Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 29 Ярэміі 29 разьдзел

1 Такімі вось былі словы ліста, які Ярэмія прарок з Ерузаліма паслаў да застаўшыхся старэйшын перасяленцаў, да святароў, да прарокаў і да ўсяго народа, які Набукаданосар вывеў з Ерузаліма ў Бабілон,
2 пасля таго, як цар Ёахін, і царыцы, і еўнухі, і князі Юды ды Ерузаліма, а таксама каваль і залатар выйшлі з Ерузаліма,
3 паслаў праз Эласу, сына Сафана, і праз Гамарыю, сына Хэлькіі, якіх паслаў Сэдэцыя, цар Юдэйскі, да Набукаданосара, цара Бабілона, у Бабілон, кажучы:
4 «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, да ўсіх перасяленцаў, якіх Я перасяліў з Ерузаліма ў Бабілон:
5 “Будуйце дамы і жывіце, разводзьце сады і спажывайце іх плады.
6 Бярыце сабе жонак ды нараджайце сыноў і дачок, і давайце жонак для сваіх сыноў, і аддавайце дачок вашых замуж, каб нараджалі сыноў і дачок; і памнажайцеся там, ды хай вас не меншае!
7 І дбайце пра супакой для горада, у які Я вас выслаў, і маліцеся за яго да Госпада, бо ў супакоі яго будзе і вам супакой”.
8 Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Не дайце сябе звесці прарокам вашым, якія сярод вас, і праз вашых варажбітоў; не звяртайце ўвагі на вашы сны, якія сніце,
9 бо яны вам праракуюць фальшыва ў імя Маё, а Я не пасылаў іх”, — кажа Госпад.
10 Гэта вось кажа Госпад: “Калі ў Бабілоне споўніцца семдзесят гадоў, Я наведаю вас і здзейсню для вас Сваё спагаднае слова, каб зноў вас вярнуць на гэтае месца.
11 Я бо ведаю намеры, якія маю адносна вас, — кажа Госпад, — намеры супакою, а не гора, каб даць вам будучыню і надзею.
12 І вы будзеце прызываць Мяне, і пойдзеце, і будзеце маліцца Мне, і Я выслухаю вас.
13 І будзеце шукаць Мяне, і знойдзеце, калі будзеце шукаць Мяне ўсім сэрцам вашым.
14 І Я зраблю, што вы знойдзеце Мяне, — кажа Госпад, — і адмяню няволю вашу ды збяру вас з асяроддзя ўсіх народаў ды з усіх месцаў, у якія Я выгнаў вас, — кажа Госпад, — і дазволю вам вярнуцца ў месца, з якога Я перасяліў вас”.
15 Бо вы кажаце: “Паставіў нам Госпад прарокаў у Бабілоне!”
16 Бо гэта кажа Госпад да цара, які сядзіць на пасадзе Давіда, і да ўсяго народа, які жыве ў гэтым горадзе, да братоў вашых, якія не выйшлі з вамі на выгнанне;
17 вось што кажа Госпад Магуццяў: “Вось, Я пашлю на іх меч, голад і пошасць, і зраблю з імі так, як з ліхімі фігамі, якія не надаюцца да ежы.
18 І Я буду пераследаваць іх мечам, голадам і пошасцю, і дам іх усім царствам зямлі на застрашванне, і на праклён, на здзіўленне, на пасмяянне, і на ганьбу ўсім народам, да якіх Я выгнаў іх,
19 за тое, што яны не слухалі слоў Маіх, — кажа Госпад, — якія Я пасылаў ім праз паслугачоў Маіх, прарокаў, падымаючыся ноччу і пасылаючы, а вы не слухалі, — кажа Госпад. —
20 Дык слухайце слова Госпада, усе перасяленцы, якіх Я выправіў з Ерузаліма ў Бабілон”.
21 Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, пра Ахаба, сына Калая, і Сэдэцыю, сына Маасіі, якія праракавалі вам падманна ў імя Маё: “Вось, Я выдам іх у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, і ён заб’е іх на вашых вачах.
22 І з іх будзе ўзяты прыклад праклёну для ўсіх перасяленцаў з Юды, што знаходзяцца ў Бабілоне і якія будуць казаць: “Хай зробіць табе Госпад, як Сэдэцыі і як Ахабу, якіх цар Бабілона падсмажыў на агні!”
23 Яны бо паводзілі сябе ганебна ў Ізраэлі, і чужаложылі з жонкамі блізкіх сваіх, і абвяшчалі ў імя Маё слова падманнае, чаго Я ім не даручаў. Я ведаю аб гэтым, і Я сведка”, — кажа Госпад.
24 А Сямэі з Нагэлама скажаш:
25 “Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “За тое, што ты паслаў у сваё імя да ўсяго народа, які ёсць у Ерузаліме, і да Сафоніі, сына Маасіі, святара, і да ўсіх святароў ліст такога зместу:
26 “Госпад паставіў цябе святаром замест Ёяды святара, каб ты быў наглядчыкам у доме Госпада над кожным шалёным і праракуючым, каб яго закаваў у калодкі і кайданы”.
27 А цяпер чаму не забараняеш Ярэміі з Анатота, які вам праракуе?
28 Бо ён наконт гэтага прыслаў да нас, у Бабілон, вестку, кажучы: “Надоўга гэта. Будуйце дамы і жывіце, разводзьце сады, і спажывайце плады іх!”»
29 Святар Сафонія прачытаў гэты ліст у прысутнасці прарока Ярэміі.
30 І было слова Госпада да Ярэміі, кажучы:
31 «Пашлі да кожнага перасяленца, кажучы: “Гэта кажа Госпад аб Сямэі з Нагэлама: “За тое, што праракаваў вам Сямэя, а Я не пасылаў яго, і ён умацоўваў ваша спадзяванне на няпраўду,
32 за гэта, — так кажа Госпад, — вось, Я наведаю Сямэю з Нагэлама і патомства яго. Не будзе ў яго нікога, хто б жыў сярод гэтага народа, і не ўбачыць ён дабра, якое Я зраблю народу Майму, — кажа Госпад, — бо ён абвяшчаў, крывадушна здрадзіўшы Госпаду”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 29 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017