Ераміі 31 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

«Таго часу, агалашае СПАДАР, — Я буду Богам усім радзімам Ізраелявым, і яны будуць Маім людам».
 
«У той час, — кажа Госпад, — Я буду Богам для ўсіх плямёнаў Ізраэля, а яны будуць Мне народам».

Гэтак кажа СПАДАР: «Знашоў ласку на пустыні люд, засталы ад мяча, як Я пайшоў супакоіць Ізраеля».
 
Гэта кажа Госпад: «Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад меча. Ізраэль пойдзе да месца супачынку свайго».

Здалеку СПАДАР зьявіўся імне, кажучы: «Але, Я палюбіў цябе вечнай любосьцяй, затым цягну цябе міласэрдзям.
 
Госпад аб’явіўся мне здалёк: «Я ўзлюбіў цябе любоўю вечнаю, дзеля таго прыгарнуў цябе з міласэрнасцю.

Ізноў Я ўладжу цябе, і ты будзеш уладжана, дзеўка Ізраелява, ізноў ты будзеш прыбірацца тамбурынамі і йсьці ў скокі з тымі, што вяселяцца;
 
Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзева Ізраэля. Ты зноў аздобішся бубнамі сваімі і выйдзеш у карагодзе вясёлым.

Ты яшчэ пасадзіш віны на гарах самарскіх, саджэньнікі будуць садзіць і есьці як звычайную еміну;
 
Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на ўзгорках Самарыі, і будуць садзіць іх і збіраць вінаград земляробы.

Бо настане дзень, калі вартаўнікі агалосяць на гары Яхрэмавай: "Уставайце, пойдзем на гару Сыён да СПАДАРА, Бога свайго"».
 
Надыдзе бо дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыдзем на Сіён да Госпада, Бога нашага”.

Бо гэтак кажа СПАДАР: «Пяіце з радасьцяй Якаву й гукайце сьпераду народаў, агалашайце, хваліце й кажыце: "СПАДАР выбавіў люд Свой, астачу Ізраеля".
 
Бо вось што кажа Госпад: “Спявайце радасна ў гонар Якуба, усклікайце перад першым між народамі! Абвяшчайце, спявайце і кажыце: “Збаў, Госпадзе, народ Твой, рэшту Ізраэля!”

Гля, Я прывяду іх із паўночнага краю і зьбяру іх із старонаў зямлі, зь імі нявісны а кульгавы, цяжарная а радзіха разам: вялікая грамада зьвернецца сюды.
 
Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і збяру іх з канцоў зямлі, між імі будуць сляпы і кульгавы, жанчына цяжарная і парадзіха разам: вялікая грамада тых, што вяртаюцца сюды.

Яны пойдуць із плачам, і Я прывяду іх назад із малітвамі; ўчыню, што яны будуць ісьці ля цур’ёў водаў на простую сьцежку, на каторай яны не спатыкнуцца; бо Я быў айцец Ізраеля, і Яхрэм пяршак Мой».
 
Яны выйшлі плачучы, але Я прывяду іх з радасцю, Я павяду іх праз ручаі водныя, дарогай прамой, і не будуць яны спатыкацца на ёй, бо Я стаўся для Ізраэля бацькам, а Эфраім — першародны Мой”».

Слухайце слова СПАДАРОВА, о народы, і абясьціце далёкім абтокам, і скажыце: «Хто разьвеяў Ізраеля, Тый і зьбярэць яго і будзе сьцерагчы яго, як пастыр чараду сваю»;
 
Народы, паслухайце слова Госпада, і абвясціце на астравах, што воддаль, і скажыце: «Той, Хто расцярушыў Ізраэля, збярэ яго; і будзе берагчы яго, як пастух статак свой».

Бо СПАДАР адкупіў Якава і выбавіў яго з рукі дужшага за яго.
 
Адкупіў бо Госпад Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго.

«І яны прыйдуць, і будуць пяяць на вышыні Сыёну; і пабягуць да дабрыні СПАДАРОВАЕ, да збожжа а да віннога соку а да алівы а да ягнят а да буйнога статку; і душа іхная будзе, як наводнены гарод, і наперад смуціцца ані ня будуць.
 
І прыйдуць яны, і будуць спяваць хвалу на гары Сіён, і прыгарнуцца да даброццяў Госпада: збожжа, і віна, і аліўкавага алею, ягнят і цялят; і душа іх станецца, як сад абводнены, і не будуць яны больш прагнуць.

Тады дзеўка будзе цешыцца ў скоках, разам маладзёны й старыя, бо абярну жалобу іхную ў радасьць, і пацешу іх, і ўчыню, што яны будуць цешыцца па смутку сваім.
 
«Тады будзе радавацца дзяўчына ў карагодзе, і юнакі, і старыя ўсе разам. І замяню Я смутак іх на радасць, і пацешу іх, і ўзвесялю па іх пакутах.

І насычу душу сьвятароў тукам, і люд мой будзе здаволены з дабрыні Мае», — агалашае СПАДАР.
 
І насычу душу святароў тлустасцю, а народ Мой будзе напоўнены дабротамі Маімі», — кажа Госпад.

Гэтак кажа СПАДАР: «Голас чутны ў Раме, галашэньне, гаркі плач: Рахеля плача па сынох сваіх і адмаўляецца пацешыцца зь дзяцей сваіх, бо іх няма».
 
Гэта кажа Госпад: «Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне Ракелі, якая аплаквае сыноў сваіх і не хоча супакоіцца дзеля іх, бо няма іх».

Гэтак кажа СПАДАР: «Зьдзяржы голас свой ад плачу і вочы свае ад сьлізы, бо за працу тваю будзе заплачана, — кажа СПАДАР, — і яны зьвернуцца ізь зямлі непрыяцельскае.
 
Гэта кажа Госпад: «Хай супакоіцца твой голас ад плачу і вочы твае ад слёз, бо ёсць узнагарода за працу тваю, — кажа Госпад, — і яны вернуцца з зямлі варожай.

І ё надзея на будучыню тваю, — агалашае СПАДАР, — і зьвернуцца сынове твае да граніцаў сваіх.
 
І ёсць надзея дзеля будучыні тваёй, — кажа Госпад, — і вернуцца сыны ў межы свае».

Я выразьліва чуў як Яхрэм каецца: "Ты зырыў мяне, і я зазыраны, як бычок ненавытыраны; навярні мяне, — і я навярнуся, бо Ты — СПАДАР Бог мой;
 
Слухаў Я і пачуў перасяленца Эфраіма: «Пакараў Ты мяне, і я навучаны, як нерахманае цяля. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — Госпад, Бог мой!

Бо просьле тога, як я навярнуўся, я пакаяўся, і просьле тога, як я быў навучаны, я біў сябе па сьцягне; я быў засаромлены, але, нават паганбены, бо насіў ганьбу маладосьці свае".
 
Як бо навярнуў Ты мяне, я пакаяўся, а калі паказаў Ты мяне, я ўдарыў па сцёгнах сабе, засаромеўся і пачырванеў, бо атрымаў я за ганьбу маладосці сваёй».

Ці Яхрэм не дарагі сын Мой? ня любовае дзяцё? бо адгэнуль, як Я гукаў супроці яго, Я рупатліва ўспамінаў яго яшчэ, бо нутр Мой парушаецца па ім; Я спагадаю, паспагадаю яму, — агалашае СПАДАР.
 
«Ці ты, Эфраім, не дарагі сын Мой і ці не мілае дзіця? Бо колькі разоў гаварыў Я пра яго, а ён усё прыгадваецца Мне? Таму знемаглося нутро Маё дзеля яго, і, шкадуючы, пашкадую яго», — кажа Госпад.

Пастаў дарожныя показі, насып капцы, павярні сэрца свае на гасьцінец, на дарогу, каторай ты йшла; зварачайся, дзеўка Ізраелява, зварачайся да гэтых местаў сваіх.
 
Пастаў сабе камяні, парасстаўляй сабе знакі на дарогах, звярні сэрца сваё на дарогу, на шлях, якім ішла; вярніся, дзева Ізраэля, вярніся да гэтых гарадоў сваіх!

Пакуль ты будзеш хістацца, адпалая дачка? бо СПАДАР стварыў новую рэч на зямлі: жонка агорне мужа».
 
Дакуль будзеш бадзяцца, дачка непакорлівая? Госпад бо стварыў навіну на зямлі: жанчына збавіць мужа.

Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Яшчэ будуць ужываць гэтага слова на зямлі Юды і ў местах ягоных, як Я зьвярну палон іхны: "СПАДАР дабраслаў цябе, сяліба справядлівасьці, гара сьвятасьці!"
 
Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дагэтуль будуць гаварыць гэтае слова ў зямлі Юдэйскай і ў гарадах яе, калі Я перамяню лёс іх: “Хай дабраславіць цябе Госпад, жытло справядлівасці, гара святая”.

І будуць жыць там разам Юда а ўсі месты ягоныя а ралейнікі а тыя, што пераганяюць народы.
 
І абжывуцца ў ёй Юда, і ўсе разам гарады яе, земляробы і тыя, што за статкам ходзяць.

Бо Я насычу стомленую душу і нанава напоўню кажную выпятраную душу».
 
Бо напаю Я душу знямоглую, і кожную душу згаладнелую накармлю».

Пры гэтым я прачхнуўся, агледзеўся, і сон мой быў прыемны імне.
 
На гэтым як бы ад сну я прачнуўся і глянуў, і сон мой быў мне прыемны.

«Вось, настануць дні, — кажа СПАДАР, — калі Я засею дом Ізраеляў а дом Юдзін сяўбою людзіны й сяўбою статку.
 
«Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я засею дом Ізраэля і дом Юды семем людзей і семем жывёлы.

І станецца: як Я меў чукавасьць над імі, каб выкараняць а трышчыць а ськідаць а нішчыць а немарасьціць; так Я буду мець чукавасьць над імі, каб ладзіць а садзіць, — агалашае СПАДАР. —
 
І як рупіўся Я пра іх, каб вырываць і нішчыць, раскідваць, губіць і пераследаваць, так буду рупіцца пра іх, каб адбудаваць іх і засадзіць — кажа Госпад.

Тых дзён ня скажуць болей: "Айцове елі кіслае віно, а ў дзяцей на зубах — аскома";
 
У тыя дні не будуць яны ўжо казаць: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здранцвелі”,

Але кажны будзе паміраць за бяспраўе свае, кажны, што будзе есьці кіслае віно, нажане аскому на зубы свае.
 
але кожны памрэ за сваю злачыннасць, і ў кожнага чалавека, які будзе есці горкія ягады, здранцвеюць зубы яго.

Абач, настаюць дні, — агалашае СПАДАР, — што Я ўчыню з домам Ізраелявым а з домам Юдзіным новую змову.
 
Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет.

Ня подле змовы, што Я ўчыніў із айцамі іхнымі ў дзень, калі Я ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх ізь зямлі Ягіпецкае, каторую змову Маю яны ўзрушылі, дарма што Я быў Мужам да іх, — агалашае СПАДАР; —
 
Не такі запавет, які заключыў Я з бацькамі іх, у дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, запавет, які яны парушылі, а Я ж валадарыў над імі, — кажа Госпад.

Але во змова, што Я ўчыню з домам Ізраелявым просьле тых дзён, — агалашае СПАДАР: — Я ўлажу права сваё ў нутр іхны і на сэрцах іхных напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Імне людам.
 
Але вось якім будзе запавет, які Я заключу з домам Ізраэля па тых днях, — кажа Госпад, — Я размяшчу закон Мой у нутры іх ды ў сэрцы іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам.

І наперад вучыць ня будуць адзін аднаго і брат брата свайго, кажучы: "Пазнай СПАДАРА", бо ўсі яны будуць знаць Мяне, ад найменшага аж да найбольшага зь іх, — кажа СПАДАР, — бо Я дарую бяспраўе іхнае і наперад грэху іхнага ня ўспомню».
 
І не будзе вучыць болей чалавек блізкага свайго і брат брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, бо ўсе ад найменшага з іх аж да найбольшага будуць ведаць Мяне, — кажа Госпад, — бо Я прабачу злачынствы ім і пра грахі іх не буду больш узгадваць».

Гэтак кажа СПАДАР, што даець сонца на дзянную сьвятліню, загады месяцу а гвездам на сьвятліню ночы, што кратае моры, як хвалі іх равуць; СПАДАР Бог войскаў — імя Ягонае.
 
Гэта кажа Госпад, Які дае сонца, як свяціла дня, парадак месяцу і зоркам, як свяцілам ночы, Які хвалюе мора, што шумяць хвалі яго, імя Яму — Госпад Магуццяў:

«Калі гэтыя загады аддаляцца ад віду Майго, — агалашае СПАДАР, — дык таксама насеньне Ізраелява перастане быць народам перад Імною на векі».
 
«Калі б зніклі гэтыя законы перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — тады б знікла і насенне Ізраэля і не было б перада Мною народам на ўсе дні.

Гэтак кажа СПАДАР: «Калі можна памераць нябёсы ўгары і под зямлі скумаць далавах, то Я таксама адхіну ўсе насеньне Ізраелява за ўсе, што яны зрабілі», — агалашае СПАДАР.
 
Гэта кажа Госпад: “Калі магчыма будзе змерыць неба ўгары і даследаваць падваліны зямлі ўнізе, тады і Я адкіну ўсё семя Ізраэля за ўсё тое, што яны зрабілі”, — кажа Госпад.

«Абач, настаюць дні, — кажа СПАДАР, — што места будзе збудавана СПАДАРУ ад вежы Гананеля аж да Рагавое брамы,
 
“Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі будзе адбудаваны горад Госпада ад вежы Хананээль аж да вонкавай брамы.

І мерны шнюр пойдзе далей аж да ўзгорку Гарыва і акружа Гоаф,
 
І будзе цягнуцца далей шнур для мерання наўпрост, аж да ўзгорка Гарэб, ды зверне на Гоа.

І ўся даліна трупоў а попелу, і ўсі полі аж да ручая Кідрону, аж да вугла Конскае брамы на ўсходзе будуць сьвятасьцю СПАДАРУ; яна болей не разбурыцца ані зьнішчыцца на векі».
 
І ўся лагчына трупаў і попелу, ды ўсё наваколле аж да ручая Цэдрон, да рога брамы Конскай на ўсход — святыня Госпада, і не будуць яны ўжо больш знішчаныя і зруйнаваныя навекі”».