
І сказаў Ярэмія Сэдэцыі: «Калі прадкажу табе, хіба не заб’еш мяне? А калі дам табе раду, не паслухаеш мяне».
Дык Сэдэка кароль прысягаў Ярэме патай кажучы: «Жыў СПАДАР, Каторы ўчыніў нам душу гэту, я не зраблю табе сьмерці і не аддам цябе ў руку тых людзёў, што шукаюць душы твае».
І прысягнуў цар Сэдэцыя патаемна Ярэмію гэтымі словамі: «Жывы Госпад, Які даў нам гэтую душу, не заб’ю цябе і не выдам цябе ў рукі людзей, тых, якія цікуюць на тваю душу!»
І сказаў Ярэма Сэдэку: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог войскаў, Бог Ізраеляў: "Калі ты самахоць выйдзеш да князёў караля Бабілёнскага, тады душа твая будзе жыць, і гэтае места ня будзе спалена цяплом, і будзеш жыць ты а дом твой.
Тады Ярэмія сказаў Сэдэцыі: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля. Калі ты добраахвотна выйдзеш да князёў цара Бабілона, то будзе жыць душа твая, і горад гэты не будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой.
Але калі ты ня выйдзеш да князёў караля Бабілёнскага, тады места гэтае будзе аддана ў руку Хальдэяў, і яны спаляць яго цяплом, і ты не ўцячэш ад рукі іхнае"».
Калі ж не выйдзеш да князёў цара Бабілона, то горад гэты трапіць у рукі халдэяў, і спаляць яго агнём, і сам ты не ўхаваешся ад рукі іх».
І сказаў Сэдэка кароль Ярэме: «Я баюся Юдэяў, што перайшлі да Хальдэяў, каб яны не аддалі мяне ў руку іх, і каб тыя не насьміяліся зь мяне».
І сказаў цар Сэдэцыя Ярэміі: «Я баюся жыхароў Юдэі, якія перайшлі да халдэяў, каб яны часам не выдалі мяне ў іх рукі і каб не здзекаваліся з мяне».
І сказаў Ярэма: «Не аддадуць; паслухай жа голасу СПАДАРОВАГА, што я кажу табе, дык будзе добра табе, і душа твая будзе жыва.
Ярэмія адказаў: «Не выдадуць яны цябе. Паслухай, калі ласка, голасу Госпада ў справе, аб якой я табе кажу, і выйдзе табе гэта на добрае, і будзе жыць душа твая.
Але калі ты адмовішся выйсьці, во слова, што аб’явіў імне СПАДАР:
Калі ж адмовішся выйсці, вось слова, якое паказаў мне Госпад:
"І вось, усі жонкі, засталыя ў доме караля Юдэйскага, будуць выведзены да князёў караля Бабілёнскага, і скажуць яны: "Спадманулі цябе й перамаглі цябе хаўрусьнікі твае; угразьлі ногі твае ў балота, яны адвярнуліся назад’.
“Вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юды, вядуцца да князёў цара Бабілона і крычаць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразлі ў балоце, а яны ўцяклі ад цябе.
І ўсі жонкі твае а дзеці твае вывядуць да Хальдэяў, і ты не ўцячэш ад рукі іхнае, але будзеш схоплены рукою караля Бабілёнскага, і ты прычыніш, што места гэтае будзе спалена цяплом"».
І ўсе жонкі твае, і сыны твае будуць заведзены да халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іх, але будзеш схоплены рукою цара Бабілона; і горад гэты будзе спалены агнём”».
Тады сказаў Сэдэка Ярэме: «Няхай ніхто ня ведае гэтыя словы, і ты не памрэш.
І сказаў Сэдэцыя Ярэміі: «Хай ніхто не ведае гэтых слоў, і ты не памрэш!
А калі князі пачуюць, што я мужаваў із табою, і прыйдуць да цябе, і скажуць табе: "Азнаймі нам, што ты казаў каралю, не таі ад нас, і мы ня зробім табе сьмерці, — і таксама, што казаў кароль табе";
Калі ж пачуюць князі, што я гаварыў з табой, прыйдуць яны да цябе і скажуць табе: “Скажы нам, аб чым гаварыў ты з царом? Нічога не хавай перад намі, тады не заб’ём цябе! Дык што табе казаў цар?”
Тады скажы ім: "Я выказаў сваю просьбу каралю, каб ён не зьвярнуў мяне да дому Ёнафановага, каб не памерці там"».
Тады ты скажаш ім: “Я ўзносіў свае маленні да цара, каб ён не загадаў зноў вярнуцца мне ў дом Ёнатана, бо там я памру”».
І прышлі ўсі князі да Ярэмы, і папыталіся ў яго, і ён сказаў ім подле ўсіх тых словаў, што кароль расказаў. Дык яны пакінулі гаворку зь ім, бо справы не пачулі.
І сапраўды прыйшлі да Ярэміі ўсе князі і запыталіся ў яго. І ён адказаў ім згодна з усім тым, што загадаў яму цар, і пакінулі яго ў супакоі, бо ніхто нічога не пачуў, пра што яны гаварылі.
Дык заставаўся Ярэма на панадворку вязьніцы да тога дня, калі быў узяты Ерузалім, і ён быў, як Ерузалім быў узяты.
І сядзеў Ярэмія далей на панадворку варты аж да дня, калі быў здабыты Ерузалім.